Мінздароўя прыпыніла дзеянне ліцэнзій на дзейнасць медцэнтраў «Ладэ» і «Клініка А1»
Рашэнне аб прыпыненні ліцэнзій двух медцэнтраў было прынятае на пасяджэнні лячэбна-кантрольнай рады Міністэрства аховы здароўя 4 мая. На ім разглядаліся «пытанні парушэнняў выканання заканадаўства аб ахове здароўя, аб санітарна-эпідэмічным дабрабыце, аб ліцэнзаванні ў гэтых арганізацыях».
У дзейнасці згаданых медцэнтраў камісія Мінздароўя, паводле афіцыйнага паведамлення, выявіла шмат парушэнняў, якія нібыта і сталі прычынай прынятага рашэння.
«Ладэ»:
- ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці ў месцы, не пазначаным у ліцэнзіі;
- парушэнні патрабаванняў клінічных пратаколаў дыягностыкі і лячэння;
- наяўнасць лекавых сродкаў, у якіх выйшаў тэрмін прыдатнасці;
- парушэнні парадку арганізацыі аказання неадкладнай дапамогі;
- грубыя парушэнні правядзення экспертызы часовай непрацаздольнасці (выяўлена 89 выпадкаў неабгрунтаванай выдачы і працягнення лісткоў непрацаздольнасці);
- парушэнні ў арганізацыі правядзення медыцынскай дапамогі дзецям;
- шматлікія парушэнні заканадаўства ў галіне захавання санітарна-эпідэмічных нормаў.
«Клініка А1»:
- выкарыстанне медабсталявання без дамовы на яго тэхнічнае абслугоўванне і рамонт;
- адсутнасць санітарнага пашпарта на лазерную сістэму;
- шматлікія парушэнні заканадаўства аб санітарна-эпідэмічных нормах;
- парушэнні пры аказанні пацыентам медпаслуг;
- няякаснае вядзенне дакументацыі;
- адсутнасць атрымання згоды пацыентаў на правядзенне ўмяшальніцтваў;
- парушэнне парадку правядзення медыцынскіх аглядаў у частцы: афармлення дзённікавых запісаў, устанаўлення клініка-функцыянальнага дыягназу;
- парушэнні клінічных пратаколаў дыягностыкі і лячэння пацыентаў.
Іншыя падрабязнасці гэтай справы пакуль невядомыя.
Нагадаем, што «Ладэ» — самы буйны прыватны медцэнтр у Беларусі. Сёлета яму спаўняецца 30 гадоў.
Як правіла, такія вялікія структуры не пазбаўляюць ліцэнзій без палітычных матываў.
Хто ведае сапраўдныя прычыны спынення дзейнасці «Ладэ» і «Клінікі А1», мае больш інфармацыі пра сітуацыю, працуе ў клініках, пішыце ў наш бяспечны @Nasa_Niva_Bot.
Каментары