Маці робіць «нагаточкі», сын служыў у войску. Што вядома пра сям’ю, якую вінавацяць у тэрарызме за напад на дом Гайдукевіча
На «Беларусь 1» анансавалі чарговы фільм пад назвай «Неблагородное семейство». У ім будуць расказваць пра сям’ю, якую вінавацяць у тэрарызме: за тое, што закідалі кактэйлямі Молатава дом дэпутата Алега Гайдукевіча. «Наша Ніва» высветліла, хто гэтыя людзі.
Пра напад на дом Гайдукевіча стала вядома ў чэрвені. Дэпутат паскардзіўся, што ў дом прыляцела некалькі бутэлек з гаручым рэчывам, будынак цудам не загарэўся. Пацярпеў толькі коцік, у якога трохі абгарэлі вусы і нос. Неўзабаве КДБ завёў па гэтым факце крымінальную справу за тэрарызм.
Сёння стала вядома, што дзяржтэлебачанне пакажа затрыманых — яшчэ да вынясення прысуду.
Да выхаду фільма БТ «Наша Ніва» пагаварыла са сваякамі затрыманай сям'і.
Вольга і Віталь Вайцяховічы жылі ў Барысаве. 48-гадовая Вольга займалася нарошчваннем пазногцяў.
Яе 56-гадовы муж Віталь працаваў на вытворчасці драўляных вокнаў.
У іх трое дзяцей: дарослыя дачка і сын ужо ў шлюбах, жывуць асобна, малодшаму сыну, які жыў з імі, — 9 гадоў.
Сын Улад скончыў Вайсковую акадэмію, пасля жыў у Мінску. Ажаніўся, дзяцей пакуль не меў. Жонка Насця працавала прадавачкай у краме зоатавараў. Уладу 26 гадоў, Насці — 24.
«Улад вучыўся на нейкую спецыяльнасць, звязаную з унутранымі войскамі, пасля акадэміі служыў у Мінску. Я дакладна не ведаю дзе, глядзеў за салдатамі, штосьці такое, — расказвае «Нашай Ніве» родная сястра хлопца Хрысціна. — Але пасля выбараў Улад звольніўся адтуль. Ён казаў, што яму цяжка знаходзіцца ў той абстаноўцы, казаў, што маральна не вытрываў. Цяпер працаваў звычайным таксістам».
«Мы даведаліся, што ўсіх чацвярых затрымалі ў адзін дзень каля 5-й раніцы»
Хрысціна згадвае пра затрыманне родных.
«13 жніўня я спала дома. Мне пазванілі і сказалі, што маму затрымалі. Я спачатку нічога не зразумела. Разгубілася, нават не стала нічога ўдакладняць. Пачала званіць тату, Уладу, жонцы Улада — ва ўсіх недасяжныя тэлефоны. Тады я спалохалася, зразумела, што нешта не так.
Пасля я набрала бабулі — маме маёй матулі. Бабуля сказала, што маці раніцай прыязджала да яе, пакінула малодшага сына і сказала, што ёй трэба з’ездзіць у Мінск, — кажа Хрысціна. — Па выніку аказалася, што маму затрымалі.
Тады мы пачалі тэлефанаваць на тыя нумары, з якіх мне пазванілі. Там адказвалі, што на сувязі дзяжурны, ён не ведае, хто і пра што са мной гаварыў. Мы званілі ў КДБ, на Акрэсціна, нам нічога не казалі: маўляў, пасля ўсё даведаецеся. Толькі пазней нам ужо пазванілі следчыя і адвакаты.
Мы даведаліся, што ўсіх чацвярых затрымалі ў адзін дзень каля 5-й раніцы. Бацька тады быў на лецішчы. Прайшлі ператрусы: у кватэры бацькоў, у кватэры Улада, на лецішчы, праглядалі скляпы, гараж.
У бацькоў усё было больш-менш прыстойна пасля ператрусу, але ў брата ўсё было перакуленае. Туды ездзіў мой муж забіраць рэчы і жывёл. Ва Улада з Насцяй былі два сабакі, кот і трусік, цяпер жывёлы ў Насцінай мамы».
«Бацька піша, што ён у шоку ад затрымання маці»
Дзяўчына кажа, што не ведае дакладна, у чым абвінавачваюць яе сям’ю.
«Адвакаты сказалі, што яны пад падпіскай аб неразгалошванні, таму нельга нам казаць пра абвінавачванне. Да нас даходзяць чуткі і меркаванні, што там ці то тэрарызм, ці то пакушэнне на чалавека, але мы не ведаем, што канкрэтна. Нам нічога не кажуць.
Цяпер мама на Валадарцы, астатнія ў СІЗА КДБ. Лісты даходзяць, перадачы таксама.
У лістах бацька піша, што ён у шоку ад затрымання маці. Кажа, што шкадуе, што туды трапіў, просіць за ўсё прабачэння. Брат асабліва нічога такога не піша, проста паведамляе, што чакае ад нас лістоў. Маці піша тое ж, што і бацька: прабачце, мы не думалі, што тут апынёмся, усякае такое», — расказвае Хрысціна.
«Летам мы бачыліся з бацькамі, я не заўважала, каб штосьці было не так»
Яна кажа, што навіна пра дом Гайдукевіча і кактэйль Молатава прайшла міма яе.
«Я першы раз чую пра такое! Нічога не чытала пра гэта, — кажа Хрысціна. — Летам мы бачыліся з бацькамі, я не заўважала, каб штосьці было не так. За пару дзён да затрымання бацькі прыязджалі да нас з мужам — усё таксама было як звычайна. Нічога падазронага ў іх паводзінах я ніколі не заўважала.
Пра палітыку мы з імі не гаварылі, ці былі яны на пратэстах — я не ведаю. Ніколі такое не абмяркоўвалі.
Таму мы і вельмі здзівіліся, калі іх усіх чацвярых забралі. Я была ў шоку і не разумела, у чым справа.
Малы, мой малодшы брат, цяпер у бабулі. Мы яму кажам усё як ёсць — што бацькоў затрымалі невядома за што. Канечне, спачатку ён плакаў, згадваў пра бацькоў, казаў, як іх не хапае, згадваў, як ад мамы смачна пахла крэмам».
Цяпер Вайцяховічам пагражае да 15 гадоў за акт тэрарызму.
«Мы маральна рыхтуемся, што тата і брат будуць там доўга. А наконт мамы і Насці ўсё ж ёсць спадзяванні, што іх выпусцяць дадому.
Я цвяроза гляджу на сітуацыю, разумею, што калі яны трапілі па такіх абвінавачаннях, то зразумела, што ніхто сёння не выйдзе проста так адтуль. Але я не лічу, што яны вінаватыя. Ці прызнаў хто з родных віну — адвакаты нам не адказваюць, — распавядае Хрысціна. — Адвакаты кажуць: магчыма, мама будзе хутка дома, але бацька і Улад там надоўга. Кажа, у іх усё сур’ёзна».
Каментары