Улада1313

«Дакладваю аб тым, што…»

10 гадоў таму, 7 траўня 1999 г. знік Юры Захаранка. Праўда пра палітычныя забойствы 1990‑х была сабраная дзякуючы сумленнасці генералаў МУС, афіцэраў КДБ і следчых пракуратуры, якія рызыкавалі жыццём, ведучы расследаванні.

10 гадоў таму, 7 траўня 1999 г. знік Юры Захаранка. Гэта была першая падобная гучная справа. Потым раптоўна зніклі палітык Віктар Ганчар і бізнесмен Анатоль Красоўскі, яшчэ праз год — тэлеаператар Дзмітры Завадскі. Перад гэтым у красавіку 1999 году пры дзіўным збегу абставінаў загінуў папулярны палітык Генадзь Карпенка.

А сёння справы зніклых не расследаваныя да канца. Не пакараныя людзі, што стаялі за гэтымі забойствамі (напэўна, сёння ўжо можна смела гаварыць менавіта пра забойствы). Целы зніклых не знойдзеныя і сем’і не могуць іх пахаваць паводле хрысціянскіх традыцыяў.

Праўда пра палітычныя забойствы 1990‑х была сабраная дзякуючы сумленнасці генералаў МУС і афіцэраў КДБ і следчых пракуратуры, якія рызыкавалі жыццём, ведучы расследаванні.
У гэтых гісторыях уражвае і тое, колькі беларусаў з рызыкай для свайго жыцця сумленна расследавалі гэтыя справы. Праз тое гублялі пасады, вымушаныя былі пакідаць краіну, але ў выніку праўда праточвалася. І з яе асобных фрагментаў па крупіцах складваецца мазаіка тых здарэнняў. Яна яшчэ не прыняла свайго канчатковага выгляду, але гэта справа часу.

Найбольш фактаў было сабрана дзякуючы таму, што тагачасныя кіраўнік КДБ Уладзімір Мацкевіч і генпракурор Алег Бажэлка, відавочна, не замяшаныя ў знікненні, далі каманду расследаваць злачынствы. Былі ўтвораныя следчыя групы, якія сталі збіраць факты.

Рапарт генерала Лапаціка

У выніку следства ў лістападзе 2000 году генерал‑маёр міліцыі Мікалай Лапацік прадставіў рапарт на імя новага міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава. У запісцы, напісанай ад рукі, Лапацік, на аснове матэрыялаў, сабраных следчымі,

абвінаваціў Віктара Шэймана ў тым, што той даў загад на знішчэнне Юрыя Захаранкі. А загад выконваў Дзмітры Паўлічэнка пры дапамозе Юрыя Сівакова, які забяспечыў групу пісталетам ПБ‑9, часова забраным з мінскага СІЗА №1.

Лапацік рабіў вывад, што гэтая ж зброя была выкарыстаная 16 верасня 1999 году.

Ён нават назваў прыкладнае месца пахавання зніклых — спецучастак на Паўночных могілках.

У хуткім часе Лапацік быў адпраўлены ў адстаўку. Афіцыйная прычыны — праблемы з здароўем.

Пазней Навумаў і Шэйман заяўлялі, што вывады генералам Лапацікам «былі зробленыя памылковыя».

Генерал Лапацік ведаў, чым яму пагражае такі рапарт, але зрабіў яго і захаваў копіі, якія трапілі ў прэсу ў 2001 годзе.

Ён застаўся жывы, у адстаўцы. Я «пра гэтыя справы гаварыць не буду. Усё, што ведаў, забыў», — заявіў ён у інтэрв’ю «Народнай волі». Ён не рабіў ані палітычнай, ані грамадскай кар’еры на факце сваёй прынцыповасці.

Арышт Паўлічэнкі

Кіраўнік СОБРа Дзмітры Паўлічэнка быў арыштаваны 22 лістапада 2000 году, г.зн. праз дзень пасля рапарту Мікалая Лапаціка. Ордэр на арышт далі тагачасныя кіраўнік КДБ Уладзімір Мацкевіч і генпракурор Алег Бажэлка.

