«Аблівайце ўсіх». Як невядомыя прымушалі расіян ісці на выбары з зялёнкай і кактэйлямі Молатава
На прэзідэнцкія выбары ў Расіі прыпала новая хваля радыкальных акцый — расіяне ў розных рэгіёнах краіны аблівалі выбарчыя бюлетэні зялёнкай і падпальвалі выбарчыя ўрны. Усе яны былі затрыманыя — і тлумачылі паліцыянтам, што іх прымусілі зрабіць гэта ашуканцы. Летам мінулага года падобным чынам невядомыя прымушалі пажылых расіян падпальваць ваенкаматы, некаторыя з затрыманых ужо атрымалі працяглыя тэрміны зняволення, піша ВВС.
У пятніцу 15 сакавіка, калі ў Расіі пачалося трохдзённае галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах, зʼявілася відэа з выбарчага ўчастка ў маскоўскім раёне Атраднае. На ім бачна, як маладая дзяўчына спачатку апускае ў выбарчую скрыню свой бюлетэнь, а затым вылівае ў яе зялёнку. Пасля гэтага яна дастае тэлефон і спрабуе сфатаграфаваць сапсаваную скрыню, і ў гэты момант яе затрымлівае паліцыянт.
Затрыманай аказалася 20-гадовая Аліна Няўмянава. Мяркуючы па адкрытых даных у інтэрнэце, якія вывучыла Бі-бі-сі, Няўмянава працуе майстрам манікюру і прадае ўпрыгожанні.
Пазней «Известия» апублікавалі відэазапіс размовы з дзяўчынай, на якім яна стаіць ужо ў кайданках. Дзяўчына выглядае спалоханай і на пытанне аб тым, за што яе затрымалі, адказвае: «За тое, што абліла зялёнкай… Куды бюлетэні складаюць».
Няўмянава расказвае, што выліць зялёнку ў выбарчую скрыню яе прымусілі ашуканцы. «Мной маніпулявалі пяць дзён да гэтага», — кажа яна.
Паводле яе слоў, спачатку ёй патэлефанавалі і пераканалі яе ў тым, што яна стала ахвярай махляроў, якія нібыта спрабуюць аформіць на яе крэдыты. Пасля гэтага тыя, хто тэлефанаваў, прымусілі яе саму ўзяць крэдыты, а атрыманыя грошы перавесці ім праз банкамат, распавяла яна. На пытанне аб тым, колькі грошай Неўмянава пералічыла ашуканцам, яна коратка адказвае, што «пяцьсот» — верагодна, маючы на ўвазе 500 тысяч рублёў.
Пазней намеснік старшыні Масгарвыбаркама Дзмітрый Рэут заявіў «РИА Новости», што ўсе залітыя зялёнкай бюлетэні на ўчастку ў Атрадным (па яго словах, іх было 115) былі падлічаныя і ўлічаныя, «ніводзін голас не знік».
Тым не менш Бутырскі суд Масквы адправіў Няўмянаву ў СІЗА па крымінальнай справе аб перашкодзе ажыццяўленню выбарчых правоў або працы выбарчых камісій, здзейсненай групай асоб. Па гэтым артыкуле дзяўчыне пагражае да пяці гадоў калоніі.
«Так, гэта прыхільніца Украіны. Аблівайце»
Крыху больш падрабязна пра махлярскую схему расказвае 27-гадовая жыхарка горада Маздок у Паўночнай Асеціі (яе імя ў СМІ не называюць). Яе затрымалі пасля таго, як яна выліла ёд на стол з кнігамі ўліку грамадзян на выбарчым участку. Паводле звестак тэлеканала, які выклаў відэа яе допыту, затрыманая — жонка ўдзельніка так званай «спецаперацыі» Расіі ва Украіне (так расійскія ўлады прымушаюць называць вайну). Акрамя таго, паводле звестак СМІ, дзяўчына цяжарная.
Як расказала сама дзяўчына, ашуканцы тэлефанавалі ёй на працягу некалькіх дзён перад выбарамі. Ёй давялі, што яна можа страціць усе грошы, і каб гэтага не адбылося, яе прымусілі аформіць на сябе крэдыты на паўмільёна рублёў (па іншых дадзеных — на 600 тысяч), а затым перавесці гэтыя сродкі на «бяспечны» рахунак — гэта значыць аферыстам.
