Распавядаем, як даказваюць удзел беларусаў у пратэстах і як зменшыць рызыку

Мы прааналізавалі больш за сотню судовых пастановаў тых, каго судзілі за пратэсты за апошні год. Распавядаем пра тое, як менавіта даказвалі ўдзел беларусаў у пратэстах і якім чынам можна прынамсі паспрабаваць абараніць сябе і сваіх блізкіх.

24.03.2024 / 17:32

Пратэсты каля ГЦ «Рыга». Фота «Нашай Нівы»

Судовыя пастановы не заўжды дазваляюць казаць пра рэальныя прычыны затрымання, то-бок, тое, як менавіта «выходзяць» на тых ці іншых людзей. Можна прааналізаваць толькі доказы, якія агучвалі ў судзе.

Мяркуючы па раскладах судоў, часта людзей спачатку затрымліваюць за рэпосты або лайкі, а ўжо пасля знаходзяць у іхняй тэхніцы фота з пратэстаў. Вядома таксама, што частку людзей так затрымлівалі на мяжы. Таксама некаторых ідэнтыфікуюць па адкрытых крыніцах, а пасля знаходзяць дадатковыя доказы. Але рызыку можна паспрабаваць зменшыць.

Фота ў тэлефонах і ноўтбуках падчас затрымання з іншай нагоды

Адзін доказаў з пастановаў, які паўтараецца рэгулярна — фота ў тэлефоне, ноўтбуку або Google Photos. Пры гэтым не важна, ці ёсць сам чалавек на фота — калі ён ідзе ў калоне пратэстоўцаў і здымае яе або каментуе тое, што адбываецца, то гэта таксама «лічыцца».

У гэтым выпадку чалавека спачатку затрымалі па адміністратыўнай справе пра «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Але бывае, што пра прычыну папярэдняга затрымання нічога невядома, але галоўны пункт абвінавачання — гэта фота ў тэлефона затрыманага.

Таксама часта людзей судзяць за тое, што знайшлі ў тэлефонах іншых. Таму важна выдаляць ці пераносіць у бяспечныя месцы фота загадзя, асабліва тыя, дзе ёсць іншыя людзі.

У гэтым выпадку фотаздымкі знайшлі ў грамадзяніна К., а пасля затрымалі і судзілі грамадзяніна Ш.

А ў гэтым выпадку адшукалі ажно траіх людзей праз здымкі з гугл-фота, якія знайшлі ў аднаго з іх

Затрымліваюць людзей, у якіх адшукалі фота з пратэстаў у Google Photos. Як абараніць сябе — пакрокавы гайд

Гугл можа выдаць гісторыю вашых перамяшчэнняў. Як абараніць ваш Google-акаўнт — падрабязны гайд

Як надзейна вычысціць фоты з вашых смартфонаў — падрабязны гайд

Фота ў месенджарах — у чатах і паведамленнях

У гэтым выпадку чалавек даслаў сябру фота з пратэстаў. Адметна, што падсудныя — Г. і В., а ў Л. перапіску адшукалі падчас агляду тэлефона з нейкай іншай нагоды.

Перапіскі фігуруюць у якасці доказаў дастаткова часта. Так адбываецца або калі затрымліваюць самога чалавека, або калі затрымліваюць іншага чалавека і знаходзяць фота ў перапісцы або ў агульным сяброўскім ці працоўным чаце. Увагу звяртаюць на ўсе месенджары, а не толькі на Telegram. Іх таксама важна вычышчаць загадзя.

Telegram і не толькі — як правільна пачысціць месенджары, каб не трапіць пад рэпрэсіі. Падрабязны гайд

Адкрытыя тэлеграм-чаты

Чалавек пісаў у тэлеграм-чатах і за гэта яго абвінавацілі ў «закліках да грубага парушэння парадку». Пры гэтым яго ўдзел у пратэстах не даказалі.

Яшчэ адзін часты доказ — паведамленні ў адкрытых тэлеграм-чатах, калі людзі або казалі пра тое, што збіраюцца на дэманстрацыю, або заклікалі на яе іншых. Такія каментары важна выдаляць, а пасля — выдаляць і пераствараць тэлеграм-акаўнт. І агулам клапаціцца пра бяспеку вашага тэлеграма.

