Міністр абароны ўпэўнены, што падчас дэвальвацыі... «абваліўся даляр»
Дзіўную заяву зрабіў 19 лютага на прэс-канферэнцыі Юрый Жадобін.
Пачаў міністр абароны са сцверджання, што ён «вельмі задаволены станам справаў у афіцэрскім корпусе». Тлумачачы далей сваю пазіцыю, ён падзяліўся адкрыццём.
— Я задаволены, што ў цяжкія для ўсіх часы, 2009–2011 гады, калі даляр абваліўся, завагаліся адзінкі, хто пакінуў войска, — падкрэсліў кіраўнік Мінабароны.
Нагадаем, 1 студзеня 2009 года Нацбанк знізіў курс беларускага рубля на 20,5% у дачыненні да даляра ЗША. А праз два гады, 23 мая 2011, Нацбанк знізіў курс беларускага рубля на 56,2% у дачыненні да даляра.
Частка чытачоў, безумоўна, можа спісаць дзіўную заяву на агаворку. Аднак, улічваючы імідж ведамства Юрыя Жадобіна, дзе як нідзе шануюць афіцыйную ідэалогію і глядзяць праграму «Панарама», хутчэй можна дапусціць, што міністр абароны шчыра верыць у сказанае ім.
Каментары