Спорт

«Усё перавернутае з ног на галаву». Славуты беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч асеў у Закапаным

Незадоўга да лютаўскай Алімпіяды ў Пекіне з Беларусі выехаў Сяргей Далідовіч — славуты атлет і адзіны лыжнік у гісторыі, які прымаў удзел ажно ў сямі алімпіядах. Разам з Сяргеем за мяжу з’ехалі і яго родныя, у тым ліку дачка Дар’я, таксама лыжніца, якую пры скандальных акалічнасцях адхілілі ад турніраў. «Наша Ніва» пацікавілася, як цяпер маецца сям’я Далідовічаў.

Усе фота: архіў Сяргея Далідовіча

Гісторыя Сяргея Далідовіча і яго дачкі ўпершыню прагучала ў канцы 2021 года. Тады стала вядома, што Дар’ю, маладую лыжніцу, беларуская федэрацыя лыжных гонак на год адхіліла ад спаборніцтваў. Афіцыйная прычына — дзяўчына нібыта паводзіла сябе не так, як гэта патрабуецца ад спартсменкі, і вярнула арганізатарам Мінскага кубка па лыжаролерах уручаныя ёй прызы, бо яны ёй не спадабаліся. Але ж сам Далідовіч упэўнены: гэта помста за яго грамадзянскую пазіцыю і смелыя выказванні пра паслявыбарчую Беларусь.

Цяпер сям’я жыве ў мястэчку Касцяліска пад Закапаным. Славуты лыжнік вывучае польскую мову і шукае працу па спецыяльнасці. Мае і канкрэтную прапанову працы, да якой спадзяваецца хутка прыступіць.

Што да дачкі Далідовіча, то ёй давядзецца вучыцца ў школе на два гады даўжэй.

«У Беларусі Дар’і заставалася тры месяцы да заканчэння сярэдняй школы. Калі мы прыехалі ў Польшчу, пачалі шукаць варыянты. Закапанае — гэта зімні курорт, таму тут культывуюцца зімнія віды спорту, і ёсць адпаведная школа-інтэрнат. Дар’ю залічылі ў гэтую гімназію, і ёй цяпер трэба правучыцца там яшчэ два гады, каб скончыць сярэднюю адукацыю».

Адначасова з гэтым Дар’я трэніруецца, будзе пераходзіць у біятлон:

«На нас выйшла Юстына Кавальчык, вядомая польская лыжніца, алімпійская чэмпіёнка, якую я ведаў больш за дзесяць гадоў. Цяпер яна працуе спартовым дырэктарам польскай федэрацыі біятлона. Юстына прачытала артыкулы пра нас у польскіх медыя і звязалася з намі. Не тое каб, нас прынялі бясплатна, хутчэй, дапамаглі з жытлом, з афармленнем дакументаў і ўладкаваннем у школу. Пакуль што Дар’я трэніруецца, і ў будучым, я думаю, будзе выступаць за Польшчу. Надуманая дыскваліфікацыя, як у беларускім лыжным спорце, тут наўрад ці магчымая.

У польскай лыжнай федэрацыі нам таксама жадалі дапамагчы, але ж першымі да нас звярнуліся з біятлоннай федэрацыі, таму нам было лягчэй камунікаваць з імі. Я сам ведаў некаторых людзей, якія цяпер працуюць з біятлонам у Закапаным, і Дар’я хацела займацца біятлонам».

Складана пакуль сказаць, калі Дар’я магла б выступаць за польскую зборную і наколькі гэта магчыма. Сяргей распавядае, што зімой яны з дачкой прасілі адкрыць Дар’і FIS-код, які ёй заблакавалі беларусы і без якога яна не можа спаборнічаць. У адказ пачулі, што цяпер заблакаваная ўся беларуская лыжная федэрацыя і немагчыма асобна разблакаваць адну спартсменку. Але ж Дар’я ніколі не выступала за беларускую біятлонную федэрацыю, таму з гэтым відам спорту можа быць лягчэй.

