Улада

Экс-калега расказвае пра міністра адукацыі: «У Акадэміі навук яго называлі «Граза дзядам»

Пра 37-гадовага Андрэя Іванца, прызначанага міністрам адукацыі, расказвае Сяргей Бесараб, вучоны, папулярызатар навукі, аўтар блогу LAB-66. Бесараб — былы супрацоўнік лабараторыі адсарбентаў і каталізатараў Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі. Іванец яшчэ нядаўна быў загадчыкам гэтай лабараторыі. 

Андрэй Іванец. Фота: прэс-служба Лукашэнкі

Бесараб працаваў у лабараторыі адсарбентаў амаль 10 гадоў.

«У Акадэміі навук справы робяцца так: яна існуе на фінансаванне ад праектаў, якімі кіруюць буйныя навукоўцы. Адным з такіх быў Анатоль Іванавіч Рацько, які кіраваў нашай лабараторыяй. У яго былі некалькі праектаў, праз якія ішло фінансаванне.

У Рацько быў адзіны аспірант — Андрэй Іванец. У 2011 Рацько раптоўна памёр і так атрымалася, што ў яго праектах ніхто не разбіраўся акрамя Іванца, — расказвае Сяргей Бесараб. — І Іванца зрабілі выконваючым абавязкі загадчыка лабараторыяй, у гэтым статусе ён правёў гады два. Пасля стаў загадчыкам». 

Сяргей Бесараб, фота з яго сацсетак

Іванец быў звычайным хлопцам, асабліва нічым не вылучаўся, кажа пра яго Бесараб. 

«Як кіраўнік ён быў такі абасоблены, асабліва не ўмешваўся ў жыццё лабараторыі. Але і не перашкаджаў нейкім ініцыятывам. Неяк не характарызаваўся ані добра, ані кепска. Сярэдне, — працягвае Сяргей Бесараб. — Нават пра спорт асабліва не гаварыў, хіба аднойчы, калі абмяркоўвалі, якія дысцыпліны цікавейшыя. Я спартыўны турыст, але Іванец мне кажа: «Не разумею людзей, якія лезуць на гару з заплечнікам». Я адказаў, што не разумею людзей, якія кілаграмы жалеза падымаюць, ну і ўсё. 

Так, раней ён быў вельмі таленавітым юнаком, алімпіяднікам. Але калі паглядзець біяграфію алімпіяднікаў, якія былі больш паспяховымі, чым Іванец, дык яны нічым не адзначыліся ў сталым узросце. Бо алімпіяды — гэта спорт таксама. 

Іванец добра праявіў сябе падчас вучобы ў ліцэі, але я не магу сказаць, што пасля ён паказаў нейкія навуковыя дасягненні. У яго кіраўніка было дастаткова цікавых тэм, высокатэхналагічных. А ў Іванца… Ён сярэдні як навуковец.

Калі чалавек, які разбіраецца ў хіміі, паглядзіць спіс навуковых прац Іванца, то ўбачыць, што там усё дастаткова банальна».

Фота: «Веснік «Белнафтахіма»

Па яго словах, да 2020 года Андрэй Іванец неяк не выказваўся пра палітыку і не праяўляў сваёй грамадзянскай пазіцыі. 

«Ён быў звычайны хлопец, такіх хлопцаў шмат. Хутчэй добры, чым дрэнны. 

Так было да 2020 года. А ў 2020 Андрэй Іванец праявіў пралукашэнкаўскую пазіцыю — і адразу ў яго пачаўся неверагодны кар’ерны рост, — расказвае Бесараб. — Па-першае, Іванец стаў даверанай асобай Лукашэнкі. Сам папрасіўся. 

Таксама пачаў прапагандаваць сваю пазіцыю калі трэба і калі не трэба. Нават непублічна, з блізкімі людзьмі.

У Інстытуце хіміі НАН было шмат супрацоўнікаў, якія працавалі там па 30, па 40 гадоў. Дастаткова пажылыя людзі. І вось ён пачынаў навязваць ім свае развагі пра тое, як мы тут жывем: што гэта ўсё дзякуючы аднаму чалавеку…

Гэта выглядала дзіўна з боку маладога хлопца. Асабліва для тых, хто ведаў раней Андрэя, бо ён быў дастаткова апалітычны, сам сабе наўме, ніколі раней такія тэмы не падымаў. А тут пачаў пра гэта гаварыць. Гэта раздражняла — бо ўсе ж бачылі, якая сітуацыя ў Беларусі. 

Але ў адказ супрацоўнікі звычайна проста маўчалі, нават калі ў сэрцы было тое ж, што і ў астатніх беларусаў. Адчувалі, што не проста так Іванец пачаў такія размовы. Бо там у асноўным старыя людзі, пераважна жанчыны.

У Акадэміі быў даволі моцны пратэсны рух, нават быў жа ліст беларускіх навукоўцаў супраць гвалту — але з Інстытута хіміі той ліст падпісаў хіба не адзін я. 

Пасля таго, як Іванец пабыў даверанай асобай Лукашэнкі, пачаўся ў яго рост. Вельмі імклівы, незразумелы людзям. Многія былі проста шакаваныя. 

У Іванца вельмі цесныя адносіны з Гусаковым (Уладзімір Гусакоў, старшыня Прэзідыума Акадэміі навукНН). Мне складана казаць, як Іванец змог заваяваць давер Гусакова, але ён стаў навуковым сакратаром — фактычна правай рукою кіраўніка.