У ордэры адзначалася, што «Паўлічэнка з’яўляецца арганізатарам і кіраўніком крымінальнай структуры, якая мела дачыненне да выкрадання і забойства людзей». У прыватнасці, гаварылася пра забойства кіраўніка філіі расійскай фашыстоўскай арганізацыі РНЕ Глеба Самойлава. У СМІ з’яўляліся звесткі, што пэўныя асобы ў сілавых структурах мелі дачыненне да шкалення баевікоў РНЕ, якіх меркавалася нацкоўваць на апазіцыю і проста незадаволеных. Характэрна, што асуджаныя байцы «Алмазу» з групы Ігнатовіча з РНЕ былі звязаныя, хоць, па ідэі, супрацоўнікі такой структуры не маюць права ўдзельнічаць у палітызаваных парамілітарных суполках.

Следчы Дзмітры Петрушкевіч з часам паведаміць, што Паўлічэнка быў змешчаны ў ізалятар КДБ, дзе з ім асабіста гутарыў Алег Бажэлка. Найбольш яго цікавіла месца пахавання Дзмітрыя Завадскага.

Не выключана, што нейкую інфармацыю з Паўлічэнкі выцягнуць тады ўдалося,

бо генпракурор зрабіў запыт свайму расійскаму калегу з просьбай прадставіць тэхніку, якая займаецца вышукваннем трупаў у зямлі, такой у Беларусі не было.

Ордэр на арышт Паўлічэнкі быў выпісаны на 30 дзён, але цягам бліжэйшых сутак ён зноў акажацца на свабодзе. Нехта з самага верху аддаў загад: выпусціць.

Не пройдзе і тыдня, як 27 лістапада Лукашэнка знімае з пасадаў Бажэлку і Мацкевіча. 28 лістапада на імя генпракурора Расіі прыйшоў новы ліст, што патрэба ў тэхніцы адпала. Адначасова з генпракурорам і шэфам КДБ пасаду страціць і Шэйман, але апошні вельмі хутка зноў усплыве на вяршыні ўлады.

Ужо на волі Паўлічэнка заявіў журналістам, што ён чалавек адданы Лукашэнку і гатовы выканаць любы ягоны загад.

Ні Уладзімір Мацкевіч, ні Алег Бажэлка ніколі публічна не выказваліся адносна расследавання гэтай справы.

Паўлічэнка кіраваў акцыямі запалохвання ў часе выбараў 2006 году і дагэтуль займае высокія пасады ў праваахоўным апараце. Што зачапіла многіх — з часам ён атрымае найвышэйшыя ўзнагароды Расійскай праваслаўнай царквы.

Эскадроны смерці

У чэрвені 2001 году, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, новую інфармацыю па справе знікненняў далі былыя следчыя рэспубліканскай пракуратуры Дзмітры Петрушкевіч і Алег Случак.

Яны заявілі, што ў краіне існуе так званы «эскадрон смерці», які быў створаны міністрам унутраных справаў Юрыем Сіваковым па загадзе сакратара Рады бяспекі Віктара Шэймана. Па інфармацыі следчых, брыгаду ўзначальваў Дзмітры Паўлічэнка. Пасля адстаўкі Сівакова «эскадрон» нібыта перайшоў пад кантроль Уладзіміра Навумава.

Петрушкевіч і Случак паведамілі, што групай было здзейснена блізу 30 забойстваў.

У страху перад расправай былыя следчыя папрасілі палітычнага прытулку ў ЗША і яго атрымалі.