Сяргей падкрэслівае, што, акрамя магчымасцяў развіцця для яго дачкі, важнай прычынай ад’езду з краіны было пытанне ўласнай бяспекі:

«У мой адрас гучалі пажаданні ад «добразычліўцаў», каб я перастаў даваць інтэрв’ю, бо інакш «мне будзе горш». І мы прынялі рашэнне не чакаць іншага папярэджання. Добра, што ў Беларусі засталіся неабыякавыя людзі, якія перадалі мне інфармацыю пра небяспеку. Я заўсёды выказваўся ў сваіх інтэрв’ю акуратна і стараўся нікога не абразіць, проста казаў тое, што ёсць. Але, на жаль, цяпер нельга гэта.

Хутчэй за ўсё, мяне вымусіла з’ехаць менавіта дыскваліфікацыя дачкі, тое, як усё гэта было праведзена — за спінай, без тлумачэнняў. Пісалі пра яе няпраўду — маўляў, што яна ледзьве не разарвала дзяржаўны сцяг.

Гэтую гісторыю можна характарызаваць так: «Хочаш, каб табе паверылі? Брашы як мага гучней». Я пайшоў у Нацыянальны алімпійскі камітэт, а мне адказалі, што вераць іншым людзям, то-бок нават не паспрабавалі разабрацца. Тады я зразумеў, што ўсё скончана».

Гэтая гісторыя, падкрэслівае Далідовіч, добра паказвае стаўленне да спартсменаў. Што да самога спорту, то, іранізуе Сяргей, у ім усё не так і дрэнна:

«Бачу, як у нас чыноўнікі выказваюцца пра санкцыі ў спорце. Выглядае, нібыта яны гэтага і чакалі (усміхаецца). З іншага боку, да санкцый спартсмены выступалі на міжнародных стартах і мелі шансы зарабіць нейкую стыпендыю. Для кагосьці санкцыі — гэта наадварот добра. Такім людзям не трэба паказваць вынікі і ездзіць на вялікія спаборніцтвы, яны проста будуць атрымліваць мінімальныя грошы. А для атлетаў топ-узроўню тое, што адбываецца — гэта, наадварот, дрэнна, бо асноўныя свае стыпендыі гэтыя людзі зараблялі за мяжой.

[Міністр спорту Сяргей] Кавальчук сказаў пра тое, што чыноўнікі падрыхтуюць для спартсменаў унутры Беларусі добрыя прызавыя. Але мне цікава, як будуць на гэта рэагаваць простыя людзі? Калі спартсмен нешта выйграе ў Расіі, а атрымлівае за гэта, нібыта ён — алімпійскі чэмпіён, наколькі гэта будзе справядліва?

Пакуль я бачу, што наша краіна зайшла не туды, куды трэба. Пакуль што, здаецца, гэта не тупік, і з гэтай сітуацыі яшчэ можна неяк выбрацца, яшчэ ёсць час».

Цяпер, калі большасць беларускіх і расійскіх спартсменаў адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў праз вайну, у дзяржаўных медыя гучаць сцверджанні пра арганізацыю сумесных турніраў. Маўляў, гэта дасць магчымасць спартсменам, пазбаўленым вялікіх стартаў, атрымаць патрэбную для развіцця канкурэнцыю. Але ж Сяргей Далідовіч не згодны з тым, што беларуска-расійскія турніры ў гэтым дапамогуць:

«Я нарадзіўся ў СССР і спаборнічаў у Савецкім Саюзе, ведаю, як гэта было. І цяпер усё будзе як у маленькім Савецкім Саюзе з Беларусі і Расіі. Але ж будзе адна маленькая розніца: у савецкай зборнай людзі мелі магчымасці выязджаць на чэмпіянаты свету, ездзілі на Сусветную ўніверсіяду, Кубак свету.

