Эканоміка1212

«Гэта залатое дно». Як Лукашэнка з 2004 года «ратуе» Мінскі мотавелазавод

Ужо не ўпершыню Лукашэнка «ратуе» Мотавелазавод. Словы пра тое, што гэта брэнд краіны, што ніхто не дасць завод прыватызаваць, што дзяржава будзе рабіць усё для яго падтрымкі, паўтараюцца з 2004 года. За гэтыя гады рыторыка Лукашэнкі ў рэпліках пра завод не змянілася. А сітуацыя станавілася ўсё горшай.

У пачатку 2000-ых беларускія веласіпеды сталі не вытрымліваць канкурэнцыі з кітайскімі і расійскімі, іх пачалі выцясняць з іх традыцыйных рынкаў. Дайшло да таго, што беларускія веласіпеды сталі незапатрабаванымі і ў самой Беларусі. Лукашэнка перыядычна ездзіў на завод.

2004 год

Лукашэнка заяўляў, што «Мотавела» неабходна праводзіць больш гнуткую вытворчую палітыку з улікам патрэбаў рынку.

«Калі спынімся, затармозім развіццё, то нашы пазіцыі будуць згубленыя. Зараз вялікі попыт на нашу тэхніку, у тым ліку ровары! Мы не павінны страціць рынкі збыту», — падкрэсліваў тады Лукашэнка.

Ён настойваў на неабходнасці прыняцця тэрміновых мер па павышэнні якасці. Ужо тады беларускія веласіпеды былі дарагімі ў параўнанні з кітайскімі і саступалі ім у якасці. А традыцыйныя рынкі былі страчаны.

2005 год

У 2005 годзе вядомае ў мінулым прадпрыемства стала дэ-факта банкрутам. Увосень рабочыя, якім не выплацілі заробак, нават перакрылі Партызанскі праспект і абвясцілі страйк.

«Мне толькі што паведамілі, што некаторыя работнікі ААТ «Мотавела» незадаволеныя, што ім зарплату своечасова не выплацілі. Некалькі дзясяткаў чалавек выйшлі ледзь не на вуліцу. Але гэта прыватнае прадпрыемства.

У свой час гэты завод выкупілі, а сёння прыходзяць і кажуць — забярыце нас. Вядома, забяром. Але на гэта час трэба.

Але вы ж купілі завод, вы за яго адказваеце. Калі ласка, працуйце. Я цяпер раблю намаганні, каб вярнуць прадпрыемства. Мы павінны за іх даўгі заплаціць, выплаціць незаробленую зарплату. Але сябе так паводзіць не трэба. Купілі завод — думайце, як працаваць далей. Я такога ціску не пацярплю і не ўспрымаю яго», — казаў Лукашэнка.

Кіраўніцтва прадпрыемства пры падтрымцы ўрада прапаноўвала дзяржаве выкупіць акцыі. Лукашэнка адхіліў гэтую прапанову. Паводле яго слоў, «яны калісьці дзяржаўныя акцыі забралі фактычна бясплатна» і «давялі прадпрыемства да «ручкі».

«Хочуць падтрымкі — акцыі на стол, прадпрыемства вяртаецца 100% дзяржаве. І мы ім, можа быць, пазычым некаторую суму грошай. Стануць на ногі — грошы павінны вярнуць народу», — падкрэсліў Лукашэнка.

Пытанні, звязаныя з выплатай заработнай платы ў прыватных прадпрыемствах, не залежаць ад дзяржавы, заяўляў тады Лукашэнка.

Палітык ухваліў планы па выпуску на «Мотавела» бульбаўборачных камбайнаў па дзяржзамове. За 10 гадоў ніякіх камбайнаў і ў паміне не з'явілася.

2012 год

«Я ніколі ў жыцці не аддам і не страчу гэтую марку. Мы зробім самае сучаснае прадпрыемства, — сказаў палітык. — Гэта таксама вялікі страх, каб не страціць гэты брэнд і каб мае людзі, мае рабочыя, мой народ мелі магчымасць працаваць, зарабляць і карміць сваіх дзяцей».

«А тое, што гэтыя «пятакалоннікі» ныюць і выюць… Вы іх палітыку ведаеце, я таксама гэта вельмі добра ведаю. Таму хай думаюць так, калі ім гэта выгадна», — падсумаваў Лукашэнка.

2013 год

Яшчэ ў 2007 годзе дзяржаўны пакет акцый мотавелазавода быў прададзены фірме ATEC — фармальна аўстрыйская кампанія была дахам для расійскага капіталу. Прычым гэта адбылося без тэндару, што супярэчыла беларускаму прыватызацыйнаму заканадаўству.