Сваё расследаванне вёў і супрацоўнік КДБ (аддзелу, які займаецца палітычным вышукам) Генадзь Угляніца, зяць вядомага дзеяча нацыянальнага руху Радзіма Гарэцкага. Разам з сваім сябрам з патрыятычнай арганізацыі «Край» Андрэем Жарнасекам яны спрабавалі знайсці месцы пахаванняў. У выніку заблытанай гісторыі яны таксама папрасілі палітычнага прытулку — ім яго дала Нарвегія. Там яны і працуюць, месца іх пражывання не афішуецца.

Рапарт Алега Алкаева

Начальнік мінскага СІЗА Алег Алкаеў напісаў, што выдаваў расстрэльны пісталет (той, які выкарыстоўваюць для прывядзення ў выкананне смяротных прысудаў) па асабістым загадзе міністра Сівакова. У тыя самыя перыяды, калі зніклі Захаранка і Ганчар з Красоўскім.

Гэты факт цалкам супадае з дакладам генерала Лапаціка. Асцерагаючыся расправы, Алкаеў выехаў з сям’ёю ў эміграцыю ў Нямеччыну, дзе напісаў кнігу «Расстрэльная каманда».

Нямеччына прытуліла і сем’і Захаранкі і Карпенкі. Жонка Красоўскага знайшла прытулак у ЗША. Сваякі Ганчара і Завадскага засталіся жыць у Мінску.

Алкаеў сцвярджае, што існуе асобны відэазапіс расстрэлаў зніклых.

Відэазапіс

Пра відэазапіс з жудаснымі падрабязнасцямі расстрэлаў расказваюць шэптам і некаторыя дзеячы мастацтва, блізкія да лукашэнкаўцаў. Быццам бы паказвалі ім той запіс у 1999 годзе кіраўнікі сілавікоў, якія каардынавалі расследаванне. Выходзіць, гэтыя асобы баяліся застацца адзінымі носьбітамі смяротнае інфармацыі?

Даклад Хрыстаса Пургурыдэса

Комплексным расследаваннем знікненняў Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага займаўся спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы кіпрскі дэпутат Хрыстас Пургурыдэс. Ён некалькі разоў наведваў Беларусь, дзе меў спатканні, як з прадстаўнікамі ўлады, што фігуруюць у гэтай справе, так і з сваякамі зніклых.

Вынікам працы Пургурыдэса стала тое, што Віктару Шэйману, Юрыю Сівакову, Уладзіміру Навумаву і Дзмітрыю Паўлічэнку і сёння забаронены ўезд у краіны Еўрасаюзу, нават пасля зняцця візавых санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў.

У 1999 годзе з патрабаваннем справядлівага расследавання тых злачынстваў на вуліцы Мінску выходзілі тысячы людзей. Тэма чырвонай ніткай прайшла праз выбарчую кампанію 2001 году. А потым грамадскі інтарэс стаў паціху згасаць. Праўда, і цяпер 16‑га дня кожнага месяца людзі выходзяць на плошчы з партрэтамі зніклых. Гэтак і 7 мая, у дзень пачатку Пражскага саміту, неабыякавыя зноў збяруцца на Кастрычніцкай плошчы, каб яшчэ раз нагадаць свету пра зніклых людзей.

Сабраныя звесткі пакідаюць упэўненасць, што следства ў справах некалі абавязкова будзе скончанае.

Зміцер Панкавец

***


Юры Захаранка

нарадзіўся 1 студзеня 1952 у мястэчку Васілевічы (Рэчыцкі раён). Былы міністр унутраных справаў, сябар АГП. Скончыў Акадэмію МУС СССР (1987). Захаранка быў адным з тых людзей, якія прывялі Лукашэнку да ўлады, адным з «маладых ваўкоў», як іх тады называлі. Ад маладога кіраўніка дзяржавы ў аддзяку Захаранка атрымаў пасаду кіраўніка МУС, на якой знаходзіўся да 1995 году.

