Снайперы, БТР, шматтысячны мітынг апазіцыі: як праходзіў першы «Усебеларускі сход» + шмат архіўных ФОТА
Атмасфера самага першага «Усебеларускага сходу» чымсьці нагадвае сёлетнюю, але са сваімі нюансамі. І тады, і цяпер Лукашэнка вырашае правесці мерапрыемства, каб развязаць палітычны крызіс унутры краіны. У 1996 годзе Лукашэнку ўдалося выйсці пераможцам, што будзе гэтым разам?
Той сход стаў наступствам супрацьстаяння маладога прэзідэнта Лукашэнкі з парламентам. Фактычна, Лукашэнка вырашае ісці на абвастрэнне і прапаноўвае засяродзіць амаль усю ўладу ў руках прэзідэнта. На «сходзе», які адбываўся 19-20 кастрычніка, ён агучвае для шырокай аўдыторыі (амаль 5 тысяч гледачоў у зале, а таксама жывыя трансляцыі на ўсіх тэлеканалах) свае прапановы па змене ў Канстытуцыю. У лістападзе таго ж года гэтыя змены былі падтрыманыя на рэферэндуме, ёсць мноства фактаў «фальсіфікацый» вынікаў ужо тады.
Назваць тую палітычную сітуацыю спрыяльнай для Лукашэнкі цяжка. На яго ціснуць з Захаду, дэпутаты Вярхоўнага Савета блізкія да таго, каб пачаць працэдуру імпічменту. 16 кастрычніка Лукашэнка нечакана прылятае ў Маскву, тады мала хто разумеў такія рухі, але выглядае, што ляцеў ён для таго, каб заручыцца падтрымкай Ельцына і Расіі.
Аб’яднаная апазіцыя не спіць у шапку. Напярэдадні, 18 кастрычніка, яна праводзіць Нацыянальны кангрэс «У абарону Канстытуцыі», у гэтым мерапрыемстве ўдзельнічаюць усе, апроч камуністаў. Пляцоўку для выступаў апазіцыі дае Палац прафсаюзаў на Кастрычніцкай плошчы — уявіць сабе такое сёння немагчыма. Лукашэнкаўцы ж збіраюцца ў Палацы спорту на Нямізе.
Арганізатарамі Кангрэса апазіцыі былі намеснік старшыні Вярхоўнага Савета Генадзь Карпенка, а таксама былы міністр унутраных спраў Юрый Захаранка. У прэзідыуме былі Станіслаў Шушкевіч, Генадзь Бураўкін, Юрый Хадыка, Янка Брыль, Мечыслаў Грыб, Ніл Гілевіч і іншыя.
Лагічным працягам Кангрэса стала шэсце і мітынг апазіцыі на наступны дзень. Сабрацца нязгодным з Лукашэнкам далі на плошчы Якуба Коласа, а потым калона дайшла да Опернага тэатра, каля якога адбыўся мітынг. Прыйшло каля 30 тысяч чалавек. Уражвала, што ў той час так побач маглі праходзіць настолькі розныя мерапрыемствы.
Усебеларускі сход ахоўваўся па поўнай праграме, яшчэ ад самага ранку па тагачасным праспекце Скарыны (сёння — Незалежнасці) паехалі грузавыя аўто з АМАПам. Палац спорту па перыметры быў узяты аўтаматчыкамі, поўна АМАПа было ў Траецкім прадмесці, снайперы, сабакі. Па сканчэнні мітынга самыя гарачыя галовы пайшлі бліжэй да афіцыйнай сходкі, але спроб прарыву так ніхто і не рабіў. «Халуі!» — крычалі яны ўдзельнікам «сходу».
Што тычыцца афіцыйнага мерапрыемства, вось так яго апісвала агенцтва БелТА: «На сходзе з дакладам «Толькі народ мае права вырашаць свой лёс» выступіў прэзідэнт Беларусі. Адкрываючы сход, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «З хваляваннем пачынаю свой даклад на першым у гісторыі Усебеларускім народным сходзе. Мы стаім перад выбарам: альбо Беларусь будзе заставацца закладніцай у руках палітыкаў, што жадаюць рэваншу за свае паражэнні, альбо ж мы ўсталюем належны правапарадак і накіруем усе сілы народа на вырашэнне неадкладных праблем. Гэтымі днямі вырашаецца лёс не прэзідэнта, не інстытута прэзідэнцтва, а лёс усяго беларускага народа, будучыня нашых дзяцей і ўнукаў. У гэтай зале — паўнамоцныя выбраннікі народа, дэлегаваныя ўсёй працоўнай Беларуссю. Менавіта ваша меркаванне будзе мець вызначальнае значэнне для мяне пры прыняцці найважнейшых палітычных рашэнняў».
Цікава, што на той момант яшчэ існаваў адносны плюралізм: супраць выніковай рэзалюцыі прагаласавалі 11 удзельнікаў Сходу з 4700, а яшчэ 47 устрымаліся! Кропля ў моры, але цяпер няма і такіх.
«Любы просты грамадзянін, які паглядзеў па тэлебачанні так званы «народны сход», павінен быў зразумець, што гэта было патрэбна для замбавання насельніцтва, каб пераканаць народ прыняць Канстытуцыю дыктатуры. Такім шляхам насоўваецца дзяржаўны пераварот», — пісаў у газеце «Свабода» Генадзь Таразевіч.
Старшыня Канстытуцыйнага суда Валерый Ціхіня ацаніў выступ Лукашэнкі як «поўны канфрантацыі». «У прэзідэнцкім праекце Канстытуцыі гнілая сарцавіна», — афарыстычна сказаў Ціхіня.
Апазіцыя намаганнямі Анатоля Лябедзькі і Мечыслава Грыба тэрмінова спрабавала ўнесці праўкі ў Канстытуцыю, каб не было патрэбы ў рэферэндуме, аднак той усё ж адбыўся пры канцы лістапада 1996 года. І гэта быў адным з першых масавых пагромаў свабоды і дэмакратыі ў Беларусі, умацаванне аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі.
Каментары