Лёгкаатлетка Марына Арзамасава стала чэмпіёнкай Еўропы ў бегу на 800 метраў. Па вяртанні на радзіму дзяўчына адказала на пытанні «НН».
«Наша Ніва»: Што адчуваеце пасля перамогі на чэмпіянаце Еўропы?
Марына Арзамасава: На спаборніцтвах я была ў добрым фізічным стане: аднавілася, адпачыла. У маёй сям’і мне ўсе дапамагалі — у першую чаргу даглядаць дзіця. Мой муж спецыяльна ўзяў адпачынак на працы, каб быць са мной, дапамагаць мне — мы нават трэніраваліся разам.
«НН»: Вы не толькі выйгралі чэмпіянат Еўропы, але выканалі сваю мару — паўтарыць поспех Вашай мамы, чэмпіёнкі Еўропы.
МА: Я яшчэ не ўсяго дасягнула. Па-першае, хацелася б наблізіцца да яе вынікаў: яны на парадак вышэй, гэта рэкорды нашай краіны.
«НН»: Спачатку Ваша мама хацела бачыць сваю дачку тэнісісткай, а толькі потым накіравала яе па сваім шляху.
МА: З чатырох гадоў я займалася вялікім тэнісам. Аднак гэта даволі дарагі від спорту. А паколькі мама гадавала мяне адна, то нам гэтыя заняткі давялося спыніць. Неяк улетку яна накіравала мяне ў спартыўны лагер, дзе і пачаліся мае лёгкаатлетычныя заняткі. Калі мама загінула, то мне было ўсяго 11 гадоў. І я пераехала жыць у Калінінград да матуліных сяброў — сям’і трэнераў — Аляксандра Гаўрылавіча і Надзеі Вітальеўны Гадзіятавых. Нейкі час у іх трэніравалася мая мама. Вось там я і працягнула свае заняткі.
«Аддамо дачку ў спартыўную секцыю»
«НН»: У вас такая спартыўная сям’я. Дачка таксама пойдзе гэтым шляхам?
МА: Усё будзе залежаць ад яе жадання — гвалтам за вушы ніхто цягнуць не будзе. Яна вельмі актыўная дзяўчынка — пастаянна бегае, скача. Спрабуем яе трэніраваць: качаць прэс, адціскацца — у яе для свайго ўзросту выдатна атрымліваецца. Пакуль яна такая дзяўчынка-дзяўчынка, прынцэса: сукеначкі, лялечкі, прычосачкі. Няхай займаецца тым, што ёй больш падабаецца. Але, вядома ж, будзем старацца накіраваць яе ў спорт, таму што мы ўсе самі жывем спортам — гэта наш лад жыцця і па-іншаму мы не можам. Аддамо яе ў якую-небудзь секцыю. Пакуль жа ў мяне чыста фізічна не атрымлівалася яе куды-небудзь вадзіць: не было часу. Пакуль я больш сканцэнтравана на сваіх трэніроўках.
«НН»: Як пазнаёміліся з мужам?
МА: Ён займаўся тут жа, толькі ў іншага трэнера. Даўно ведалі адно аднаго, але адносіны нарадзіліся дзякуючы інтэрнэту. Спачатку перапісваліся ў сацыяльных сетках, потым пачалі сустракацца, закахаліся.
«НН»: Самы рамантычны падарунак ад яго?
МА: Калі шчыра, ён не вельмі вынаходлівы ў гэтым плане, не ў крыўду яму будзе сказана. Ён ведае, што я люблю завушніцы, і на кожнае свята мне іх дорыць. Цяпер ён мне таксама сказаў, што хацеў бы што-небудзь падарыць з ювелірных вырабаў, але я сказала, што не трэба больш. Часам мне нават прасцей пайсці самой сабе што-небудзь купіць, а потым сказаць яму, што гэта падарунак ад яго (смяецца).
«Наша мова вельмі прыгожая»
«НН»: Ваша дзяцінства прайшло ў трэніроўках і спаборніцтвах? І ці жадаеце такога камунебудзь яшчэ?
