Алкаеў пра прызнанне былога спецназаўца: Гэта Рыгоравічу старэйшыя браты з Масквы закрылі шлагбаум на Захад
Прызнаньні чалавека, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці» і распавёў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму, пракамэнтаваў Свабодзе былы дырэктар сьледчага ізалятару на Валадарскага, аўтар кнігі «Расстрэльная каманда» палкоўнік Алег Алкаеў.
— Я яго ня ведаў і ня ведаю. Чалавек наважыўся даверыцца, расказаць усё гэта на камэру. Я не лічу яго дрэнным чалавекам. Я лічу, што, напэўна, трэба паслухаць яго. Ён там прозьвішчы называе, месцы, канкрэтныя рэчы.
— З прафэсійнага гледзішча ці выклікае гэты аповед у вас некаторыя пытаньні, сумневы?
— Я не магу да яго мець прэтэнзіяў. Ён сказаў гэта не ў піўной, ён сказаў афіцыйна, таму давайце будзем ягоныя словы ўспрымаць як, прынамсі, праўдападобныя. Гэта цяжка. Я і сам такі ж чалавек.
Яго словы трэба прымаць за праўду. Можа, ён ня ўсё бачыў і ня ўсё ведае. Гэта трэба ўлічваць. Ён на сябе такі цяжар узяў, я думаю, што ён за яго годна адкажа. Гэта ня жарты, не калі рыбу скраў у краме.
— У свой час вы казалі, што калі зьменіцца ўлада, то каля 30 чалавек будуць стаяць у чарзе, каб даць паказаньні ў справе выкраданьня Захаранкі, Ганчара і Красоўскага, Завадзкага. Як вам падаецца, ці гэта пачалося?
— Думаю, што не зусім пачалося яшчэ. Але і пачалося. Найхутчэй, я думаю, што Рыгоравічу старэйшыя браты з Масквы закрылі шлягбаўм на Захад. Гэта мая думка. Сядзяць разумныя людзі ў Крамлі і бачаць, што чалавек крыху там за рамкі выходзіць. Паказаць трэба было, што дарога на Захад закрытая, шлягбаўм апусьціўся. Трэба адказаць на ўсе пытаньні, якія паставіў гэты ўцякач.
— У якой юрыдычнай сытуацыі гэты чалавек можа знаходзіцца? Што яму можа пагражаць?
— Калі ён сам удзельнічаў у забойствах, ён атрымае тэрмін. Нават па нямецкіх законах атрымае рэальны тэрмін. Разьбяруцца, тут суды не сьпяшаюцца, каб за тры дні вырашылі. Тут жа КДБ няма.
— Дык вы думаеце, што ён у Нямеччыне знаходзіцца?
— Ня ведаю, дзе знаходзіцца. Але калі гэта «Нямецкая хваля» надрукавала, то найхутчэй у Нямеччыне, бо Нямеччына — самая талерантная краіна. Мяне самога двойчы арыштоўвалі.
— Як былога кіраўніка СІЗА і кіраўніка расстрэльнай каманды?
— Так. Я патлумачыў проста. Прысуд быў — я выконваў. Я думаю, што і ў яго праблемаў вялікіх ня будзе. Калі дакажуць, што ён забіваў, асудзяць, вядома ж, а калі будзе тэрмін даўніны за неданясеньне, то мо і не асудзяць. Я ж ня ведаю. Трэба гаварыць зь людзьмі, які доступ мелі да гэтага. Я ўпершыню пра яго сёньня даведаўся.
Пакуль возьмем ягоныя словы за аснову. А далей трэба разьбірацца, праўду кажа ці не. Па-першае, ён кажа, што назаве месцы. Ад гэтага і трэба адштурхоўвацца. Я б так рабіў. Чалавек 20 гадоў маўчаў, і раптам сьверб такі прабіўся. Але ў казкі я ня веру.
— Што ім магло рухаць?
— Ня ведаю. Маўчаў, маўчаў і вырашыў вызваліцца ад грузу. Такое бывае. Я з гэтым сутыкаўся. Чалавек сядзіць 20 гадоў, маўчыць, а потым ідзе каецца.
Малойца, што сказаў. Гэта добра. Назваў прозьвішчы. Што да таго, што нібыта нешта не супадае ў аповедзе, то дэталі заўсёды адрозьніваюцца. Я сам — сьведка, і скажу, што некаторыя рэчы не заўважаў, а яны былі, аказваецца.
* * *
У 2001 годзе Алег Алкаеў выступіў з выкрыцьцямі ў справе аб выкраданьні і меркаваным забойстве вядомых беларускіх палітыкаў. Згодна зь яго заявамі, у 1999 годзе на распараджэньне тагачаснага міністра ўнутраных справаў Юрыя Сівакова ён азнаёміў з працэдурай прывядзеньня сьмяротнага прысуду ў выкананьне камандзіра спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня («СОБР») Унутраных войскаў МУС Беларусі Дзьмітрыя Паўлічэнку. У тым жа годзе Алкаеў двойчы на асабістае ўказаньне міністра выдаваў спэцыяльны пісталет ПБ-9, прызначаны для выкананьня сьмяротных прысудаў.
Пазьней, супаставіўшы даты, ён выказаў здагадку, што з гэтага пісталета былі забітыя Юры Захаранка, Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. Калі яму стала відавочна, што праваахоўныя органы ня маюць намер зрабіць неабходныя крокі для расьсьледаваньня, ён апублікаваў у апазыцыйным друку інтэрвію і дакумэнты. Алег Алкаеў атрымаў у 2002 годзе палітычны прытулак у Нямеччыне.
Каментары