Алесь Чайчыц: Паляшуцкі рух павінен быць арыентаваны на рэгіяналізм, а не на ўкраінскасць
Наталка Бабіна у сваім нядаўнім тэксьце шматслоўна і па-літаратарску таленавіта піша пра тое, як украінскі нацыяналіст Уладзімір Леанюк кранальна піў каньяк, але так і не адказвае на канкрэтныя пытаньні, якія ўзьнікаюць у сувязі зь яе ўкраінскай дзейнасьцю і адказы на якія, як мне здаецца, спрабаваў атрымаць ад яе Стась Карпаў.
Гістарычны герб Берасцейскага / Палескага ваяводзтва (сучасная рэканструкцыя, крыніца — Вікіпэдыя).
Дыскусію пра «Словник Берестейщини», на якую спасылаецца Наталка Бабіна, у фэйсбуку распачаў я, таму дазволю сабе таксама адказаць ёй, патлумачыўшы сэнс маіх прэтэнзій.
На сайце «Таварыства ўкраінскай літаратуры пры Саюзе беларускіх пісьменьнікаў», на чале якога стаіць Наталка Бабіна, можна спампаваць «Словник Берестейщини» аўтарства згаданага вышэй Леанюка.
Гэтая кніга — месцамі даволі агрэсіўны ўкраінскі нацыяналістычны памфлет пра тое, як беларусы-літвіны нібыта акупавалі ўкраінскую Берасьцейшчыну.
«Словник» у свой час быў забаронены для распаўсюджваньня ў Беларусі. Але абурацца фактам ягонай забароны можна роўна да таго моманту, калі прачытаеш хаця б уступ да гэтай кніжкі. Вось пара цытатаў, якія, мне здаецца, немагчыма «вырваць з кантэксту» і дзе думка аўтара выказаная, на мой погляд, досыць адназначна:
«До 20-х pp. XIV ст. Берестейщина входила до складу князівства Волинського.
Внаслідок загарбницьких воєн Берестейщину було анексовано Литвою. Відтоді наш край відгороджуватимуть від матірних земель – по сьогодні.
Період литовської окупації Берестейщини завершився уніями Великого князівства Литовського з Польщею і тотальною полонізацією державних інститутів князівства великого, його війська та феодальної верхівки, передусім литовської та білоруської. На Берестейщині по Великому князівству Литовському залишилися деякі не автентичні і дуже живучі сліди – прикладки «литовський» до імен трьох міст: Брест-Литовський, Високо-Литовськ та Кам’янець-Литовський. Тим часом в історії Берестейщини та й усієї України Берестя і Кам’янець посіли особливу роль саме у стримуванні литовських нападів на українські землі, тому їх годилося б називати скоріше антилитовськими.
Болісний карб в українській історії становить собою інспірована Варшавою Берестейська унія православної церкви України та Білорусі з католицькою церквою Польщі.
(…)
В окремий блок об’єднуються матеріяли про
українські народні пісні з Берестейщини, привласнені, попросту вкрадені білоруськими фольклористами,
особливо зі збірок Г. Ширми та Г. Цітовича. Ці ганебні факти маніпуляцій з українськими піснями Берестейщини з усією повнотою показують білоруський шовінізм у його ставленні до берестейського українства.»
Пытаньне: ці падпісваецца Наталка Бабіна пад гэтымі словамі?
Усе мае аднафамільцы, каго я сустракаў, вядуць свой радавод з старажытнай вёскі Зьдзітаў блізу Бярозы-Картускай.
У нашай хаце дзесьці яшчэ захоўваецца рарытэтны сіне-жоўта-зялёны вымпел «Етвызь» з пачатку дзевяностых.
Так што за маёй сьпінаю, як і за сьпінай Наталкі Бабінай, ведаеце, таксама стаяць мае ўкраінскамоўныя продкі-палешукі. Яны заклікаюць памятаць іхную мясцовую мову і мясцовую культуру. Але яны не заклікаюць называць іх украінцамі і чамусьці аб'ядноўваць іх зь людзьмі з далёкіх Карпатаў, Слабажаншчыны ці Паўднёвай Бэсарабіі — а не з суседзямі з Гарадзеншчыны і Меншчыны.
Усе пагалоўна мае сучасныя бярозаўскія сваякі лічаць сябе беларусамі і ніколі ня лічылі сябе ўкраінцамі.
Агулам у Берасьцейскай вобласьці ўкраінцамі сябе лічыць 2,9% насельніцтва, зь іх большасьць — гарадзкое насельніцтва, то бок, відавочна, збольшага мігранты з Украіны.
Па прадзеду з боку маці я, дарэчы, сапраўдны ўкраінец і нашчадак казакоў з-пад Пераяслава, што на мяжы цяперашніх Кіеўскай і Чаркаскай абласьцей Украіны. Таму разважаць пра Палесьсе і ўкраінскасьць магу на правах «свайго» ва ўсіх сэнсах.
І я паразважаць хачу не пра тое, павінны ці не павінны беларусы талераваць палешукоў як этнічную меншасьць. Безумоўна, павінны.
Разважаць я хачу з пазыцый таго, чым павінны і не павінны займацца самі палешукі.
