Культура6060

Святлана Зелянкоўская: Мой дом цяпер у Кіеве, вучу ўкраінскую мову — вялікая гутарка

Мы ведаем Святлану Зелянкоўскую як актрысу Купалаўскага тэатра, прычым з дваццацігадовым стажам, выканальніцу галоўнай ролі ў фільме «Анастасія Слуцкая» і жонку Сяргея Міхалка. Ужо некалькі гадоў Святлана ў асноўным жыве ў Кіеве, дзе разам з мужам чакае трэцяе дзіця. Мы звязаліся з актрысай, каб распытаць пра жыццё-быццё, а таксама пагаварыць пра выбар паміж Мінскам і Кіевам. 

Фота Сяргея Сараханава. 

— Да пандэміі вы жылі на два гарады — Мінск і Кіеў. Дзе вас заспеў каранавірус?

— Я сапраўды жыла на два гарады, але збольшага ў Кіеве — нейкі час таму я выбрала гэта месца для жыцця, і тут цяпер мой дом. Да таго ж нядаўна я даведалася, што мой дзед па бацькавай лініі — украінец. Хачу знайсці, дзе ён пахаваны. Пандэмія мяне заспела ў Кіеве ж, бо мой сын Макар толькі пайшоў у школу, дарэчы, украінскамоўную. Разам з ім вывучаю ўкраінскую, бо яна патрэбна мне для «спілкування» і, галоўнае, для працы.

— Вашае жыццё неяк памянялася з-за пандэміі?

— Мне нават здаецца, сусвет рыхтаваў мяне да каранавіруса і каранціну. Так склалася, што і муж гэты час бавіць у Кіеве, я забрала сюды сваю старэйшую дачку ад першага шлюбу, да таго ж я цяпер на сёмым месяцы цяжарнасці — гэта будзе маё чацвёртае дзіця, таму цяжарнасць ужо як звычка. Адзіны боль звязаны з тым, што ў Мінску засталіся нашы з Сяргеем мамы, мужавы сястра і старэйшы сын, а таксама нашы сябры. А жыццё змянілася яшчэ да каранавіруса: я шчыльна занялася працай у тэатры, бо без тэатра не магу, і знайшла дом — мы яго арандуем, але ён стаў «нашым».

— Не страшна ў такія неспакойныя часы чакаць яшчэ адно дзіця?

— Наадварот, гэтае дзіця — наш талісман. Яно абараняе, у тым ліку ад каранавіруса, усю сям’ю, бо кожны ўсведамляе небяспечнасць і становіцца больш адказным.

Фота Сяргея Сараханава. 

— Вы сказалі, што вучыце ўкраінскую мову, а беларускую сёння выкарыстоўваеце?

— Беларуская мова дапамагае мне жыць у Кіеве і разумець украінскую, але замінае ў гаворцы, таму што я ўвесь час на яе збіваюся. Даводзіцца думаць над кожным словам, ці не зрабіла я памылку, а пераключацца, у тым ліку ў вымаўленні, у мяне не заўсёды атрымліваецца.

Я не забываю беларускую мову, бо і страчваць сувязь з Беларуссю, таксама ў працы, не хачу. Праўда, не ведаю, калі мы зможам вандраваць, як раней.

— Пасля таго як вы канчаткова сышлі з Купалаўскага, ці ўдалося знайсці сваё месца ва Украіне?

— Я яго ствараю. Спачатку я шукала яго ў кіно і серыялах, але гэта былі хаатычныя спробы, каб было хоць нешта. Цяпер я больш накіравана на тэатр — на тое, у чым магу праявіцца найярчэйшым чынам. Нядаўна ў адным з кіеўскіх тэатраў павінна была адбыцца прэм’ера спектакля, дзе я граю галоўную ролю, але з-за каранавіруса яна перанеслася. Мне б хацелася працаваць таксама ў Беларусі, але пра планы расказваць не буду.

— Як вам, ужо вядомай у Беларусі актрысе, было пачынаць кар’еру ў іншай краіне?

— Гэта такі кайф, калі ты зноў у пачатку — гэта ж і ёсць маладосць і жыццё, не варта заседжвацца на тым, што ты ўжо зрабіў. Мае набыткі застаюцца са мной, а месца — проста месца. У Купалаўскім я прайшла добрую школу, але, на жаль, перастала бачыць у ім сваю будучыню, не змагла ўявіць сябе на гэтай сцэне праз, скажам, дзесяць гадоў. І паехала за мужам: ён захацеў у Кіеў — і я адправілася за ім.