Згодна з законам павінен быў быць абвешчаны конкурс або аўкцыён, падчас якога дасягаецца найбольш справядлівая цана здзелкі і прапісаны ўмовы яе рэалізацыі. Але ўказ Лукашэнкі, як вядома, гэта найвышэйшы закон.

Фірма, якой валодаў Аляксандр Мураўёў, мае расійскае паходжанне. Прадпрыемства было зарэгістравана ў 1992 годзе ў Расіі, але ў 2000 годзе яна перабралася ў Аўстрыю і стала называцца аўстрыйска-расійскім гандлёвым таварыствам ATEC.

Умовай продажу было захаванне спецыялізацыі прадпрыемства і інвестыцыі ў яго развіццё не менш за 20 млн даляраў. Аднак у 2013 годзе паведамілі, што гэтая ўмова была выканана не цалкам.

Планавалася, што завод у 2012 годзе выйдзе на аб'ём вытворчасці ў 30 тысяч матацыклаў і 500 тысяч ровараў. Гэта не было выканана. Хаця бізнэсмен рэанімаваў вытворчасць — яна дасягнула 200 тысяч ровараў і амаль 12 тысяч матацыклаў у год.

Лукашэнка тады згадзіўся падтрымаць прадпрыемства. 

«Мы павінны бачыць дынаміку кожны год: аб'ёмы вытворчасці і самае галоўнае — грошы», — падкрэсліваў ён. —

Чаму я бяру з пяцёркі гэтых ровараў, якія ў мяне ёсць, я бяру італьянскі ровар, а не твой? Чаму? Бяру, мезенцам падымаю яго, ён паўтара-два кілаграмы вагой. Чаму я твой не бяру? Твой у мяне вісіць, акуратна пад дахам падвешаны — я яго дзвюма рукамі, здаровы мужык і дзвюма рукамі здымаю», — скардзіўся Лукашэнка.

2015 год

Інвестара Мураўёва арыштавалі (пасля яго прысудзілі да 11 гадоў калоніі).

Прадпрымальнік не выканаў бізнэс-план, а лішнія плошчы стаў здаваць у арэнду.

«Мотавела» забралі.

Лукашэнка абураўся: «Ну, у рэшце рэшт, мы глядзелі-глядзелі за гэтым прадпрыемствам і ён [Мураўёў] ужо прыйшоў да старшыні Мінгарвыканкама [Ладуцькі] з прапановай прадаць гэтыя землі, таму што неперспектыўныя ў развіцці веласіпеднай вытворчасці».

Але калі ў 2015 годзе гендырэктарам ААТ «Мотавела» прызначылі Мікалая Ладуцьку, той прапанаваў тое самае. Ледзь ці не з першых дзён сваёй працы былы чыноўнік казаў аб неабходнасці новай сучаснай вытворчасці.

2016 год

Лукашэнка абмеркаваў цяжкае становішча «Мотавелазавода».

Было адзначана, што завод ні пры якіх абставінах нельга закрываць, на ім неабходна наладзіць паўнавартасную вытворчасць.

«Мы пабудавалі велізарную колькасць веладарожак. Я ж не для сябе іх пабудаваў, — падкрэсліў палітык. — Праз цяжкасці, складанасці мы пачынаем адраджаць наш Мотавелазавод. Я паставіў задачу, каб у кожнага беларуса была магчымасць купіць нармальны ровар. Некаторыя купілі, і дзе гэтыя ровары? Калі трэба, каб я наперадзе дзесяці мільёнаў праехаў ад Мінска да Берасця і назад, я гатовы, калі вы пасля гэтага будзеце клапаціцца пра сваё здароўе».

2021 год

«На жаль, фінансава-эканамічныя паказчыкі, мякка кажучы, не радуюць. І доля беларускіх веласіпедаў на ўнутраным рынку зніжаецца год за годам і складае сёння прыкладна пятую частку», — быў зноў незадаволены Лукашэнка.

«Гэта нядзіўна, калі згублена ключавое звяно вытворчасці — уласнае канструктарскае бюро. Для таго каб арганізаваць нейкую зборку, розуму шмат не трэба. Але гэта шлях амаль тупіковы», — казаў ён.

«Калі хтосьці думае, што мы цяпер прададзім камусьці гэта прадпрыемства, прыватызаваўшы, а потым закрыем яго ці будзем вырабляць тут адны, груба кажучы, спіцы для ровара, а ўсе кампетэнцыі інвестар перанясе кудысьці ў Італію, Расію ці Кітай, на гэта нават не разлічвайце», — папярэджваў палітык.

