Першая віцэ-мэр Мінска Надзея Лазарэвіч прайшла праз затрыманне, муж застаўся ў СІЗА
Надзея Лазарэвіч — адна з нямногіх высокапастаўленых жанчын на службе Лукашэнкі, якая арыентуецца ў тонкай матэрыі фінансаў. Пасля камандных вышынь у прамысловасці лаяльнасць вынесла яе ў кола вышэйшай наменклатуры — адразу ў намеснікі мэра Мінска. Адтуль дарога ўжо ў міністры ці віцэ-прэм'еры, а можа і ў Адміністрацыю. Але як працягваць набіраць вышыню, калі муж у СІЗА чакае суда, а саму цябе таксама раніцай дасталі з ложка следчыя?
Знаёмыя з Надзеяй Лазарэвіч кажуць, што ў ёй можна было б убачыць такі праваслаўны варыянт Маргарэт Тэтчар (Лазарэвіч вельмі веруе і нават сваю дачку аддавала ў школу пры Свята-Елізавецінскім манастыры) — валявую жанчыну з моцнымі прыроднымі данымі і цвёрдым разуменнем, што лёс нясе яе наверх, а асяроддзе — слухаецца.
Цяпер Лазарэвіч 44 гады. Яна зрабіла імклівую кар'еру, у раннія гады — у 27 — стаўшы начальніцай фінансавага ўпраўлення на Беларускім тэлебачанні. Потым была служба ў «Салеа» Аляксандра Шакуціна, нарэшце — кабінет генеральнага дырэктара «Бабруйскаграмаша».
А гэта вялізнае прадпрыемства. Ад яго выпрацоўкі залежыць у тым ліку, колькі грошай заробяць кашалькі сыноў Аляксандра Лукашэнкі: прадукцыя гэтага завода, як і БелАЗа, у Расіі рэалізуецца праз кампанію «Б-24», якая пакідае сабе большую частку прыбытку.
Падрабязнасці таго, як устроена нажыва на экспарце дзяржпрадпрыемстваў чытайце тут: «Мы адна сям’я». Дылеры БелАЗа, звязаныя з сынамі Лукашэнкі, зарабляюць, як сам БелАЗ
У 2020-м Лазарэвіч стала агітатаркай за Лукашэнку на Магілёўшчыне, ягонай даверанай асобай. Той любіць жанчын. Лічыць, што яны не здольныя адабраць уладу.
У месяц пачатку вайны Лазарэвіч паднялі ў сталіцу, у намесніцы мэра Мінска, а праз год і ў першыя намесніцы. На грудзі павесілі медаль «За працоўныя заслугі».
Таксама яна стала намесніцай старшыні Беларускага саюза жанчын, такім чынам, атрымаўшы беспасярэдні доступ да Наталлі Качанавай і Наталлі Эйсмант.
Усё ішло па-сапраўднаму добра і, можна было падумаць, так і працягнецца.
«Але ўжо пару месяцаў Лазарэвіч іншая. Стала як пабіты сабака, падціснула хвост», — апісвае раптоўныя перамены ў натуры наш суразмоўца.
Ён жа тлумачыць, што найбольш імаверная прычына метамарфозы ў тым, што сям'я Лазарэвіч у гэтыя месяцы праходзіць цераз тое ж самае выпрабаванне, што і дзясяткі тысяч іншых беларускіх сем'яў — людзі ў пагонах забралі ў наменклатурнай зоркі мужа, пакінулі без бацькі 13-гадовую дачку.
А сама чыноўніца не толькі не здолела дапамагчы, але і вымушана трымаць добрую міну, засядаць у камісіях з мучыцелямі свайго каханага, нахвальваць сістэму, якой служыць, і спадзявацца, што, можа, пасля суда яго памілуюць.
Мужа Надзеі Лазарэвіч зваць Алег Сахно. Ён на чатыры гады маладзейшы за жонку. Пара разам з 2007 года, выхоўваюць дачку.
Інфармацыю аб тым, што муж Надзеі Лазарэвіч арыштаваны і знаходзіцца ў СІЗА, «Наша Ніва» спраўдзіла ў некалькіх ягоных былых калег.
Але мы не ведаем дакладнага артыкула абвінавачвання. Па біяграфіі Алега Сахно можна выказаць здагадку, што абвінавачванне звязанае з карупцыяй.
У маі 2023 ён быў прызначаны начальнікам буйнога дзяржаўнага холдынга «Белфармпрам», які ўключае ў сябе восем фармацэўтычных прадпрыемстваў. Для Лукашэнкі фармацэўтыка — стратэгічная галіна, якая павінна не толькі замяніць замежныя лекі айчыннымі аналагамі, але ў ідэале яшчэ і прадаваць гэтыя аналагі за мяжу, прыносячы валюту ў краіну.
Але на высокай пасадзе Сахно прытрымаўся толькі год.
Ужо 12 чэрвеня 2024 калектыву прадставілі новага генеральнага дырэктара Ігара Мітрафанава разам з намеснікам. А фота Сахно і ягоных намеснікаў з сайта зніклі. 19 чэрвеня 2024 года — апошні дзень, калі Алег Сахно быў у анлайне.
Пра свайго мужа ў інтэрв'ю Лазарэвіч адгукаецца выключна цёпла.
«Алег — мудры муж. Ён дазваляе мне адчуваць, што я галоўная», — расказвала яна.
Праз месяц пасля затрымання мужа яна давала вялікае інтэрв'ю СТБ, дзе пра яго не сказала ні слова, але ў канцы, у «рэцэпце свайго жыцця», выдала: «Працаваць на 200%. Кахаць на 200%. Самае галоўнае — гэта каханне і вера».
У гэтай гісторыі ёсць і яшчэ адзін нюанс. Па словах суразмоўцаў «Нашай Нівы», гэтым летам кашмарылі і саму Надзею Лазарэвіч: дома праводзілі вобшук, а яе, як цяпер кажуць, «ненадоўга забіралі».
Колькі часу яна правяла ў ізалятары, невядома, але вядома, што з працы яе не звольнілі, а значыць — абвінавачванне не выставілі.
Тады лагічна будзе выказаць здагадку, што Лазарэвіч, калі і сапраўды правяла ў засценках час, то не больш за тры дні. Ці былі звязаны пытанні да яе з мінулымі месцамі працы, або арышт вынікаў з прыгодаў мужа — невядома.
«Дзякую бацькам, а вучуся ў Аляксандра Рыгоравіча. […] Займаю ясную ідэалагічную пазіцыю і не баюся ісці ў бой за нашага прэзідэнта», — Лазарэвіч можа ў розных выразах хваліць чалавека, без санкцыі якога немагчыма правесці вобшук ці арыштаваць чалавека з ягонага кадравага рэзерву.
Дык што гэта такое было: жорсткая праверка выскачкі на лаяльнасць — як будзе дзейнічаць, ці не адрачэцца? — або расчараванне і збіццё на ўзлёце? Даведаемся, калі гісторыя скончыцца.
Каментары
Я всех этих подельников вообще за людей не считаю. биомусор.
и не надо это удалять...
https://i.ibb.co/PZDpSsQ/Lazarevich.png