Потым Лукашэнка адправіў генерала ў адстаўку. Апошняй кропляй стаў публічны пратэст Захаранкі супраць выкарыстання міліцыянтаў як рабсілы Кіраўніцтвам справаў прэзідэнта. «Ламаліся і падстройваліся пад прэзідэнта толькі слабыя», — казаў ужо былы міністр.

Пасля адстаўкі Захаранка стаў у жорсткую апазіцыю да ўлады. Генерал падтрымаў ініцыятыву альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбараў 1999 году, увайшоў у каманду Міхаіла Чыгіра. Ён стварыў Саюз афіцэраў.

Палітык знік 7 траўня 1999 году. Некалькі чалавек бачыла, як у прамежку часу ад паловы на дзевятую да паловы на дзесятую трое ў штацкім каля вуліцы Магілёўскай скруцілі чалавека, падобнага да Захаранкі, запіхнулі ў цёмныя «жыгулі» і павезлі ў бок вуліцы Жукоўскага. Ад таго моманту ніхто Захаранкі больш не бачыў.

Генеральны пракурор Алег Бажэлка ў першыя дні пасля знікнення заяўляў, што Захаранка прапаў па ўласнай волі, каб не быць прыцягнутым да крымінальнай адказнасці. Па меры таго, як ішлі гады, нават БТ перастала такую версію агучваць.


Віктар Ганчар

Віктар Ганчар нарадзіўся 7 верасня 1958 у вёсцы Родзічава на Міншчыне. Скончыў юрфак БДУ. На выбарах 1994 Ганчар быў адным з кіраўнікоў штабу Лукашэнкі. Аднак у 1996 Ганчар ужо быў сярод ініцыятараў імпічменту кіраўніка Беларусі. У маі 1999 намаганнямі Ганчара была арганізаваная альтэрнатыўная кампанія па выбарах прэзідэнта. А праз два месяцы палітык абвясціў пра сканчэнне тэрміну легітымнага кіравання Аляксандра Лукашэнкі.

Ганчара і Красоўскага яднала даўняе сяброўства. Яны зніклі 16 верасня 1999, прыкладна а 23‑й вечара. Мужчыны ў той вечар, як і штотыдзень, накіраваліся ў лазню на вуліцы Фабрычнай. Потым Ганчар яшчэ патэлефанаваў сваёй жонцы Зінаідзе, што хутка вернецца, але дадому ён так і не даехаў. Недалёка ад лазні было знойдзенае шкло ад машыны Красоўскага, а таксама плямы крыві.


Анатоль Красоўскі

Нарадзіўся 17 мая 1952 у Крупках. Скончыў фізфак БДУ. Доўгі час працаваў педагогам. Быў распрацоўшчыкам школьнага курсу «Этыка і псіхалогія сямейнага жыцця». Ад 1990‑х заняўся прадпрымальніцкай дзейнасцю, заснаваў фірму «Красіко». Дапамагаў грашыма апазіцыі. Красоўскі быў арыштаваны спецслужбамі ў жніўні 1999 году і змешчаны ў СІЗА, дзе яму фактычна было прад’яўленае абвінавачванне ў падрыўной дзейнасці. Потым высветлілася, што Красоўскага абвінавачваюць у тым, што своечасова не вярнуў крэдыт, узяты ў банку «Пошук». Праз тыдзень, калі абвінавачанне развалілася, бізнесмена вызвалілі.


Дзмітры Завадскі

Нарадзіўся 28 жніўня 1972 у Мінску. Журналіст. У 1994—1997 гадах з’яўляўся асабістым тэлеаператарам Аляксандра Лукашэнкі. Потым працаваў на расійскім тэлеканале ОРТ, у тым ліку ў Чачні. Дзмітры знік 7 ліпеня 2000, калі накіроўваўся ў аэрапорт, каб сустрэць калегу Паўла Шарамета (на фота — справа). Машыну Завадскага потым знайшлі ў аэрапорце, але самога журналіста больш ніхто не бачыў.