А цяпер спартсмены могуць паехаць ці на чэмпіянат Расіі, ці на чэмпіянат Беларусі. Не ведаю, у каго гэта можа выклікаць цікавасць. Можа, нашы чыноўнікі думаюць падключыць Кітай да спаборніцтваў, але сумняваюся, што Кітаю патрэбныя зімовыя віды спорту цяпер, калі Алімпіяда ўжо прайшла.

Не ведаю, каму стала добра ад таго, што я з усёй сям’ёй з’ехаў з Беларусі. Краіна ад гэтага дакладна не выйграла, як і ад ад’езду шматлікіх іншых беларусаў. Проста наша нацыя губляе маладых, здаровых людзей, якія маглі б яе праслаўляць, і не абавязкова ў спорце, нараджаць дзяцей. Як іх усіх замяніць? Для любой краіны страціць столькі людзей, якія маглі б прыносіць ёй карысць, — гэта шлях у нікуды».

Беларусь мае не найлепшыя вынікі ў лыжных спаборніцтвах. Напрыклад, на пекінскай Алімпіядзе, якая прайшла ў лютым гэтага года, частку гонак беларускі прапусцілі. Прадстаўніца беларускай зборнай Ганна Каралёва была заяўленая толькі на гонку на 30 кіламетраў, але ж не стартавала.

Пакуль Далідовіч знаходзіўся ў Беларусі, ён спрабаваў наладзіць дыялог з беларускімі чыноўнікамі наконт дыскваліфікацыі дачкі (Дар'я магла б палепшыць рэйтынг зборнай), але ж не ўсё атрымлівалася:

«Спачатку маглі камунікаваць з імі тэт-а-тэт, а пазней ужо абменьваліся лістамі. З цягам часу людзі, якія за ўсё гэта адказныя, увогуле перасталі выходзіць на сувязь. Магчыма, саромеліся ці думалі, што я ніжэйшы за іх па рангу, і таму мы не можам абмеркаваць з імі нейкія пытанні. Гэта іх справа.

Часам у людзей ёсць рычагі, і яны могуць неяк паўплываць на сітуацыю, я ж ніякіх рычагоў не меў. Мог толькі з’ехаць і даць шанс сябе рэалізаваць як Дар’і, так і Злаце, сваёй малодшай дачцэ, якой цяпер шэсць гадоў. Невядома, ці быў бы ў яе такі шанс, калі ў Беларусі і далей застанецца тая ж улада, якая там сёння.

Не маю ніякай крыўды на тых людзей, якія вымусілі нас з’ехаць. Ужо выкрасліў іх са свайго жыцця, ды і ўвогуле астыў. Нават не цікаўлюся тым, што адбываецца ў беларускім спорце».

Атлета можна зразумець — далёка не ўсе падтрымалі яго ў складанай сітуацыі з адхіленнем дачкі. Яе дыскваліфікацыя праходзіла на трэнерскай радзе і адбылася фактычна адзінагалосна, але ж ёсць адна яркая дэталь:

усіх тых, хто ў студзені выступаў за дыскваліфікацыю Дар’і, цяпер прыбралі з нацыянальнай каманды — маўляў, паказалі дрэнныя вынікі ў сезоне.

То-бок скандальнае рашэнне не прынесла тым, хто яго прымаў, нейкай стабільнасці ў жыцці. 

«Ведаю людзей, якія падпісвалі праўладны ліст, але гэта не выратоўвала іх ад звальнення, — дадае Далідовіч. — Наўрад ці гэта прымусіла змяніць іх свой погляд. Людзі яшчэ пяць месяцаў паатрымлівалі заробак, можа, цяпер знойдуць сябе ў сумежных відах спорту.

Ніхто нікога не прымушаў пад дулам пісталета падпісваць праўладны ліст спартсменаў, як і ліст за сумленныя выбары. Ведаю людзей, якія не падпісвалі праўладны ліст, і ім нічога за гэта не было».