МА: Мяне трэніравалі, спрабавалі дысцыплінаваць і нацэльваць на тое, што я чагосьці даб’юся. Ужо тады мне верылася, што ўсё будзе добра. Шчыра кажучы, у той час мне было цяжка. Былі і сваркі, і істэрыкі ў перыяд сталення, калі ўсе людзі гуляюць, збіраюцца кампаніямі. У гэты час я або была на трэніроўцы, або займалася школьнымі заняткамі. Вучылася ў школе я вельмі добра, за гэтым таксама пільна сачылі. Але цяпер я ўсведамляю, што гэта сапраўды мне дапамагло дамагчыся цвёрдасці характару і знайсці свой шлях. Маладых таленавітых спартоўцаў вельмі шмат, але дамагаюцца поспеху толькі тыя, у каго ёсць выразнае разуменне сваёй мэты. Пасля заканчэння дзясятага класа я пераехала назад у Мінск, каб скончыць школу і паступіць ва ўніверсітэт. Тады я разумела, што акрамя спартыўнай мне трэба і іншая адукацыя. Таму заканчвала я юрыдычны факультэт БДУ. Я ведаю, што пасля спорту павінен мецца нейкі тыл, куды можна будзе сысці. Але праз спорт ва ўніверсітэце я вучылася абыяк — прыходзілася шмат прапускаць.
«НН»: Вас у Беларусь вярнула менавіта магчымасць паступлення ва ўніверсітэт?
МА: Па-першае, у мяне не было расійскага грамадзянства, і на ўнутрырасійскіх спаборніцтвах я выступала, скажам так, нелегальна. Я не магла ўваходзіць у зборную. А для прыняцця расійскага грамадзянства трэба было мець цвёрды намер жыць у гэтай краіне. Я ж з Мінска — у мяне тут бабуля, кватэра, вельмі шмат матуліных сяброў. Калі вярнулася, то ў 11 класе прыйшлося наганяць упушчанае па беларускай мове, бо ў Расіі я яе не вучыла. Таксама як і гісторыю Беларусі, беларускую літаратуру. Але тэставанне я здала і ў выніку паступіла.
«НН»: А цяпер як справы з беларускай мовай?
МА: Я ўсё выдатна разумею, проста трохі забылася правапіс. Магу размаўляць, калі трэба. Звычайна мяне просяць штонебудзь сказаць пабеларуску расейцы ці ўкраінцы, калі мы сустракаемся. Вось я з імі і размаўляю на беларускай мове. Я нашу мову люблю — яна вельмі прыгожая.
«У арміі нас падтрымліваюць»
«НН»: Вы цяпер, здаецца, ужо лейтэнант ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Гэта ўвогуле як адбылося?
МА: Вядома, гэта дзякуючы спартовым поспехам. Спачатку я атрымала афіцэрскую пасаду, а потым мяне павысілі ў званні. Мы папярэдне здавалі экзамены: была страявая падрыхтоўка, тэарэтычная частка, ідэалагічная праграма.
«НН»:А як Вы патрапілі ва ўзброеныя сілы?
МА: Для спартоўцаў ёсць магчымасць служыць у сілавых структурах. Для мяне гэта быў спартыўны камітэт арміі. Гэта выдатная магчымасць служыць і займацца спортам. Там нас падтрымліваюць, робяць усё, каб мы паказвалі высокія вынікі і годна прадстаўлялі нашу краіну. У нас таксама ёсць вайсковыя спаборніцтвы, у якіх я двойчы прымала ўдзел.
«Любімы горад — Мінск»
«НН»: Як праходзіць звычайны дзень Марыны Арзамасавай?
МА: Я прачынаюся тады, калі прачынаецца мая дачка. Цяпер гэта вельмі рана — шэсць, палова сёмай раніцы. Мой дзень пачынаецца са слоў «Добрай раніцы, матуля і татачка… Уключыце мульцікі». Потым я адвожу дачку за горад да бацькоў мужа. Затым трэніроўка, аднаўленчыя мерапрыемствы: масаж, фізіяпрацэдуры. Еду дамоў, ем, трошкі адпачываю. Далей еду забіраць дзіця, можам пасядзець на дачы трошкі. На днях дачка заснула ў дзядоў, і мы пакінулі яе начаваць там. Мы з мужам скарысталіся выпадкам і першы раз за доўгі час схадзілі ў кіно.
«НН»: Які фільм можаце пераглядаць па сто разоў?
МА: «Форэст Гамп». Кожны раз я рыдаю, як быццам гляджу першы раз. Наогул я люблю кранальныя фільмы, меладрамы: паглядзець, паплакаць. Але і камедыі падабаюцца. Наогул, калі бачу якіянебудзь кранальныя моманты, слёзы на вочы наварочваюцца.
«НН»: А якая Ваша настольная кніга?