У 2002 Мінскі абласны суд у справе знікнення Завадскага прыгаварыў да пажыццёвых зняволенняў былых супрацоўнікаў спецыяльнага атраду міліцыі «Алмаз» — Валерыя Ігнатовіча і Максіма Маліка. Аляксей Гуз атрымаў 25 гадоў турмы, а Сяргей Савушкін — 12. Суд праходзіў пры зачыненых дзвярах. Па версіі пракуратуры, у Ігнатовіча быў матыў для здзяйснення злачынства — помста. У адным з інтэрв’ю «БДГ» Дзмітры Завадскі апавёў, што чуў ад калегаў у Чачні гісторыю пра арышт беларуса, які прайшоў спецпадрыхтоўку ў мінскім «Алмазе», але ніякіх прозвішчаў там названа не было.

Наколькі вядома, на судзе ніхто з абвінавачаных вінаватым сябе не прызнаў. Ужо па сканчэнні працэсу Павел Шарамет заявіў, што «група Ігнатовіча» магла быць выканаўцаю забойства, але заказчыкамі былі зусім іншыя людзі. У прыватнасці, Шарамет згадваў прозвішча Віктара Шэймана ў сувязі з гэтай справай.

***

Рапарт міністру ўнутраных справаў Навумаву У.У. Рэзалюцыя: «Для выканання»

Дакладваю аб тым, што мной атрыманая інфармацыя наступнага зместу. У красавіку 1999 году Шэйман В.У. даў указанне міністру ўнутраных справаў Сівакову Ю.Л. дапусціць у СІЗА №1 ГУУС Мінгарвыканкаму камандзіра СОБРа Паўлючэнку (у першыя гады гэтае прозвішча сустракаецца ў дакументах менавіта ў такой форме — Рэд.) падчас выканання працэдуры расстрэлу прыгаворанага да гэтай меры пакарання і наступных дзеянняў па ягоным пахаванні. Сівакоў Ю.Л. дадзенае ўказанне перадаў начальніку СІЗА Алкаеву А.Л. Паўлючэнка да працэдуры быў дапушчаны. 6 мая 1999 году Шэйман В.У. даў указанне Сівакову Ю.Л. выдаць пісталет, якім прыводзіўся ў выкананне прысуд аб смяротным пакаранні, Паўлючэнку. Сівакоў даў указанне Алкаеву выдаць пісталет, які ў яго захоўваўся, Паўлючэнку, што Алкаеў і выканаў. У дадзены час Шэйман В.У. даў указанне Паўлючэнку фізічна знішчыць былога міністра ўнутраных справаў Захаранку Ю.М. Інфармацыйнае забеспячэнне месцазнаходжання Захаранкі Паўлючэнку было забяспечана спецпадраздзяленнем Васільчанкі М.В., заданне на якое яму таксама даў Шэйман В.У. праз сваіх супрацоўнікаў. Акцыя захопу і наступнага знішчэння Захаранкі была здзейсненая Паўлючэнкам, камандзірам роты СОБРа… (далей неразборліва), камандзірам першай роты спецназу в/ч і чатырма ягонымі байцамі. 8 мая 1999 году пісталет Паўлючэнка здаў Алкаеву. Па ….. (неразборліва). 16 верасня 1999 г. Паўлючэнка правёў акцыю захопу Ганчара В.І. і Красоўскага А.С. Месца пахавання трупаў Захаранкі Ю.М., Ганчара В.І., Красоўскага А.С. — спецучастак нумарных могілак на Паўночных могілках.

Начальнік ГУКМ [Галоўнага ўпраўлення крымінальнай міліцыі] генерал‑маёр міліцыі Лапацік.

21 лістапада 2000 г.

***

З пратаколу допыту сведкі Алкаева Алега Леанідавіча

Следчы, намеснік начальніка аддзелу Пракуратуры РБ, дарадца юстыцыі Казакоў Я.Г.