Хоць незразумела, пра якія кампетэнцыі казаў Лукашэнка. Іх на «Мотавела», па сутнасці, не засталося.

«Наогул у чым рэч: я вось гляджу за гэтымі збеглымі, мы ж ведаем усе іх планы. Вось цяпер яны: санкцыі, санкцыі! Супраць мотавелазавода. А мы хочам у ЕС прадаваць ровары і гэтак далей. Ну, калі нашым людзям патрэбныя санкцыі, хай яны ім падзякуюць», — сказаў Лукашэнка, абвінаваціўшы ў праблемах «Мотавела» санкцыі.

Сам Лукашэнка аддае перавагу веласіпедам з карбонавымі рамамі. Такія мадэлі, казаў ён, неабходна вырабляць і ў Беларусі.

«Спачатку будзем збіраць, а далей, можа, і вырабляць. Канкурэнцыя там вельмі вялікая. Таму галоўнае разумець самім, што ровар — гэта для здароўя самае найлепшае. Лепш, чым футбол, хакей», — адзначыў Лукашэнка.

Ён сцвярджаў, што ў розны час былі выпрабаваныя розныя шляхі развіцця мотавелавытворчасці, у тым ліку продаж прыватнаму бізнэсу. Хоць на самай справе, ніякай празрыстай прыватызацыі «Мотавела» так і не здарылася.

«Спрабавалі ўсё. І прыйшлі да высновы, што ніякаму прыватніку мы не патрэбныя. Мала добрых прыватнікаў, якія сёння гатовыя працаваць для людзей», — заўважыў Лукашэнка.

«На працягу трох гадоў мы павінны цалкам прывесці ў ідэальны стан гэтую тэрыторыю і скончыць ўсякія дзеі з мотавелазаводам і іншымі памяшканнямі. Што не трэба — да восені прыбярэм, да лета ўсё знесем, — паабяцаў Лукашэнка. — І на працягу трох гадоў створым вельмі добрую вытворчасць. За гэтую пяцігодку Мотавелазавод павінен грымець на ўвесь свет, як калісьці было ў савецкія часы».

«Гэта залатое дно. Тут павінна быць вытворчасць, і высокатэхналагічная вытворчасць», — казаў летась Лукашэнка. Гэтай мантры, як бачым, 18 гадоў.

Прарыву не адбылося. Гарадскі тэхнапарк у развалінах, а новы матацыкл, які прадставілі на «Мотавела», аказаўся французскім, які збіраецца ў Кітаі. Кіраўнік прадпрыемства Мікалай Ладуцька пасля візіту Лукашэнкі запісаў «пакаяннае» відэа.

«Крытыка кіраўніка дзяржавы — гэта не крытыка, а бацькоўскае слова. А бацькоўскае слова мацнейшае за любую крытыку. Бацьку трэба слухаць і настаўленні бацькі трэба выконваць. Мы рабілі гэта, робім, і будзем рабіць надалей», — гаварыў ён на камеру.

Чытайце таксама:

«Свой дызайн». Як аказалася, Лукашэнку паказалі французскі матацыкл

Дырэктар «Мотавела» Мікалай Ладуцька запісаў пакаяннае відэа

Каментары12

  • Мангол
    16.08.2022
    [Рэд. выдалена]
  • ром
    16.08.2022
    История мотовелозавода как история Беларуси.. в конечном итоге продадут или снесут
  • Фогот без нот
    16.08.2022
    Железный Дровосек , он уже хватался своими руками за свою голову, вы же видите...

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?22

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?

Усе навіны →
Усе навіны

Зборная Беларусі прайграла Паўночнай Ірландыі і згубіла шанец заняць першае месца1

Выбірайце пупочныя апельсіны — яны смачнейшыя!5

Зорка амерыканскага серыяла рашыла не вяртацца ў ЗША пры Трампе6

Z-блогер «Трынаццаты», які крытыкаваў Мінабароны і Крэмль, замест суда паедзе на вайну3

Зяленскі: З Трампам вайна скончыцца хутчэй4

Пратэстоўцы ў Абхазіі запатрабавалі адстаўкі прэзідэнта. Той адмовіўся3

У 39 гадоў загінуў начальнік аддзела па раскрыцці цяжкіх злачынстваў УУС Брэсцкага аблвыканкама21

Пасяджэнне парламента Новай Зеландыі было сарвана рытуальным танцам дэпутатаў ВІДЭА8

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?22

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?

Галоўнае
Усе навіны →