— А чаму быў абраны менавіта Кіеў?

— Асабіста ў мяне шмат звязана з гэтым горадам, я нават была тут зачатая. У нас з Сяргеем у Кіеве адбылося шмат падзей, памятаю, мы неяк сюды прыехалі і я адчула, што хачу тут жыць. Бачыце, жаданні здзяйсняюцца.

— Калі вы пераязджалі ў Кіеў, па вашых выказваннях здавалася, што вы робіце гэта ў тым ліку з-за недастатковасці магчымасцяў у Мінску. Ці так гэта?

— Так, мне не хапала свабоды праяўлення і я не адчувала, што магу паказаць сябе неяк па-новаму. Радзіма для мяне — святое, я ніколі не адмоўлюся ад таго, што я беларуская актрыса, як і мой муж — беларускі спявак, дзе б ён ні жыў. Але я хачу далей развівацца, а для гэтага патрэбны адпаведныя ўмовы — не толькі ж адна барацьба павінна быць. Дарэчы, адной якасці беларускага тэатра ў Кіеве мне не хапае — стрыманага шляху да ісціны праз рамкі і абмежаванні.

Ва Украіне шмат таго, што называецца «гуляй, душа» і «прачніся і спявай», ёсць нейкая ўсёеднасць, а ў Беларусі з-за адсутнасці рознай мішуры тонкае мастацтва звініць больш пранізліва, і я б хацела быць да яго датычнай.

Дарэчы, у Мінску ёсць чалавек, з якім я заўсёды гатова працаваць, — Ларыса Сімаковіч. Апошні раз у яе фольк-тэатры «Госціца» я сыграла ў 2018 годзе, гэта быў музычны спектакль «Плошча Якуба Коласа».

Фота Сяргея Сараханава. 

— З пункту гледжання акцёрскага майстэрства вы адчулі адрознасць працы ва Украіне?

— Тут таксама ёсць мінусы, і свабода залежыць у тым ліку ад унутранага стану. Некаторым паняццям, у тым ліку свабодзе, мы надаем занадта вузкія значэнні. Часам, каб яе адчуць, патрэбны барацьба і аковы, а часам — усёдазволенасць. Я ў пэўны момант проста захацела рэлаксу — каб мяне ніхто не павучаў і не абмяжоўваў, а я магла рабіць, што хачу. Прачнуўся здаровы эгаізм — і я з’ехала туды, дзе мне камфортна. Магчымасцяў для праяўлення ва Украіне, канечне, больш, і гэта важна таксама для маіх дзяцей.

У Беларусі я стамілася змагацца з некультурнасцю і невуцтвам, дзе ўсе найлепшыя людзі адсоўваюцца на задні план і шмат упіраецца ў паперкі і чыноўнікаў.

— Не так даўно быў вынесены прысуд Харві Вайнштэйну — што вы думаеце пра харасмэнт і маштабы, якіх ён дасягнуў у кінаіндустрыі?

— Я заўсёды стану на абарону слабога, бо люблю справядлівасць, але Вайнштэйн аказаўся ў гэтым выпадку ахвярным казлом. Дзякуй Богу, я не трапляла ў сітуацыі, калі б мяне спрабавалі сэксуальна эксплуатаваць, але калі б трапіла, лічыла б гэта і сваёй памылкай. Любы досвед, нават самыя сумныя гісторыі, патрэбны нам для нечага, — магчыма, такая пабудова свету павінна была прымусіць жанчын перайсці на нейкі іншы ўзровень свядомасці і навучыцца адстойваць свае межы.

— А ў беларускім кіно, як вы думаеце, сэксуальная эксплуатацыя была магчыма?

— Магчыма, толькі ў іншым маштабе: колькі там таго кіно ў Беларусі здымаецца? Гэта, дарэчы, яшчэ адна прычына, чаму я выбрала Кіеў: украінскае кіно сёння развіваецца вельмі хутка, і яно не залежыць ад Расіі, чаго я жадаю і беларускаму.

— У Беларусі вы найбольш вядомая як выканаўца галоўнай ролі ў «Анастасіі Слуцкай» — як яна паўплывала на вашу кар’еру?