Уладзімір Гусакоў дэманструе Лукашэнку лыжы

Іванец цалкам выконваў усе загады, нават самыя дзіўныя, не думаючы. І амаль усё ўзаемадзеянне з акадэмікамі Акадэміі Гусакоў дэлегаваў Іванцу. Як казалі ў Акадэміі пра яго: «Граза дзядоў», усе дзяды трасуцца перад сустрэчай з Іванцом». Бо ён трымаў іх, як казалі, у яжовых рукавіцах, яны яго баяліся. У чым там нюансы — мне сказаць цяжка. Але акадэмікі ў вочы ставіліся вельмі лісліва да маладога Іванца, але за спінаю лілі столькі бруду ў яго адрас…»

Увосень 2020 года з Сяргеям Бесарабам не працягнулі кантракт. 

«Пасля падпісання ліста супраць гвалту ад Іванца я ніякіх пагроз не атрымліваў, — кажа Бесараб. — Але ён і не такі чалавек, які дзейнічае прама. Ён рэдка дае пісьмовыя загады, часцей усё на словах, у прыватных размовах. Мне праз некалькіх чалавек дайшла інфармацыя, што Іванец хоча мяне звольніць.

Пра гэта стала вядома пасля планёркі ў Прэзідыуме Акадэміі. На планёрцы аказалася, што да Гусакова дайшла інфармацыя: нейкі хімік даў інтэрв’ю наконт Сцяпана Латыпава. (Бесараб у сваім блогу аналізаваў хімікаты, якія знайшлі ў жыхара Плошчы Перамен — НН). Таму Іванцу было сказана: «У тваёй лабараторыі вось такое!?»

Іванец другі справа. Фота: прэс-служба Лукашэнкі

Іванец паклікаў мяне па нейкіх працоўных пытаннях. Кажа, зайдзі да мяне. А за дзень да таго Прэзідыум Акадэміі выпусціў свой гратэск: адказ расійскім навукоўцам, якія падтрымалі беларускіх пратэстоўцаў. І я спытаў з месца ў кар’ер, ці падпісваў ён той зварот? Бо прозвішчы там не былі ўказаныя.

Іванец ведаў, што я займаю актыўную пазіцыю, але з такім тварам, нібыта нічога не адбываецца, адказаў, што падпісваў. Гэта мяне шакавала. Я сказаў, што не сяду з ім за адзін стол, рукі не падам развярнуўся і выйшаў. Я разумеў, што пасля такога мая песенька ў Акадэміі спетая».

Бесараб расказвае, якую рэакцыю ў яго выклікала прызначэнне Андрэя Іванца міністрам адукацыі:

«Я ж раней бачыў навіны пра раптоўнае прызначэнне яго членам-крэспандэнтам НАН, таму хіба быў здзіўлены імклівасцю. А так… Я ж сачу за беларускімі навінамі, таму дзівіцца даўно перастаў. Іванец да адукацыі ніякага дачынення не мае, на маю думку, гэтае прызначэнне не мае сэнсу.

Лукашэнку лепш бачна, чым нейкаму хіміку, каго куды прызначаць, — іранізуе суразмоўца. — Але падчас працы з Іванцом я не бачыў ад яго нейкіх цікавых ці інавацыйных падыходаў, ён чалавек хутчэй кансерватыўны.

Ён будзе працягваць тое, што рабіў Карпенка, але з маладым задорам, тут я ўпэўнены. Любы беларус чакаў бы, што міністрам адукацыі стане педагог, але ж…»

Фота: прэс-служба Лукашэнкі

Але ж тэму адукацыі Іванец закранаў як мінімум падчас сустрэч з людзьмі перад выбарамі-2020. Тады ён выказаўся, што «настаўнік не павінен звяртаць увагу на сваю зарплату, паколькі прафесія настаўніка з'яўляецца пакліканнем».

Сяргей Бесараб каментуе гэта так:

«Такія выказванні былі ў яго ўвесь час. Калі людзі пачыналі скардзіцца, маўляў, Андрэй Іванавіч, у лабараторыі грошай няма, то Іванец казаў, што навука — гэта пакліканне. Тут працуюць за ідэю, казаў, а не за грошы. Прытым цікава, што я працаваў за ідэю, але ж бачыце — выкінулі з Акадэміі, хай я меў і патэнтаў больш, чым у некаторых акадэмікаў».

Чытайце яшчэ:

«Настаўнік не павінен звяртаць увагу на зарплату, бо гэта пакліканне». Пяць фактаў пра новага міністра адукацыі

Новы міністр адукацыі назваў галоўныя пытанні на новай пасадзе. І гэта зусім не ўзровень ведаў

Каментары

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць37

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць

Усе навіны →
Усе навіны

Паліцыя зноў разагнала мітынг у цэнтры Тбілісі

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў7

Што свет думае пра вайну ва Украіне цяпер? Карта пазіцый краін1

Камандзір Палка Каліноўскага: Беларускія добраахвотнікі маюць тыя ж сацыяльныя гарантыі, што і ўкраінскія вайскоўцы6

У Грузіі працягваюцца пратэсты, паліцыя прымяніла вадамёты1

Спевака Дзядзю Ваню будуць судзіць за ўдзел у пратэстах4

Навукоўцы знайшлі тлумачэнне «туману ў галаве» пасля кавіду1

Мінскія ўлады прадпісваюць упрыгожваць навагоднія вітрыны толькі «элементамі славянскага паходжання»7

Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы кажа, што рост колькасці імігрантаў з Беларусі ўяўляе пагрозу. Але па статыстыцы беларусаў у Літве становіцца менш10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць37

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць

Галоўнае
Усе навіны →