МА: Яшчэ зімой я адкрыла для сябе французскага аўтара Марка Леві. Ужо прачытала шмат яго кніг, і на кожнай з іх плачу. Там ёсць трохі фантастычны сюжэт, нават у анатацыях гаворыцца, што гэта казкі для дарослых. Але ўсё роўна гэта адлюстраванне рэчаіснасці, чалавечых пачуццяў. А зараз я чытаю таксама французскую кнігу пад назвай «Дзяўчына, якую ты пакінуў».
«НН»: Вы шмат падарожнічаеце. А які горад у вас любімы?
МА: Мінск. Я яго лічу сапраўды вельмі прыгожым. Я рада, што нарадзілася і жыву менавіта ў Мінску. І мне заўсёды хочацца сюды вяртацца. Вядома, еўрапейскія гарады прыгожыя, выдатныя. Адзін з самых лепшых — Рым. У Парыжы я была даволі шмат, у мяне там ёсць любімыя месцы. Але на першым месцы ўсё роўна заўсёды будзе Мінск.
«Люблю кока-колу і чыпсы»
«НН»: Вам даводзіцца моцна абмяжоўваць сябе ў харчаванні?
МА: Ведаеце, не. Месяц-паўтара таму я нават спрабавала набраць трохі вагі, а то паездзіла па спаборніцтвах, схуднела зусім. Ды яшчэ да таго ж спякота была. Хацела набраць хаця б кілаграм. Налягала на вугляводы, мяса, піла два віды пратэіну. У выніку набрала 400 грамаў — лічы, нічога не змянілася. Так што не абмяжоўваю сябе ў шкоднай ежы. Вельмі люблю кока-колу, але стараюся піць яе як мага радзей. Вось чыпсы таксама, напрыклад. Але ўсё ж такое любяць.
«НН»: У адной з публікацый прачытаў, што лёгкая атлетыка ў Беларусі з каралевы спорту ператварылася ў распусную жанчыну, прычынай чаму допінгавыя скандалы не такога даўняга часу. Што можаце сказаць з гэтай нагоды?
МА: Я ў роўнай ступені з іншымі спартоўцамі з усяго свету падпадаю пад кантроль антыдопінгавых службаў. Мы пастаўлены ў жорсткія рамкі — нам трэба сачыць за ўсім, што трапляе ў наш арганізм. Але, вядома, гэта крытыка з боку асабліва нашых айчынных СМІ вельмі непрыемная. Усе мы перажываем за спорт. І кожны спартовец укладае ўсю душу ў свае выступы. А калі актыўна крытыкуюць, то становіцца вельмі крыўдна.
«НН»: Лёгкай атлетыкай можна зарабіць?
МА: можна. Калі спартовец паспяховы і ўдзельнічае ў розных спаборніцтвах. З афіцыйных стартаў аплачваецца толькі чэмпіянат свету. Алімпійскія гульні аплачваюцца дзяржавай, а чэмпіянат Еўропы не аплачваецца. Але ёсць этапы Брыльянтавай лігі, серыі спаборніцтваў Сусветнага выкліку, іншыя камерцыйныя старты. Паволі можна зарабіць. Аднак вельмі шмат укладваецца ў аднаўленне, фармакалогію.
«НН»: Апошняе пытанне. Гляджу, Вы татуіроўкі любіце…
МА: Так, яны мне падабаюцца ўсюды і ў любой колькасці. Але я пакуль раблю іх патрошку — цішком, ці ж гандлюючыся, дамаўляючыся. Муж кажа, што мне ўжо хопіць. Хоць ён сабе таксама зрабіў адну. Кажуць, з кім павядзешся… Але я ўсё зараз хаджу вакол яго: «Ну давай зробім яшчэ адну». Але ён кажа, што мне ўжо дастаткова, а яму пакуль не хочацца.
***
Арзамасава (Катовіч) Марына — лёгкаатлетка. Нарадзілася 17 снежня 1987 у Мінску. Бацька — Аляксандар Катовіч, займаўся скачкамі ў вышыню; маці — Равіля Аглетдынава, чэмпіёнка Еўропы і СССР у бегу на сярэднія дыстанцыі.
Чэмпіёнка Еўропы ў бегу на 800 метраў (2014), бронзавы прызёр (2012). Бронзавы прызёр чэмпіяната свету ў памяшканнях у бегу на 800 метраў (2014). Бронзавы прызёр чэмпіяната Еўропы ў памяшканнях у бегу на 800 метраў (2013). Замужам за лёгкаатлетам Іллём Арзамасавым, з якім гадуюць дачку Аляксандру.
Каментары