Пасля ад’езду Далідовіча да яго суседзяў па доме ў Беларусі прыходзілі сілавікі і прапаноўвалі ім стаць панятымі пры вобшуку. Здаецца, навіна трывожная, але ж лыжнік не ўпэўнены, што вобшук павінен быў адбыцца менавіта ў яго кватэры:

«На два этажы ніжэй жыве чалавек, які мне вінен грошы, і я спрабаваў дабіцца праз суд, каб ён мне іх вярнуў. Толькі тады, калі я атрымаў судовую пастанову, даведаўся, што з’яўляюся ўжо сёмым ці восьмым прэтэндэнтам на вяртанне доўгу ад яго. Так што невядома, ці то да яго прыходзілі з вобшукам, ці то да мяне. У нас нічога не ўзломлівалі, бо нас і не было.

Акрамя гэтага, увагі да мяне не было. Магчыма, выратоўвала тое, што я спартсмен, удзельнік алімпіяд. У любым разе лічу, што чалавек павінен не баяцца гаварыць праўду, асабліва калі ты кажаш відавочныя рэчы».

Сяргей на справе даказвае сваю прыхільнасць гэтаму прынцыпу. З апошніх крокаў — падпісанне міжнароднай антываеннай дэкларацыі спартсменаў:

«Усе довады, якія там прыведзеныя, я падтрымліваю як чалавек, які і ў 2020-м выступіў за справядлівасць. Як можна спакойна ставіцца да вайны, якую Расія развязала ва Украіне? У мяне так шмат знаёмых, якія ва Украіне, і я дакладна ведаю, што яны не фашысты.

Усё перавернутае з ног да галавы. У Беларусі большасць не падтрымлівае вайну, і, напэўна, гэта таму што ў нас не было такіх тэлеканалаў, дзе б восем гадоў распавядалі, што ва Украіне — фашызм. Здаецца, у Расіі проста паверылі ва ўсё гэта. Украінцы супраць фашызму і я супраць фашызму, дык хто з кім ваюе?

Большасць людзей абалванілі. У 2020 годзе большасць адказнасці неслі тыя, хто падрабляў подпісы на выбарчых участках, а цяпер гэтак жа вінаватыя прапагандысты. Гэтыя людзі павінны працаваць як журналісты і несці праўду, але яны проста зарабляюць грошы і абалваньваюць тых, каму не хапае доступу да праўдзівай інфармацыі, у тым ліку па прычыне ўзросту.

Што да антываеннай дэкларацыі, падкрэслю, што войскі павінны быць выведзеныя і з беларускай тэрыторыі. Бо калі і з яе ляцяць ракеты, то наша краіна нясе такую ж адказнасць за падзеі.

Калі людзі ва ўладзе робяць выгляд, што яны не ведаюць, што ад нас ляцяць ракеты, гэта значыць, што яны не ведаюць, што адбываецца ў іх краіне».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«У нас быў змяіны калектыў». Найлепшая лучніца краіны — пра ад’езд у Польшчу і беларускі спорт

Каментары

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць32

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць

Усе навіны →
Усе навіны

Паліцыя зноў разагнала мітынг у цэнтры Тбілісі

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў7

Што свет думае пра вайну ва Украіне цяпер? Карта пазіцый краін1

Камандзір Палка Каліноўскага: Беларускія добраахвотнікі маюць тыя ж сацыяльныя гарантыі, што і ўкраінскія вайскоўцы6

У Грузіі працягваюцца пратэсты, паліцыя прымяніла вадамёты1

Спевака Дзядзю Ваню будуць судзіць за ўдзел у пратэстах4

Навукоўцы знайшлі тлумачэнне «туману ў галаве» пасля кавіду1

Мінскія ўлады прадпісваюць упрыгожваць навагоднія вітрыны толькі «элементамі славянскага паходжання»7

Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы кажа, што рост колькасці імігрантаў з Беларусі ўяўляе пагрозу. Але па статыстыцы беларусаў у Літве становіцца менш10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць32

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць

Галоўнае
Усе навіны →