(…) Недзе ў сярэдзіне кастрычніка 1999 году Кадушкін С.А. у маім кабінеце пазнаёміў мяне з камандзірам СОБРа Паўлючэнкам Дзмітрыем і сказаў, што міністр унутраных справаў Сівакоў Ю.Л. патрабуе ўдзелу ці прысутнасці гэтага чалавека пры правядзенні ў выкананне смяротных прысудаў. Пры гэтым Кадушкін сказаў, што як ён ні пераконваў міністра не рабіць гэтага, міністр катэгарычна настойваў на сваім. Падначальваючыся ўказанню міністра, перададзенаму праз Кадушкіна, 22.10.1999 г., у дзень, прызначаны для прывядзення ў выкананне смяротнага выраку, для, дакладней, у адносінах пяці асуджаных, мной быў пастаўлены ў вядомасць Паўлючэнка Дз., які ва ўмоўлены час прыбыў да мяне ў кабінет і разам з мной прысутнічаў пры расстрэле пяці чалавек. Прычым ён знаходзіўся непасрэдна ў памяшканні, дзе прыводзяцца ў выкананне выракі, разам з выканаўцам. З гуманных меркаванняў, дзеля змяншэння пакутаў асуджаных, расстрэл здзяйсняецца стрэлам у патыліцу з пісталета з глушыцелем. Паўлючэнка пацікавіўся ў выканаўцы, чаму ён не страляе ў сэрца. На ягоную думку, гэта эфектыўней і менш крыві. Са словаў выканаўцы, чалавека дасведчанага, такую заяву мог зрабіць чалавек, які выкарыстоўваў вышэйсказанае на практыцы. (…) Пісталет для прывядзення ў выкананне смяротных выракаў знаходзіцца і захоўваецца ў сейфе начальніка ўстановы СІЗА №1 і ў дзень прысудаў выдаецца выканаўцу. (…) Гэты пісталет двойчы выдаваўся паводле асабістага ўказання міністра Сівакова Ю.Л. пры наступных абставінах асобам, якія не маюць адносінаў да членаў спецыяльнай групы. У першы раз 30 красавіка пісталет быў атрыманы палкоўнікам міліцыі Дзікам В.М. па пісьмовым указанні намесніка міністра Чванкіна А.А. быццам бы для правядзення вучэбна‑трэніровачных стрэльбаў. Гэтае ўказанне ў пісьмовым выглядзе Дзік паказаў мне, але не пакінуў. Пісталет вернуты 14 мая 1999 году. Наступны раз пісталет быў атрыманы 16.09.1999 г. ад’ютантам міністра Сівакова Ю.Л. Мне пазваніў Кадушкін, перадаў асабістае ўказаннне міністра аб выдачы гэтай зброі ад’ютанту Калеснікаву В.П. Вернуты быў пісталет 18.09.1999 г. Адпаведныя запісы аб выдачы зброі ёсць у кнізе. (…)

Каментары13

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?16

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?

Усе навіны →
Усе навіны

Зорка амерыканскага серыяла рашыла не вяртацца ў ЗША пры Трампе5

Z-блогер «Трынаццаты», які крытыкаваў Мінабароны і Крэмль, замест суда паедзе на вайну3

Зяленскі: З Трампам вайна скончыцца хутчэй4

Пратэстоўцы ў Абхазіі запатрабавалі адстаўкі прэзідэнта. Той адмовіўся3

У 39 гадоў загінуў начальнік аддзела па раскрыцці цяжкіх злачынстваў УУС Брэсцкага аблвыканкама21

Пасяджэнне парламента Новай Зеландыі было сарвана рытуальным танцам дэпутатаў ВІДЭА7

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

Беларусаў прымушаюць падпісвацца не толькі за Лукашэнку, але і яго спарынг-партнёраў на выбарах5

«Гэта як хадзіць з пакетам на галаве». Дэвід Лінч паказвае, чым можа скончыцца курэнне3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?16

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?

Галоўнае
Усе навіны →