Падчас чарговай размовы з «супрацоўнікам упраўлення бяспекі» дзяўчына паведаміла, што збіраецца ісці галасаваць, пасля чаго ашуканцы пераканалі яе, што на выбарчым участку будуць «прыхільнікі Украіны», якія могуць паспрабаваць завалодаць яе данымі, пераказвае яе словы тэлеканал. Каб папярэдзіць гэта, ашуканцы далі ёй заданне абліць кнігу з данымі выбарцаў ёдам або зялёнкай.
Прыйшоўшы на ўчастак, дзяўчына аддала свой пашпарт супрацоўніцы, атрымала бюлетэнь, зайшла ў кабінку і там працягнула перапісвацца з ашуканцамі. Тыя запэўнілі яе, што жанчына, якой яна аддала пашпарт, — «прыхільніца Украіны», распавяла яна. «Так, гэта прыхільніца Украіны. Аблівайце. Аблівайце ўсіх», — успамінае затрыманая ўказанні ашуканцаў.
Рэн-ТБ апублікаваў скрыншоты перапіскі, якую, паводле звестак канала, затрыманая вяла з ашуканцамі, калі знаходзілася на выбарчым участку. З яе вынікае, што ў нейкі момант яна спытала ў аферыстаў, што рабіць, і тыя адказалі: «Залівайце стол. І яе. Гэта яна. Я яе пазнаў па фота». А потым сталі яе прыспешваць: «Хутчэй. Час». Калі дзяўчына паскардзілася ім, што «тут іншыя людзі», то атрымала ад іх указанне: «Усіх. Хутчэй».
У перапісцы змяшчаецца шмат арфаграфічных памылак, ашуканцы адпраўляюць ёй па некалькі паведамленняў адразу, якія складаюцца пераважна з аднаго слова, а ў канцы перапіскі і зусім пераходзяць на «ты»: «Вылівай. Уцякай». Калі дзяўчына выліла ёд і паспрабавала звязацца са зламыснікамі, тыя перасталі выходзіць на сувязь, а саму яе адразу затрымалі.
Ці распачалі супраць яе крымінальную справу і ці абралі ёй нейкую меру стрымання, Бі-бі-сі даведацца не ўдалося. Тэлеканал Рэн-ТБ пры гэтым дапусціў, што «не выключана, што цяжарная жанчына, улічваючы заслугі яе мужа, можа разлічваць на ласку».
Зялёнка і падпалы па ўсёй Расіі
Ашуканцы прымушалі расіян не толькі выліваць на выбарчых участках зялёнку, але і ўладкоўваць падпалы. Яшчэ адно відэа знялі на ўчастку ў маскоўскім раёне Марʼіна. На ім відаць, як элегантна апранутая жанчына сталага веку падпальвае кабінку для галасавання, а затым устае побач з агнём і пачынае яго здымаць.
Відэа характэрна яшчэ і тым, што спачатку, мяркуючы па запісе, праваахоўнікі, якія прыйшлі да месца інцыдэнту, ніяк не рэагуюць ні на агонь, ні на падпальшчыцу. Нейкі час супрацоўнікі паліцыі стаяць побач з жанчынай, якая здымае агонь на тэлефон, і таксама здымаюць агонь на тэлефоны, не зважаючы на пенсіянерку. Толькі пасля таго, як яшчэ адзін мужчына, які знаходзіцца на ўчастку, крыкнуў ім: «Паліцыя, затрымайце дзяўчыну!», тыя спахапіліся і затрымалі пенсіянерку. Тая зрабіла спробу ўцячы, але беспаспяхова.
На сайце Люблінскага суда Масквы, да юрысдыкцыі якога адносіцца раён Марʼіна, было зарэгістравана толькі адно разбіральніцтва аб абранні меры стрымання па крымінальнай справе аб перашкодзе працы камісій, праверыла Бі-бі-сі. Паводле даных на сайце суда, справа была ўзбуджаная супраць грамадзянкі Пятрухінай Т.В. — прычым, як і ў выпадку з 20-гадовай Неўмянавай, якая выліла зялёнку на ўчастку, тут следчыя завялі справу аб групе асоб, нягледзячы на тое, што і Неўмянава, і Пятрухіна дзейнічалі ў адзіночку.
