20 траўня, напярэдадні святкавання 600-годдзя горада, у Глыбокім усталявалі помнік барону Мюнхгаўзену работы мясцовых майстроў. Так, так! Літаратурнаму герою! Мюнхгаўзен з падзорнай трубой, на ядры, вылятае з гарматы!
Шмат хто задасца пытаннем: «Якія адносіны мае да Глыбокага «барон-манюка» Іеранім Карл Фрыдрых Мюнхгаўзен, які не меў нашчадкаў ды памёр у 1797 годзе і пахаваны ў родным горадзе ў Нямеччыне?»
Так! Ніякіх! То чаму гэтаму рэальнаму чалавеку, хоць і літаратурнаму герою, да 600-х угодкаў горада, ставяць помнік?
Справа ў тым, што на старых гарадскіх могілках Копцеўка, гадоў 10 таму, знойдзеная цікавая магіла, дзе на чыгунным крыжы па-нямецку напісана: «Фердынанд і Вільгельміна фон Мюнхгаўзен», на іншым баку крыжа напісана: «Памёрлі 31 сакавіка 1878 года». Як у той казцы – «жылі шчасліва і доўга ды памерлі ў адзін дзень».
Здавалася б -– шэраговы выпадак, цёзка самога слыннага барона Мюнхгаўзена, і не болей. Аднак, дачуліся журналісты, дачуліся тэлеканалы, як беларускія, так і расейскія. Пачалі прыязджаць і штораз болей! Зразумела, усе пытанні як да краязнаўцы мне: «Пакажы, апавядзі!»
Я ўсіх папярэджваў, каб не было ілюзіяў –- Мюнхгаўзен не той! На што тэлеаператар канала ТВЦ аднойчы заўважыў: «Галоўнае, што на помніку напісана - «Мюнхгаўзен». А той, ці не той - якая розніца! Вунь, адзін мужык у Пскоўскай вобласці, знайшоў старыя падмуркі, узвёў дом і напісаў «Тут быў Пушкін!». А Пушкіна тут ніколі не было, але турысты едуць, цэлае паломніцтва. І ўсе вераць - тут быў Пушкін! А гэта — такі падарунак Глыбокаму! Сам барон Мюнхаўзен пахаваны! Ад турыстаў адбою не будзе!»
Так, сапраўды! Глыбокае наведваюць шматлікія турысты! Ёсць што паглядзець! Два храмы ў стылі віленскага барока, Алея славутых землякоў, дзе стаіць восем помнікаў выбітным глыбачанам (у тым ліку і прэм’еру БНР Вацлаву Ластоўскаму), вежа-калона ў гонар Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 3 траўня 1791 г, цікавыя вандроўкі з запаленымі свечкамі па падзямеллях кляштара кармелітаў… Але ўсе тургрупы чамусьці просяць: «Пакажыце нам і магілу Мюнхгаўзена!»
Дык чаму Глыбокае павінна адмовіцца ад барона Мюнхаўзена, хоць ён пра сціплае Глыбокае і ніколі не чуў? Гораду выгадна – турбізнэс! Народ гэтага хоча! Дарэчы, пра магілу Мюнхгаўзена ў Глыбокім ёсць інфармацыя і на сайце музея Мюнхгаўзена пад Рыгай.
Каментары