Дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Марыя Васілевіч і Ірына Луканская (у мінулым галоўны ўрач дзіцячай паліклінікі ў Гродне) 20 жніўня наведалі ў Бальніцы хуткай дапамогі людзей, якія пацярпелі падчас вулічных акцый пратэсту. Многія з людзей былі збітыя, іншыя, як карэспандэнтка «НН» Наталля Лубнеўская, параненыя гумавымі кулямі ці святлошумавымі гранатамі.
«Наша Ніва» папрасіла Марыю Васілевіч падзяліцца ўражаннямі ад таго, што яна ўбачыла ў бальніцы.
«Мы хацелі паразмаўляць з людзьмі, што пацярпелі падчас вулічных акцый. Паглядзець, якія траўмы ў іх, якая патрэбная дапамога. Паразмаўляць з медыцынскім персаналам.
Вялікі дзякуй валанцёрам, якія паказваюць выдатную згуртаванасць. Галоўны ўрач у размове запэўніў, што ўсяго хапае, таму такую актыўнасць можна нават крыху стрымліваць, у першыя дні работнікі бальніцы нават не паспявалі прымаць усё, што прыносяць людзі.
Я хацела даведацца, у якіх умовах пацярпелыя атрымалі траўмы, як паводзілі сябе прадстаўнікі сілавых структураў, пачуць гэта з першых вуснаў, а не з каментароў аднаго ці іншага боку. Я чытала, што некаторыя пацярпелыя сутыкаюцца з праблемамі прыняцця заяваў на дзеянні сілавікоў, зняцця пабояў, правядзення судовай экспертызы.
Усім, з кім я стасавалася, пакінула свой нумар тэлефона, і калі людзі сутыкнуцца з такімі праблемамі, то я з радасцю ім дапамагу.
Цяжка ўсвядоміць, што ў нашай краіне людзі атрымліваюць такія калецтвы на вуліцы ў мірны час. Але мы павінны гэта прызнаць і павінны зрабіць усё, каб гэтага больш ніколі не паўтарылася. Тое, што я ўбачыла, безумоўна, моцна ўражвае.
Я як прадстаўнік дзяржаўнай улады — хоць, можа, і не маю на тое паўнамоцтваў — прыносіла прабачэнні людзям за атрыманыя імі траўмы. Не ведаю, маю я на тое права ці не, але па-чалавечы мне вельмі-вельмі шкада», — сказала Марыя Васілевіч.
Каментары