Сабакі плачуць ад радасці, калі іх гаспадары вяртаюцца дахаты
Махаць хвастом і аддана глядзець у вочы — не адзіны спосаб, які сабакі выкарыстоўваць, каб віць вяроўкі з гаспадароў. Яны таксама плачуць ад радасці, калі бачаць гаспадароў пасля доўгага расстання.
Вядома, што сабакі выказваюць свае эмоцыі і настрой праз мову цела ці з дапамогай голасу. Кантакт з гаспадаром праз позірк, лічаць вучоныя, таксама дапамагае камунікацыі і ўсталяванню эмацыйнай сувязі. У сабак таксама ёсць мускулы ля броваў, што даюць ім магчымасць рабіць вочы візуальна больш вялікімі, і гэта нібыта прымушае людзей больш клапаціцца пра сабаку, піша The Times.
Сабакі таксама ўмеюць плакаць, але ж вучоныя ніколі не лічылі, што за гэтай іх рысай можа хавацца нейкая эмацыйная патрэба. Тым не менш, праца японскіх навукоўцаў, што выйшла ў часопісе Current Biology, раскрывае сэнс сабачых слёз па-новаму.
Даследчыкі выбралі 12 сабак-самак і 8 сабак-самцоў, жывёлы належалі да адной з трох пародаў: таксы, пудзелі ці лабрадоры. У пачатку эксперыменту сабакі заставаліся дома з гаспадарамі. Навукоўцы правялі з імі тэст, які дазволіў вызначыць колькасць слёзнай вадкасці, якую выпрацоўвалі вочы кожнай сабакі.
Потым жывёл забралі ад гаспадароў недзе на 5-7 гадзін, а пасля гэтага вярнулі дахаты і зноў памералі ў іх колькасць слёзнай вадкасці. Высветлілася, што пасля уз’яднання з гаспадаром колькасць слёз у сабак значна павысілася. Цікава, што сустрэчы з іншымі людзьмі на сабак так не ўплываюць, то-бок можна казаць пра ўнікальную сувязь паміж гаспадаром і сабакам.
Эксперты папярэджваюць, што хаця ў сабак і павялічваецца колькасць слёзнай вадкасці, але ж яны ўсё-такі не праліваюць слёзы ў звычайным сэнсе. Таму, калі ваш сабака «плача» вельмі заўважна, гэта можа быць прыкметай раздражнення вока, драпіны ці інфекцыі, і лепей звярнуцца да ветэрынара.
Каментары