Грамадства3333

Маладафронтаўцы 2000-х: дзе яны цяпер

«Малады фронт» быў адной з самых масавых моладзевых арганізацый супраціву. Праз яго шэрагі прайшло некалькі тысяч чалавек. Фактычна толькі да маладафронтаўцаў прымянялі рэпрэсіўны артыкул 193 КК «Удзел у незарэгістраванай арганізацыі». Усе актыўныя маладафронтаўцы праходзілі праз суды і адміністрацыйныя арышты, а некаторыя і праз суткі.

У гэтай публікацыі мы згадаем актывістаў «МФ», пік актыўнасці якіх прыйшоўся на другую палову 2000-х і першыя гады 2010-х.

Зміцер Дашкевіч: цясляр

Шматгадовы лідар «Маладога фронту». Адбыў два турэмныя тэрміны. У 2006 годзе арыштаваны за «дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі», а ў 2010 годзе, за дзень да выбараў, — нібыта за бойку (разам з паплечнікам Эдуардам Лобавым). Агулам адбыў у зняволенні каля 4 гадоў.

Яшчэ ў турме Зміцер ажаніўся з актывісткай «МФ» Настай Палажанкай. Па вызваленні зарэгістраваў фірму «Цесляры», якая робіць мэблю і іншыя рэчы з дрэва.

Працягвае актыўную грамадскую дзейнасць. Напрыклад, вядзе збор подпісаў за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Але найбольшая актыўнасць Дашкевіча прыходзіцца на Курапаты. Зміцер удзельнічае ў варце ля рэстрана «Паедзем, паядзім». Ставіў ва ўрочышчы драўляны крыжы, якія ў выніку былі спілаваныя ўладамі.

Зміцер — актыўны пратэстанцкі вернік. Жыве ў Мінску.

Наста Дашкевіч (Палажанка): гадуе дзетак і дапамагае мужу

У «Малады фронт» прыйшла 14-гадовай школьніцай. Была адной з лідарак арганізацыі, калі Дашкевіч знаходзіўся ў зняволенні. У 2012 ажанілася са Змітром Дашкевічам.

«Я гадую траіх беларускамоўных дзетак. Дапамагаю «Цеслярам» з інтэрнэт-маркетынгам і кам’юніці-менеджментам. Праводжу раз на год «Ноч расстраляных паэтаў» разам з мужам. Мінулы год працавала рэгіянальным каардынатарам у грамадска-культурнай кампаніі «Будзьма беларусамі». Аб’ездзіла некалькі дзясяткаў гарадоў Беларусі разам з дасведчаным спікерамі і экспертамі», — расказала Наста Дашкевіч. Жыве ў Мінску.

Артур Фінькевіч: рыэлтар

Яшчэ адзін палітвязень з ліку «Маладога фронту». У 2006 годзе асуджаны за перадвыбарныя графіці «Мы хочам новага». Атрымаў два гады «хіміі», пакаранне адбываў у Магілёве. За парушэнні ўмоваў утрымання на «хіміі» быў асуджаны да 1,5 года калоніі. Але выйшаў на волю пад ціскам ЕС і ЗША пасля разгляду касацыйнай скаргі. У 2008 годзе сышоў з «МФ» і заснаваў сваю арганізацыю «Маладая Беларусь».

На сёння Артур Фінькевіч працуе рыэлтарам. З’яўляецца каардынатарам ініцыятывы «Месца», якая разам з мясцовымі жыхарамі займаецца вырашэннем сацыяльных і экалагічных праблем у мікрараёнах Чыжоўка, Лошыца і Ангарская. Напрыклад, яны змагаліся за закрыццё сметніка «Прудзішча» (сабралі больш за 2 тысячы подпісаў). Кажа, што палітычнай дзейнасцю не займаецца. Жыве ў Мінску.

Зміцер Хведарук: паступіў вучыцца на пастара

У 2008 годзе Зміцер Хведарук прадстаўляў «Малады фронт» на сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Джоржам Бушам. У перыяд 2006—2008 быў фактычным лідарам «МФ». Арыштоўваўся КДБ, але быў вызвалены праз трое сутак. Актыўны ўдзельнік вулічных акцый пратэсту. Футбольны заўзятар, а таксама пратэстанцкі вернік.

