Лукашэнка 2 лютага падпісаў указ №41, якім вызначаюцца гранічна дапушчальныя тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі, паведаміла ягоная прэс-служба.
З дакумента вынікае, што аплата за жыллёва-камунальныя паслугі для беларусаў у разліку на двухпакаёвую кватэру, у якой жывуць тры чалавекі, пры нарматыўным спажыванні імі паслуг вырасце на 20 рублёў, ці 0,5 базавай велічыні ў 2024 годзе.
Вызначана, што тарыфы будуць павышаныя ў два этапы. Так, з 1 студзеня 2024 года рост усіх ЖКП, за выключэннем ацяплення і гарачай вады, складзе 10,35 рубля. Акрамя таго, з 1 чэрвеня 2024 года на 9,65 рубля вырастуць тарыфы на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне.
Удакладняецца, што плацяжы для беларусаў у разліку на тыпавую двухпакаёвую кватэру ў ацяпляльны сезон складуць прыкладна 173,15 рубля, а летам — 132,86 рубля.
Згодна з разлікамі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, у 2024 годзе ўдзельная вага ЖКП у даходзе сям'і з трох чалавек, але з умовай двух асоб, якія працуюць і атрымліваюць сярэдні заробак па краіне, складзе 4,1%, а для сям'і з двух пенсіянераў — 9,1%.
Ва ўмовах павелічэння жыллёва-камунальных плацяжоў, праўда, абяцаюць аказаць дзяржпадтрымку пэўным катэгорыям насельніцтва праз наданне безнаяўных жыллёвых субсідый. Субсідыі плануецца даваць грамадзянам і сем'ям адрасна і пры ўмове, што штомесячная сума за камуналку большая за 20% ад сярэднямесячнага сукупнага даходу ў горадзе, а ў сельскай мясцовасці — 15%.
Каментары