У Расіі працягваецца марафон падпалаў і выбухаў у публічных месцах
Учора расійскія СМІ і тэлеграм-каналы паведамлялі, што гэтымі днямі ў розных рэгіёнах краіны пракацілася хваля падпалаў банкаматаў і паліцэйскіх машын. Не спыніўся гэты своеасаблівы марафон і сёння, піша «Настоящее время».
21.12.2024 / 21:22
Пенсіянерка падпальвае банкаматы. Скрыншот з відэа
21 снежня адразу ў некалькіх гарадах Расіі адбыліся выбухі піратэхнікі ў месцах збору людзей.
З-за выбухаў эвакуявалі гандлёвы цэнтр «Форт» у Маскве. Выбух адбыўся ў размешчаным там памяшканні шматфункцыянальнага цэнтра аказання дзяржаўных паслуг. Пазней высветлілася, што феерверк тут запусціла пенсіянерка. Як паведамілі ў МУС Масквы, жанчына была затрыманая наведвальнікамі і перададзена паліцыянтам. Паводле даных МУС, яна дзейнічала па інструкцыі невядомых, якім раней перавяла 120 тысяч рублёў.
У падмаскоўным Каралёве эвакуявалі ГЦ «Геліяс» пасля падрыву петардаў. Відавочцы паведамлялі, што выбух феерверку разбіў некалькі шыбаў, загарэлася столь. Ніхто не пацярпеў. Падазраваным у запуску феерверка ў Каралёве аказаўся 63-гадовы мужчына, яго затрымалі.
У Хімках Маскоўскай вобласці падпалілі піратэхніку ў аддзяленні пошты, затрымалі 70-гадовую жанчыну.
На пошце ў Хімках пасля падпалу пенсіянеркай піратэхнікі
Таксама паведамлялася пра выбух каля банкамата на Сярэднеохцінскім праспекце ў Санкт-Пецярбургу. Па словах відавочцаў, у аддзяленні банка, пры якім месціўся банкамат, пачаўся пажар.
Тэлеграм-каналы публікуюць фота і відэакадры меркаванай падрыўніцы банкамата ў Пецярбургу. Гэта пажылая жанчына, якая, верагодна, прынесла з сабой слоік з гаручай сумессю, зайшла ў аддзяленне, выліла змесціва банкі на апарат і падпаліла.
Вынікі падрыву банкамата ў Санкт-Пецярбургу
Таксама паведамляецца, што на ўскраіне Табольска невядомыя падпалілі снегаўборачную чыгуначную машыну, а ў Краснаярску студэнтка падпаліла банк.
Паводле даных блізкага да сілавікоў канала Baza, усяго ў Расіі за двое сутак адбылося 13 падпалаў машын, будынкаў і феерверкаў. Паводле папярэдніх даных, ніхто ў выніку не пацярпеў.
Блізкія да расійскіх сілавікоў каналы сцвярджаюць, што падпальшчыкі нібыта дзейнічаюць па ўказцы махляроў, якія прадстаўляюцца супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Менавіта яны нібыта такім чынам пераконваюць людзей удзельнічаць у «сакрэтнай аперацыі супраць махляроў».
Праваабарончы праект Avtozak LIVE раней падлічыў, што ў Расіі з пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі ва Украіне 547 чалавек сталі фігурантамі крымінальных спраў аб падпалах або спробах падпалаў ваенкаматаў, адміністрацыйных будынкаў і аб'ектаў чыгуначнага транспарту. У 148 выпадках фігуранты спрабавалі падпаліць аб'екты чыгуначнай інфраструктуры: рэлейныя шафы, станцыі і цягнікі.
У Расіі масава падпальваюць банкаматы і паліцэйскія машыны
У Расіі пенсіянерка атрымала 10 гадоў калоніі за падпал ваенкамата па загадзе махляроў
«Аблівайце ўсіх». Як невядомыя прымушалі расіян ісці на выбары з зялёнкай і кактэйлямі Молатава
Тэлефонныя махляры пераканалі ахвяру разбіць дзверы ў банку
Жанчына падпаліла два аўто і кватэру — усё па просьбе тэлефонных махляроў