«Працаваў некалькі гадоў настаўнікам пачатковых класаў у прыватнай школцы, цяпер паступіў у Евангельска-рэфармацкую семінарыю Украіны ў Кіеў на дзённа-завочную форму. Калі давучуся, то стану пастарам. Пяць разоў на год па два тыдні цяпер буду бываць у Кіеве. Жанаты. Маю кошку па мянушцы Лізі. Трэнірую аматарскую футбольную каманду «Маланка», якая гуляе ў АЛФ. Сезон склаўся так сабе, пакуль ідзём дзявятымі», — расказаў Зміцер. Жыве ў Мінску.

Алег Корбан: заснаваў арганізацыю «Альтэрнатыва»

Разам з Настай Дашкевіч, Барысам Гарэцкім, Змітром Хведаруком і Аляксеем Янушэўскім Алег Корбан быў прыцягнуты да суда па артыкуле 193 КК. У выніку Корбан атрымаў штраф 30 базавых велічынь.

«Я працягваю ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны, у 2007—2012 быў сябрам АГП [Алег Корбан узначальваў штаб Яраслава Раманчука па Мінску — «НН»], узначальваў моладзевую арганізацыю АГП «Маладыя дэмакраты», цяпер з’яўляюся кіраўніком грамадскага аб’яднання «Альтэрнатыва» (зарэгістравана ў Латвіі), бяру ўдзел у шматлікіх сацыяльных акцыях і часам арганізоўваю іх. Апроч грамадскай дзейнасці, працую індывідуальным прадпрымальнікам у сферы паслуг. Жыву ў Мінску. Жанаты, гадую дачку Эмілію», — расказаў Алег.

Пасля Плошчы-2010 Алег Корбан быў арыштаваны па падазрэнні ў арганізацыі масавых беспарадкаў, але выпушчаны з ізалятара 7 студзеня 2011 года.

Барыс Гарэцкі: намеснік старшыні БАЖ

У свой час быў прэс-сакратаром «Маладога фронту», адказваў за напаўненне сайта. Нядоўга павучыўся ў Польшчы па праграме Каліноўскага, пасля чаго вярнуўся ў Беларусь.

Працаваў таксістам, пасля чаго сышоў у журналістыку. Доўгі час быў карэспандэнтам радыё «Рацыя» ў Мінску. Праз нейкі час яго запрасілі на пасаду прэс-сакратара Беларускай асацыяцыі журналістаў. На апошнім з’ездзе БАЖ быў абраны намеснікам кіраўніка арганізацыі. Жыве ў Мінску, жанаты, гадуе трох дзетак.

Аляксей Янушэўскі: быў прэс-сакратаром «Тарпеда»

Перад судом па справе «маладафронтаўцаў» за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі з’ехаў у Чэхію, на судзе не прысутнічаў. Пасля таго, як яму быў прысуджаны штраф, вярнуўся назад у Беларусь.

«Да зімы на працягу некалькіх гадоў займаўся футболам, быў дызайнерам, дыктарам, прэс-аташэ мінскага «Тарпеда», які стаў па рэйтынгу Случака самым белмоўным клубам краіны. Цяпер займаюся інтэрнэт-маркетынгам і графічным дызайнам, час ад часу дапамагаю беларускім некамерцыйным праектам, раблю вокладкі для кніжак, афішы, рэкламу», — расказаў Аляксей. Жыве ў Мінску.

Іван Шыла: заснаваў клінінгавую кампанію

Яшчэ будучы непаўналетнім, Іван праводзіў дзясяткі самых розных акцый у родным Салігорску разам з братам Іллёй. Яго неаднаразова затрымлівалі з выкарыстаннем сілы. Быў асуджаны за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, калі яшчэ быў школьнікам. Дарэчы, перад самымі выпускнымі экзаменамі Шылу выключылі са школы. Гвалтам забралі ў армію, служыў пад Лепелем. У войску яго адпраўлялі на гаўптвахту. У выніку быў камісаваны з арміі па прычыне алергіі.