Люблінскі суд не стаў адпраўляць Пятрухіну ў СІЗА. Следства прасіла адправіць яе пад хатні арышт, але і гэтае хадайніцтва суд задавальняць не стаў.
У сваёй пастанове суд адзначыў, што Пятрухіна ніколі раней не прыцягвалася да крымінальнай адказнасці, зʼяўляецца пенсіянеркай у «старэчым узросце» (паводле дадзеных СМІ, жанчыне 70 гадоў), мае анкалагічнае захворванне і мае патрэбу ў сталым назіранні анколагаў. Суд таксама ўлічыў, што жанчына поўнасцю прызнала сваю віну і раскаялася. Пятрухіна на паседжанні таксама прасіла суд улічыць, што яна мае намер актыўна спрыяць расследаванню справы.
Выданне «Медыязона» напярэдадні падлічыла, што ўсяго за час правядзення прэзідэнцкіх выбараў было як мінімум 44 падобныя выпадкі (маюцца на ўвазе тыя інцыдэнты, на якія затрыманых, мяркуючы па ўсім, штурхнулі ашуканцы) у 29 рэгіёнах краіны, у тым ліку ў анексаваным Расіяй Крыме.
Самай маладой затрыманай 13 гадоў — яе затрымалі пры спробе падпаліць абрус на адным з участкаў у Краснадары. У выбарчай камісіі ўчастка патлумачылі, што дзяўчынка дзейнічала «па ўказцы спецслужбаў сумежнай дзяржавы».
Самай пажылой — 80. Яе затрымалі на выбарчым участку ў Чалябінску пры спробе падпаліць там феерверк, паведаміў мясцовы партал 74.Ru. Па ягоных даных, ашуканцы пераканалі жанчыну, што яна павінна «знішчыць ворагаў». Супраць жанчыны ў выніку не сталі ўзбуджаць крымінальную справу, а склалі на яе адміністрацыйны пратакол аб умяшанні ў выбары (артыкул 5.69 КаАП РФ), паводле якой аштрафавалі яе на дзве тысячы рублёў.
Яшчэ адну адміністрацыйную справу завялі супраць дацэнта кафедры арганічнай хіміі Уральскага федэральнага ўніверсітэта, доктара хімічных навук Эміліі Носавай. Яна прыйшла на выбарчы ўчастак у Екацярынбурзе з бутэлькай зялёнкі, але не паспела яе выліць, бо была затрымана супрацоўнікамі паліцыі. Суд арыштаваў яе на 15 сутак па артыкуле аб дробным хуліганстве. Па даных мясцовых СМІ, ашуканцы вымусілі Носаву перавесці ім каля 15 млн рублёў.
У самім універсітэце Носаву ахарактарызавалі станоўча. «У інстытуце, дзе яна выкладае і займаецца навукай, пра яе толькі станоўчыя водгукі. Матывы, якія заахвоцілі жанчыну, магчыма, якая стала ахвярай ашуканцаў, прынесці зялёнку на выбарчы ўчастак, нам невядомыя », — паведаміў парталу e1.ru прэс-сакратар УрФУ Дзмітрый Беняманскі.
У асноўным на затрыманых за падобныя дзеянні на выбарчых участках заводзілі справы па артыкуле 141 Крымінальнага кодэкса (перашкада ажыццяўленню выбарчых правоў або працы выбарчых камісій). Прычым у шэрагу выпадкаў вядома, што справу распачалі менавіта па другім пункце гэтага артыкула, які мяркуе, што злачынства было ўчынена групай асоб. Менавіта гэты пункт прадугледжвае пакаранне да пяці гадоў пазбаўлення свабоды, першы пункт гэтага артыкула пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі не прадугледжвае. У шэрагу выпадкаў пункт артыкула не ўдакладняўся.
«Медыязона» налічыла як мінімум 31 крымінальную справу, заведзеную па факце падобных нападаў на выбарчых участках. Амаль усе яны, паводле звестак выдання, былі заведзены па артыкуле 141 КК, адна справа была ўзбуджана па артыкуле аб хуліганстве (пункт 2 артыкула 213 КК, да сямі гадоў пазбаўлення волі).