— Вельмі моцна, «Анастасія Слуцкая» адкрыла мне шмат дзвярэй — часам тым, што сыграла ў такім фільме, я магла скарыстацца для сваіх мэтаў, а недзе гэта замінала, бо я асацыявалася з адной роллю. У мяне нават была мара нафарбавацца, надзець парык і прыйсці на пробы, каб ніхто не ведаў, хто я. Лёс у выніку здзейсніў мару: у Кіеве мяне ніхто і не ведае. «Анастасія Слуцкая» — самае вядомае, што я зрабіла ў Беларусі. Не сказаць, каб у гэтым фільме я паказала каласальны акцёрскі талент — у іншых ролях я праяўлялася нашмат цікавей, але гэта гістарычная карціна, на якую зганялі школьнікаў, з-за якой у мяне з’явіліся паклоннікі. Своеасаблівы і важны ў маім жыцці досвед, і ў тым ліку ад яго я збегла ў Кіеў. Я ўжо не тая 23-гадовая Света Зелянкоўская.

Фота Сяргея Сараханава. 

— Вы ўдзельнічалі ў здымках фільма «Ідзі і глядзі», раскажыце падрабязней.

— Тады мне было гадоў пяць ці шэсць, мама ўвесь час вадзіла мяне на здымачныя пляцоўкі. Я помню толькі, што мы павінны былі бегчы з абрыву, крычаць і плакаць. Пачынаць трэба было па сігнальнай ракеце, дык вось мы сядзелі і чакалі яе ўвесь дзень — паліла сонца, нам хацелася есці, а там было пшанічнае поле, і мы сталі даставаць з каласкоў зярняткі. Можа, такім чынам нас адмыслова ўводзілі ў стан бежанцаў, якія цярпяць ад страшэннай спёкі і харчуюцца зярняткамі. Але фільм, вядома, надзвычайны, і я ганаруся, што ў ім удзельнічала, хай і была дзіцём.

— Наколькі вы з мужам уключаны ў беларускі кантэкст? Цяпер у нас перадвыбарныя месяцы — вы сочыце за навінамі?

— Пільна я сачу толькі за інфармацыяй пра каранавірус, бо хвалююся за здароўе мамы. Што тычыцца палітыкі і выбараў, я гляджу навіны, але так, як раней, на іх больш не рэагую і да ўсяго стаўлюся спакойна. Напэўна, таму што цяпер гэта не тычыцца маіх дзяцей. Але мне падаецца, каранавірус нешта разруліць у Беларусі, разварушыць людзей. Мне самой цікава, у што гэта ўсё выльецца.

 — Вы ў сям’і абмяркоўваеце навіны з Беларусі?

— Абмяркоўваем хіба, як будзем бачыцца са сваякамі, куды і калі ездзіць, а ў цэлым размаўляем больш пра сусветныя навіны. А калі ў нас выбары?

— 9 жніўня. Вы так міла спыталі: «калі ў нас выбары».

— Дакладна. Але ж я грамадзянка Беларусі і хачу ёй застацца.

Каментары60

Калі Канапацкая стала падкантрольная Лукашэнку? Расказваюць яе сябры2

Калі Канапацкая стала падкантрольная Лукашэнку? Расказваюць яе сябры

Усе навіны →
Усе навіны

У 39 гадоў загінуў начальнік аддзела па раскрыцці цяжкіх злачынстваў УУС Брэсцкага аблвыканкама21

Пасяджэнне парламента Новай Зеландыі было сарвана рытуальным танцам дэпутатаў ВІДЭА6

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

Беларусаў прымушаюць падпісвацца не толькі за Лукашэнку, але і яго спарынг-партнёраў на выбарах5

«Выкінула праз бакавое шкло, апрытомнела на зямлі». У беларускі расколіна ў пазванку пасля аварыі аўтобуса ў Польшчы

Спявак Саша Нэма, якога паўгода таму дапытвалі ў ГУБАЗіКу, запісаў песню «Надо, батя!»7

За два гады працоўных мігрантаў у Беларусі пабольшала ў паўтара раза1

Хакеіста мінскага «Дынама» будуць судзіць за групавое згвалтаванне2

Былы памочнік Канапацкай настойвае: у яе быў нямецкі дазвол на жыхарства, таму рэгістраваць яе кандыдаткай нельга42

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Калі Канапацкая стала падкантрольная Лукашэнку? Расказваюць яе сябры2

Калі Канапацкая стала падкантрольная Лукашэнку? Расказваюць яе сябры

Галоўнае
Усе навіны →