Вучыўся па праграме Каліноўскага ў Катавіцах і Гданьску, але вярнуўся ў Беларусь. Працаваў эсэмэмшчыкам тэлеканала «Белсат», адкуль быў звольнены са скандалам пасля змяшчэння ў фэйсбуку фота прэзідэнтаў Польшчы Дуды і ЗША Трампа з іранічным подпісам. Заснавальнік клінінгавай кампаніі «Чысты кіт», бізнэс вядзе з братам. Жыве ў Мінску.

Яраслаў Грышчэня: сем гадоў у Польшчы

Баранавіцкі актывіст «МФ». Яго таксама судзілі па сумнавядомым артыкуле 193. У выніку Грышчэню далі 30 базавых велічынь штрафу. У апошнім слове хлопец заклікаў, каб яго расстралялі.

«Я сем гадоў ужо жыву ў Польшчы. Цяпер з’яўляюся намеснікам кіраўніка фірмы, якая займаецца прамысловым і грамадзянскім будаўніцтвам. Будуем дарогі і масты», — кажа Яраслаў. Жыве ў Варшаве.

Мікола Дземідзенка: мае фірму ў Кіеве

Хлопец родам з Мёраў Віцебскай вобласці. Быў адным з самых адметных сяброў «МФ». Неаднаразова затрымліваўся і адбываў пакаранні за сваю дзейнасць.

«Тры гады жыву ў Кіеве, там стварыў кампанію па аказанні юрыдычных паслуг», — кажа Мікола. Ён плануе вярнуцца ў Беларусь у перспектыве. Жанаты з Алесяй Раманюк, гадуюць дваіх дзяцей.

Павел Красоўскі: пераехаў з Жодзіна ў Чэрвень

У 2006 годзе Красоўскага арыштаваў КДБ, яго абвінавачвалі ў тэрарызме. У хуткім часе справу спынілі, Паўла вызвалілі з ізалятара. Павел — лідар жодзінскага «Маладога фронту». Удзельнічаў у галадоўцы пратэсту пасля выключэння з ВНУ.

«Жыву ў Чэрвені, маю свой бізнэс па рамонце бытавой тэхнікі», — коратка адказаў Павел.

Сяржук Гумінскі: Працуе ў сферы дыджытал

На аршанскага актывіста «МФ» Сяргея Гумінскага заводзілі крымінальную справу за графіці, але ў выніку пераслед спынілі. Сяржук з’ехаў па вучобе ў Польшчу.

«Жыву з сям'ёй у Варшаве. Гадуем цудоўнага сына. Працую на адну карпарацыю, дзе займаюся дыджытал-маркетынгам. Працую ў асноўным з краінамі СНД у якасці стратэга. Лічу, што і цяпер прыношу невялікую карысць Беларусі, бо нясу слова беларускае ў свет дыджытал-маркетынгу, а менавіта аказваю беларускаму бізнэсу падтрымку на беларускай мове. Зрабіў свой маркетынгавы слоўнік, якім карыстаюся ў працы з кліентамі. Цешыць, што ў гэтым сегменце людзі амаль усе — беларускія патрыёты незалежна ад таго, якое прадстаўляюць рэкламнае агенцтва», — расказаў пра сваё жыццё Гумінскі.

Яўген Скрабутан: працуе ў кансалтынгавым агенцтве 

Яўген сам з Зэльвы, вучыўся ў Гродне, але быў выключаны за сваю палітычную дзейнасць з універсітэта. Павучыўся ў Польшчы на праграме Каліноўскага.

«Жыву ў Берасці, працую над праектам Białoruś po polsku ў фэйсбуку — дапамагаем палякам атрымаць больш інфы пра Беларусь: робім пропускі па бязвізе, арганізоўваем адпачынак і падбіраем бізнэс-партнёраў», — кажа Скрабутан.