Як мінімум чатыры чалавекі ў выніку здарэння апынуліся ў СІЗА — акрамя жыхаркі Масквы Неўмяновай, гэта 21-гадовая пецярбуржанка Аляксандра Карасёва, арыштаваная за кінуты на ганак школы кактэйль Молатава, член выбарчай камісіі ва Удмуртыі, 43-гадовая Надзея Пінегіна, якая паспрабавала выліць зялёнку ў скрыню для галасавання, а таксама 28-гадовы жыхар Хакасіі, які ўзарваў на выбарчым участку петарду.
Ці былі ўзбуджаныя крымінальныя справы аб махлярстве па факце якога-небудзь з гэтых выпадкаў, невядома.
Падпалы ваенкаматаў: хто гэта рабіў?
Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў лютым 2022 года ў розных рэгіёнах Расіі пачасціліся выпадкі падпалаў ваенкаматаў. Спачатку такія дзеянні здзяйснялі супернікі вайны, і ўсплёскі падобных злачынстваў фіксаваліся непасрэдна пасля пачатку вайны, а таксама пасля абвяшчэння ў краіне частковай мабілізацыі.
Улетку мінулага гады ў Расеі зноў паднялася хваля падобных падпалаў ці іх спроб. Праўда, сярод затрыманых былі не тыя, хто дзейнічаў з антываенных перакананняў, а ў асноўным пажылыя людзі, якія станавіліся ахвярамі тэлефонных ашуканцаў. Гісторыі, якія яны расказвалі, былі падобныя да таго, што казалі затрыманыя на выбарчых участках на прэзідэнцкіх выбарах: тэлефанавалі ім, прадстаўляліся супрацоўнікамі Цэнтрабанка, паліцыі або расійскіх спецслужбаў, вымагалі грошы, а потым пад рознымі падставамі прымушалі людзей падпальваць ваенкаматы.
Бі-бі-сі расказвала гісторыю 83-гадовай Рымы Уторавай, кіраўніка аднаго з аддзяленняў арганізацыі «Дзеці ваеннага Сталінграда» ў Валгаградзе. Па словах Уторавай, ашуканцы прымусілі яе перавесці ім буйную суму грошай (па розных даных, ад 700 тысяч да мільёна рублёў), а затым пераканалі падпаліць будынак мясцовага ваенкамата, заявіўшы, што «цяпер у нашым горадзе дзеці ваеннага Сталінграда падвяргаюцца небяспецы, таму што ў ваенкамаце нашага раёна ёсць працаўнікі, якія звязаныя з УСУ», успамінала яна.
Жанчына пайшла да будынка ваенкамата з кактэйлем Молатава, але здзейсніць падпал не паспела — яе аператыўна затрымалі. Выпадак Уторавай — адзін з нямногіх, калі ахвяра махлярства, здзейсненага па такой схеме, не стала фігуранткай крымінальнай справы сама. Як пісалі мясцовыя СМІ, спачатку на Утораву сапраўды завялі справу аб замаху на знішчэнне маёмасці, але ў выніку адпусцілі на волю і прызналі пацярпелай па справе аб махлярстве.
У цэлым жа за падпалы ваенкаматаў у Расіі пасля пачатку ўварвання ва Украіну ў асноўным заводзяць крымінальныя справы аб тэрарызме, а абвінавачаныя па іх атрымліваюць працяглыя тэрміны зняволення. Выключэннем не становяцца нават пажылыя ахвяры махляроў.
Напрыклад, у сярэдзіне лютага 2024 года Першы Заходні акруговы ваенны суд прыгаварыў да 10 гадоў калоніі 67-гадовую пецярбуржанку Жамангул Курбанаву. У сувязі з падпалам дзвярэй ваенкамата ў жніўні мінулага года яе прызналі вінаватай у здзяйсненні тэракту. Як яна тлумачыла ў судзе, на працягу лета перад тым падпалам ёй тэлефанавалі ашуканцы, якія спачатку пераканалі яе ўзяць крэдыты, а потым заявілі ёй, што для вяртання грошай трэба падпаліць будынак, у якім нібы хаваюцца злачынцы.
Спачатку ў адносінах да жанчыны распачалі справу па артыкуле аб псаванні маёмасці, але пазней перакваліфікавалі справу на больш цяжкі артыкул аб тэракце.
«Я прызнаю шчыра, што я здзейсніла, але я не тэрарыстка. Я не хацела шкодзіць і забіваць кагосьці, я хацела, каб ашуканцаў пасадзілі, каб больш людзі не пакутавалі», — казала яна ў судзе.
Каментары