Я цалкам за тое, каб на Берасьцейшчыне адраджаліся мясцовыя мова й культура. І я нават згодзен з той думкай, што карэннае насельніцтва беларускага Палесься размаўляе ці некалі размаўляла на дыялектах украінскай мовы.
Але, як вядома,
ёсьць мова, ёсьць культура, а ёсьць нацыянальная ідэнтычнасьць.
Нямецкамоўныя аўстрыякі ці эльзасцы не зьяўляюцца немцамі, а франкамоўныя валоны ці квэбэкцы не сьпяшаюцца запісвацца ў французы.
Флямандцы ў Бэльгіі ці афрыканэры ў Паўднёвай Афрыцы ня лічуць сябе галяндцамі, хаця і гавораць на тым, што можна было б назваць дыялектамі галяндзкай мовы.
Новазэляндцы з аўстралійцамі рэгулярна разважаюць пра тое, ці не пазбавіцца ім ад брытанскага Union Jack на сваіх сьцягах. Прыклады можна працягваць бясконца.
Дарэчы, спадзяюся, ужо ня трэба даказваць, што
расейскамоўныя беларусы не зьяўляюцца расейцамі.
100—150 гадоў таму палешукі мелі свой дыялект украінскай мовы, мелі сваю, блізкую да стандартызаванай украінскай, культуру.
Але яны ніколі ня мелі ўкраінскай нацыянальнай сьвядомасьці. Гэта паказвае абсалютная большасьць перапісаў насельніцтва, у тым ліку і кур'ёзны перапіс насельніцтва ў міжваеннай Польшчы, дзе большасьць насельніцтва Берасьцейскага вайводзтва пазначанае не як украінцы, а як «тутэйшыя».
Украінская нацыя стварылася на мяжы ХІХ і ХХ стагодзьдзяў. З аб'ектыўных і суб'ектыўных прычынаў
украінскае нацыябудаўніцтва абмінула беларускае Палесьсе. І ня трэба ў ХХІ стагодзьдзі спрабаваць гэта зьмяніць,
ня трэба спрабаваць адматаць гісторыю назад і спрабаваць штосьці «нагнаць» ці «перайграць». Тым больш, што гэта ня мае шансаў на посьпех.
Нельга «запісваць» палешукоў у этнічныя ўкраінцы, нельга пераходзіць тую лінію, за якой да культурніцкай дзейнасьці дамешваецца палітыка і пачынаецца нікому не патрэбнае маніпуляваньне на тэме межаў між дзяржавамі і народамі.
Гэта асабліва шкодная і небясьпечная справа ў цяперашняй абстаноўцы і ў кантэксьце расейска-украінскага канфлікту, дзе сьвядомая частка беларускага грамадзтва адназначна і справядліва стаіць на баку Ўкраіны.
Ня трэба правакаваць разладу паміж беларусамі і ўкраінцамі.
Гэта выгодна каму заўгодна, але толькі не ўкраінцам зь беларусамі.
Палешукі павінны разьвіваць сваю ўласную рэгіянальную ідэнтычнасьць у якасьці «ўкраінскамоўных беларусаў», «беларускіх валонаў».
Нарэшце, прабачце, скажу жорстка. На мой погляд,
правінцыяльнасьць — гэта калі людзі мала цэняць саміх сябе і ад гэтага хочуць прыхіліцца да чагось вялікага.
Быць другараднымі пэрыфэрыйнымі ўкраінцамі — а не самастойнымі ўкраінскамоўнымі палешукамі. Пэрыфэрыйнымі касьцельнымі палякамі — а не самастойнымі польскамоўнымі літвінамі. Урэшце, пэрыфэрыйнымі «западнарусамі» замест самастойных, з уласнай мовай і немаленькай сувэрэннай дзяржавай, беларусаў.
Вывучаць і прапагандаваць творчасьць Тараса Шаўчэнкі і Івана Франка (чым займаюцца Наталка Бабіна і яе сябры) — гэта ня ёсьць «захаваньне і разьвіцьцё на Брэстчыне ўкраінскай духоўнай спадчыны і ўкраінскай мовы», пра што яна піша. Гэта — навязваньне Берасьцейшчыне нетутэйшай стандартна-ўкраінскай культуры і ўкраінскай нацыянальнай сьвядомасьці. Гэта не культура, а палітыка.
Замест гэтага неабыякавыя да сваіх каранёў палешукі павінны дасьледаваць свае ўласныя карані, свой уласны дыялект украінскай мовы, свае ўласныя песьні і традыцыі, якія могуць супадаць, а могуць не супадаць з агульнаўкраінскімі.
Арыентацыя павінна быць на рэгіяналізм, на самабытнасьць, на ўласны паляшуцкі гонар, а не на ўкраінскасьць.
Пры ўсёй павазе да ўкраінцаў, палешукі - не ўкраінцы. Палешукі — самі па сабе.
Чытайце таксама:
Думкі пра аўтаномію Палесся: дзе мяжа паміж беларусамі і ўкраінцамі?
Думкі пра аўтаномію Палесся — 2: чаму палешукі не зрабіліся нацыяй?
Думкі пра аўтаномію Палесся — 3: палешукам трэба самаарганізоўвацца
Каментары