Беларусы стварылі бот, які дапаможа адшукаць паведамленні ў чатах. Вось як ён працуе і чаму гэта важна для бяспекі

Як выдаліць акаўнт у Telegram і стварыць яго нанова на віртуальны нумар — пакрокавы гайд

Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць

Фота і допісы ў сацыяльных сетках

У гэтым выпадку ў чалавека знайшлі фота з пратэстаў у інстаграме, але здараецца, што знаходзяць і ў іншых сацсетках

Яшчэ адзін доказ — відэа, фота і допісы з сацсетак. А адзін раз чалавека судзілі па артыкуле 342-2 за «неаднаразовае парушэнне правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў» за допісы ў «Аднакласніках».

Часта там фігуруе таксама інстаграм (нават тое, што ёсць толькі ў архівах), але час ад часу і іншыя (напрыклад, фэйсбук). Сацсеткі таксама важна пачысціць.

Як правільна чысціць свой акаўнт у Instagram, каб засцерагчы сябе. Падрабязны гайд

Як засцерагчы сябе ў VK, Facebook і «Аднакласніках» — падрабязны гайд

Расказваем, як даведацца, дзе і каму вы ставілі лайкі ў сацсетках, і перастрахавацца

Як надзейна пачысціць акаўнт у TikTok — падрабязны гайд

Відэазапісы з вулічных камераў і ад міліцыі, а таксама аператыўная інфармацыя ад спецслужбаў

У гэтым выпадку відэазапісы, імаверна, прадставіў УУС Жлобінскага райвыканкама

Гэта яшчэ адзін з доказаў, які сустракаецца рэгулярна. Часта гэта групавыя справы або канвеерныя — напрыклад, нядаўна так масава судзілі жыхароў Жлобіна.

Таксама перыядычна інфармацыя пра ўдзельнікаў мітынгаў паступае ад іншых структураў, напрыклад, ад КДБ, які сам не вядзе такія справы.

У якасці доказу — паведамленне ад КДБ

Абараніцца ад такога, бадай, немагчыма.

Распазнаванне твараў: што гэта такое, як яно працуе і якія здольнасці беларускіх сілавікоў

Выявы з медыя і ютуба

У гэтым выпадку чалавека знайшлі праз адну з інтэрнэт-трансляцыяў

Гэта яшчэ адзін з самых частых доказаў. У інтэрнэце тысячы фотаздымкаў з пратэстаў у адкрытых крыніцах. Зрабіць з гэтым нічога нельга, адзнае, што вы можаце зрабіць — паклапаціцца пра вашы ўласныя ютуб і гугл-акаўнты (апошні можа захоўваць гісторыю перамяшчэнняў і даныя з гугл-драйв).

Як пачысціць і абараніць ваш YouTube — падрабязны гайд

Гугл можа выдаць гісторыю вашых перамяшчэнняў. Як абараніць ваш Google-акаўнт — падрабязны гайд

У гэтым выпадку чалавека адшукалі праз фота на невядомым медыя, назва якога пачынаецца на U.

З фота з адкрытых крыніцаў нічога зрабіць, на жаль, нельга — нават калі медыя пачнуць іх масава выдаляць, большая частка інфармацыі захоўваецца як рэсурсамі для аналізу іншых рэсурсаў (кшталту tgstat для тэлеграма), або архіватарамі інтэрнэту (кшталту web.archive.org).

Тыя, хто прыходзяць самі

Тут відавочная прычына суду — некаторыя беларусы пішуць яўкі з павіннай. Мы адшукалі тры такія пастановы. Усім гэтым абвінавачаным далі «хатнюю хімію», да суда яны былі на волі.

Выпадак, калі чалавек прыйшоў уласнаручна

Даносы

Мы знайшлі дзве пастановы, дзе ёсць відавочнае ўказанне на данос у бот ГУБАЗіК.

