Ва Украіне актывісты патрабуюць расследаваць дзейнасць беларускага «караля кантрабанды»
Ужгарадскі гарадскі і раённы суд Закарпацкай вобласці абавязаў абласное Следчае ўпраўленне Нацыянальнай паліцыі пачаць дасудовае расследаванне для праверкі фактаў, выкладзеных у заяве грамадскай арганізацыі «Нон-стоп» аб незаконным гандлі цыгарэтамі і алкаголем бізнэсоўца Артура Гранца, які мае беларускі пашпарт, піша «Радыё Свабода».
Як высветлілі актывісты грамадскай арганізацыі, Артур Гранц за час поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны стаў «адзіным лідарам продажу цыгарэт праз сістэмы Duty Free». Арганізацыя назвала яго «каралём кантрабанды».
Згодна з інфармацыяй арганізацыі, Артур Гранц — бенефіцыяр украінскага ТАА «Д’юті Фрі Трейдінг», якое займаецца безакцызным продажам цыгарэт праз сістэму Duty Free.
У апублікаваным матэрыяле актывістаў згадваецца, у прыватнасці, пункт пропуску «Парубнае — Сірэт» на мяжы з Румыніяй. Толькі ў 2022 годзе там рэалізавалі 4 252 700 пачак цыгарэт — па 25 пачак на кожнага грамадзяніна, які перасякаў мяжу.
Як адзначаецца ў расследаванні актывістаў, кампанія Артура Гранца афармляла продаж цыгарэт на грамадзян, якія перасякалі мяжу, а насамрэч прадавала тытунь кантрабандыстам, якія далей рэалізоўвалі тавар у краінах Еўрасаюза.
Паводле звестак арганізацыі «Нон-стоп», Артур Гранц валодаў крамамі бязмытнага гандлю ў кіеўскіх аэрапортах «Барыспаль» і «Жуляны», а таксама ў іншых аэрапортах Украіны.
«Толькі за лістапад-снежань 2020 года крамы бязмытнага гандлю ў аэрапорце «Кіеў» («Жуляны») «прадалі пасажырам, фармальна, паводле дакументаў, 530 584 блокі цыгарэт — па 23 блокі на кожнага чалавека. Насамрэч людзі нават не ведалі, што яны «набылі» скрыні цыгарэт. У той жа час гэтыя тытунёвыя вырабы развозіліся ў нелегальныя гандлёвыя пункты на тэрыторыі Украіны, дзе іх рэалізавалі за гатоўку», — адзначаецца ў расследаванні грамадскай арганізацыі.
Аналагічную схему выкарыстоўвалі і пры рэалізацыі алкагольных напояў — акцызны падатак не сплачваўся, бо фармальна прадукцыя нібыта вывозілася за мяжу.
Паводле інфармацыі актывістаў, Артур Гранц валодае больш як 35 крамамі бязмытнага гандлю ў Беларусі і «мае партнёрства з Кіраўніцтвам спраў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, на падставе чаго можна меркаваць, што бізнэсовец з'яўляецца партнёрам Лукашэнкі».
Актывісты сцвярджаюць, што Артур Гранц мае беларускае грамадзянства, а два ягоныя сыны — Давід і Арман — жывуць у Падмаскоўі і маюць ва ўласнасці некалькі гандлёвых кампаній, такіх як ТАА «Авангард» і ТАА «Міка Холдынг». Таксама побач з імі жыве і займаецца бізнэсам у сферы гандлю іхні брат Марэн Гранц, які з'яўляецца ўласнікам ТАА «Маг-Інтер».
Артур Гранц — канцавы бенефіцыяр 12 украінскіх кампаній, некаторыя з якіх зарэгістраваныя на Кіпры, як мяркуюць актывісты, «для пазбягання падаткаў і вываду грошай, атрыманых ад рэалізацыі злачынных схем».
У 2020 годзе праз адну з такіх кампаній Артур Гранц стаў уласнікам украінскага часопіса Forbes.
На падставе сваіх матэрыялаў арганізацыя звярнулася ў некалькі ўкраінскіх судоў з патрабаваннем правесці праверку «незаконнага афармлення» продажу тытунёвых вырабаў і алкагольных напояў на асобаў, якія перасякалі мяжу ў кірунку еўрапейскіх краін.
Артур Гранц нарадзіўся ва Украіне. Пасля распаду СССР ягоныя бацькі пераехалі ў Беларусь, дзе ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
Ва Украіне ён жыў на падставе дазволу на жыхарства, але ў 2021 годзе выехаў з Украіны ў Іспанію, дзе ў яго ёсць нерухомасць.
Паводле ўкраінскіх СМІ, Артур Гранц мае рэпутацыю паспяховага і ўстойлівага бізнэсоўца. Ён не каментаваў публічна такія абвінавачанні.
Каментары
Камуністам случакам ня седзіцца