Бяздомны з Мінска ўжо адбыў каля 80 сутак. Учора яго арыштавалі яшчэ на 20 за БЧБ-плакат
17 мая 58-гадовы Аляксандр Кутас выйшаў на волю пасля 25-сутачнага арышту. Мінулы раз яго затрымалі каля метро «Малінаўка» за тое, што ён прадаваў труса з БЧБ-аброжкам.
Пра гэта праваабаронцам стала вядома ад яго сукамерніка.
Увечары 23 мая Аляксандра зноў затрымалі, але ўжо каля метро «Каменная горка» за БЧБ-плакат. У Фрунзенскім РУУСе на яго склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае пікетаванне і дадалі яшчэ пратакол па арт. 24.3 КаАП за адмову прайсці ў службовы аўтамабіль.
Справай Кутаса займалася суддзя Фрунзенскага раёна Марыя Ярохіна. Першы суд адбыўся 24 траўня, але суддзя вярнула справу па двух артыкулах у РУУС «на дапрацоўку».
Па словах Кутаса, БЧБ-плакат яму далі людзі. Суддзя цікавілася, ці шмат людзей праходзіла міма плаката і ці давалі яму за гэта грошы. У матэрыялах справы таксама быў фотаздымак Кутаса разам з плакатам. На БЧБ-плакаце Аляксандра было напісана: «Вярніце мне дзяцінства, юнацтва мне вярніце, і першае каханне. Дапамажыце забыць лагера, і няхай жыве Народная Рэспубліка Беларусь».
25 траўня суддзя працягнула разгляд справы. Яна прызнала Аляксандра вінаватым па двух артыкулах КаАП і арыштавала яго на чарговыя 20 сутак арышту.
Каментары