Даносы сапраўды існуюць, але гэта, імаверна, не такая масавая з'ява, як хацелася б сілавікам.

Указанне на тое, што ў бот ГУБАЗіК паступіла інфармацыя пра чалавека

Чат-бот для даносаў

Што такое «тэлеграм-чат П.» — дакладна невядома

У двух пастанаўленнях, адшуканых намі, у якасці доказу абвінавачання фігуруе «чат П.». У 2022-м ён фігураваў як мінімум адзін раз, адтуль жа вядома, што гэта чат-бот і прывязаны да яго тэлеграм-чат. Такое часта робяць, напрыклад, адміністратары каналаў.

Можа быць два варыянты — або гэта ўнутраны чат-бот сілавікоў, або гэта нейкі бот, у які скідваюцца даносы. Другое здаецца найбольш імаверным, бо звесткі былі атрыманыя а 5-й раніцы, сілавікі ў гэты час не працуюць.

Другое пастанаўленне, дзе фігуруе «чат П.» (скарочаны да Т.П.)

У абодвух выпадках людзі скідвалі туды спасылку на нейкую выяву. У адным з выпадкаў скінулі спасылку на інстаграм з асабістымі звесткамі ахвяры.

Ускосныя доказы

Акрамя прамых доказаў — напрыклад, фота або відэа з пратэстаў, у некаторых людзей у якасці доказаў указаныя ўскосныя прыкметы. Звычайна гэта адзенне, у якім чалавек быў падчас пратэстаў, а таксама тое, што тэлефон чалавека быў актыўны ў месцы правядзення пратэстаў у пэўны час. 

У якасці доказаў у адной з пастановаў фігуруе адзенне, у якім людзі, імаверна, былі на пратэстах і параўнанне яго з тым, што бачна на гарадской відэакамеры

Але бываюць і арыгінальныя доказы.

У якасці доказаў — гісторыя браўзера, у якім было фота з пратэстаў

Частку гэтых рэчаў можна схаваць або знішчыць — напрыклад, плакаты, вопратку або гісторыю інтэрнэт-сёрфінгу ці пошуку. Частку знішчыць немагчыма — напрыклад, гісторыю вашага перамяшчэння разам са смартфонам, бо яго захоўвае мабільны аператар на сваім боку.

Высновы

Па-першае, імаверна, у сілавікоў няма сістэмы, якая б аўтаматычна шукала ўсіх беларусаў-пратэстоўцаў па фота — такая ёсць, напрыклад, у Кітаі. Гэта значыць, што сістэма відэаназірання ўсё ж працуе гэтаксама як і Kipod — можа маніторыць у рэжыме рэальнага часу і аўтаматычна распазнаваць абмежаваную колькасць людзей.

Па-другое, значную частку пагрозаў можна прадухіліць. Пошук па відэа з медыя ці ўласных базаў будзе патрабаваць ад сілавікоў значна больш высілкаў. Ахвяры рэпрэсіўнай машыны, на жаль, непазбежныя, але рызыку магчыма зменшыць — хаця б зрабіць так, каб не арыштавалі вашых сяброў або вы абыйшліся 342-м артыкулам, па якім часцей за ўсё даюць хатнюю хімію (бываюць і выключэнні). Для гэтага пачысціце вашы сацсеткі і месенджары, гугл і ютуб-акаўнты, а таксама будзьце асцярожныя як у інтэрнэце, гэтак і ў рэальным жыцці.

Па-трэцяе, цалкам абараніцца немагчыма. Калі вы хадзілі на пратэсты з незакрытым тварам і патрапілі ў медыя ці на відэа сілавікоў, то рана ці позна вас могуць арыштаваць. Таксама ніколі нельга выключаць чалавечы фактар — вас можа «здаць» былы каханак ці калега.

Чытайце таксама:

Што менавіта сілавікі правяраюць у смартфонах затрыманых беларусаў і як абараніцца

Што новага правяраюць у тэлефонах на мяжы пры вяртанні ў Беларусь

Як падрыхтавацца да пераходу мяжы? Распыталі ў тых, хто яе нядаўна праходзіў

Nashaniva.com