Яўген Скрабец: водзіць экскурсіі

Брэсцкі актывіст «МФ». Шмат разоў затрымліваўся, у 2009 Яўген стаў палітпрызыўніком, калі яго забралі ў войска.

«Ад нядаўняга часу жыву на два гарады — Брэст і Беласток. Працую ў сферы турызму і журналістыкі. Ваджу экскурсіі па Берасці па-беларуску, па-руску і па-польску. Гадую сына, якому год і тры месяцы», — кажа Яўген.

Кася Васільева (Галіцкая): перакладчыца

Адна з дзяўчат, якія актыўна падтрымлівалі «МФ». Кася родам з Бабруйска, скончыла БДПУ.

«Працую перакладчыкам-фрылансерам у сферы медыя і правоў чалавека, супрацоўнічаю з беларускімі і ўкраінскімі арганізацыямі, гадую дачку, займаюся кіналогіяй як хобі», — апавяла Кася.

Яна замужам за яшчэ адным актывістам «МФ» Раманам Васільевым.

Маўлюда Атакулава: эканаміст у ІТ-канторы

Некалькі разоў сядзела на сутках, затрымлівалася. За дзейнасць у «МФ» яе хацелі выключыць з БДЭУ. Доўгі час працавала ў грузінскім рэстаране. Цяпер — эканаміст у адной ІТ-кампаніі. Жыве ў Мінску.

Андрусь Цянюта: прадае цукровую вату

Нейкі час гомельскі маладафронтавец Андрусь Цянюта нават узначальваў арганізацыю. Цяпер ён жыве ў Польшчы, у прыморскім горадзе Калабжэг, вучыцца на праграме Каліноўскага.

«Вучуся на міжнародных адносінах, летам працуем, прадаём цукровую вату на пляжы», — кажа Андрусь.

Алёна Валавік (Макарэвіч): чакае мужа з турмы

У другой палове 2000-х Алёна была заўважная на ўсіх акцыях пратэсту. Алёна замужам за антыфашыстам Іллёй Валавіком, які цяпер адбывае 10-гадовае зняволенне за хуліганства. Многія бачаць у гэтай справе палітычны падтэкст.

«Была тры гады ў дэкрэце, цяпер у пошуках працы», — кажа яна. Жыве ў Мінску.

Кірыл Атаманчык: турыстычны бізнэс

Калі супраць Кірыла, які ўзначальваў «МФ» у Жлобіне, завялі крымінальную справу, ён з’ехаў у Вільню, вучыўся ў ЕГУ. Па-ранейшаму працягвае жыць у літоўскай сталіцы.

«Паспяхова скончыў ЕГУ. Атрымаў ступень магістра культурнай спадчыны. Маю ўласны бізнэс у галіне турызму. З’яўляюся актыўным удзельнікам беларускага грамадскага жыцця ў Вільні. Стаў адным з ініцыятараў Першай грамадскай стыпендыі для актыўных беларускіх студэнтаў, якая атрымала назву «Стыпендыя імя А. Смоліча», — кажа Кірыл.

Каментары33

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?16

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?

Усе навіны →
Усе навіны

Зорка амерыканскага серыяла рашыла не вяртацца ў ЗША пры Трампе5

Z-блогер «Трынаццаты», які крытыкаваў Мінабароны і Крэмль, замест суда паедзе на вайну3

Зяленскі: З Трампам вайна скончыцца хутчэй4

Пратэстоўцы ў Абхазіі запатрабавалі адстаўкі прэзідэнта. Той адмовіўся3

У 39 гадоў загінуў начальнік аддзела па раскрыцці цяжкіх злачынстваў УУС Брэсцкага аблвыканкама21

Пасяджэнне парламента Новай Зеландыі было сарвана рытуальным танцам дэпутатаў ВІДЭА7

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

Беларусаў прымушаюць падпісвацца не толькі за Лукашэнку, але і яго спарынг-партнёраў на выбарах5

«Гэта як хадзіць з пакетам на галаве». Дэвід Лінч паказвае, чым можа скончыцца курэнне3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?16

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?

Галоўнае
Усе навіны →