Суд у Расіі спыніў справу супраць музея аб прапагандзе нацызму за лозунг «Жыве Беларусь!»
Гісторыя з лозунгам, які напісалі на сцяне музея «Эрарта», цягнулася пару месяцаў. Абарона сцвярджала, што ўспрымаць «Жыве Беларусь» негатыўна можна толькі ў адным выпадку.
Суд Санкт-Пецярбурга спыніў справу аб «прапагандзе або публічным дэманстраванні нацысцкай атрыбутыкі або сімволікі» супраць мясцовага музея «Эрарта».
У сярэдзіне ліпеня на музей склалі адміністрацыйны пратакол за графіці «Жыве Беларусь!» пад карцінай «Фестываль» вядомага беларускага мастака Сяргея Грыневіча.
Згодна з пратаколам, надпіс знайшлі на чацвёртым паверсе музея ў пачатку чэрвеня. Музей, паводле версіі следства, арганізаваў такім чынам «публічнае дэманстраванне нацысцкай атрыбутыкі ці сімволікі», піша «Коммерсантъ».
Эксперты Санкт-Пецярбургскага дзяржуніверсітэта заявілі, што фраза «Жыве Беларусь!» з'яўляецца сімвалам 13-га Беларускага паліцэйскага батальёна пры СД і 30-й грэнадзёрскай дывізіі Вафен-СС і прыраўнялі яе да нацысцкага прывітання.
На пасяджэнні суда адвакат музея заявіў, што графіці нанёс на сцяну невядомы наведвальнік. Ён таксама патлумачыў, што лозунг «Жыве Беларусь!» можа ўспрымацца негатыўна толькі пры выкананні адной абавязковай умовы — ускідванні правай рукі ўверх у нацысцкім прывітанні.
«Як высветлілася падчас правядзення праверкі, надпіс можа тлумачыцца неадназначна і негатыўна. Таксама з пратакола вынікае, што аб негатыўным сэнсе фразы можна казаць толькі, калі яе ўсклікаюць з паднятай правай рукой. Дадзеных фактаў устаноўлена не было», — заявіў юрыст.
Відавочна, адвакат спаслаўся на рашэнне беларускіх уладаў, якія ўключылі лозунг «Жыве Беларусь!», які суправаджаецца ўзняццем правай рукі з распрастанай далонню, у пералік нацысцкай сімволікі.
Расійскі суд у выніку спыніў справу ў сувязі з заканчэннем тэрміну даўнасці прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.
Паводле фатаграфій з сацыяльных сетак, карціна размешчана ў музеі ўжо не першы год, а фраза «Жыве Беларусь!» была пакінута пад ёй яшчэ восенню 2020 года.
Каментары
Тем более, что лукашенко сам пересадит всех, кто хочет, чтобы Беларусь Жила Вечно !