Фонд свабоды Акселя Шпрынгера прапанаваў перайменаваць участак вуліцы каля амбасады Беларусі ў Берліне ў «вуліцу Марыі Калеснікавай». Адпаведная петыцыя з'явілася на сайце change.org, паведамляе Bild.
Фонд свабоды Акселя Шпрынгера прапануе перайменаваць участак вуліцы каля амбасады Беларусі ў Берліне (Am Treptower Park 31) на Maria-Kolesnikowa-Street.
«Мы ўсведамляем, што працэс афіцыйнага перайменавання вуліц — ці частак вуліц, як у гэтай кампаніі — можа быць доўгім і цяжкім. Аднак паводле закону гэта магчыма, і мы хочам зрабіць рашучы крок. Для палітвязняў гэта больш, чым проста вулічны знак», — гаворыцца ў тэксце петыцыі.
Петыцыі аб перайменаванні вуліц — гэта частка кампаніі «Адрас свабоды» ў абарону палітычных зняволеных, ініцыяванай Фондам свабоды Акселя Шпрынгера ў партнёрстве з «Рэпарцёрамі без межаў», Freedom House, Сусветным кангрэсам свабоды і Цэнтрам Рауля Валенберга.
У верасні 2021 года Марыю Калеснікаву пакаралі 11 гадамі зняволення паводле абвінавачанняў у «змове з мэтаю захопу ўлады», «закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі» і «стварэнні экстрэмісцкага фармавання».
Каментары