Грамадства20

Беларускія 1990-я: згадваем герояў эпохі

Беларускія 90-я былі часам спадзяванняў і эксперыментаў, часам адкрыццяў і саміх сябе. Беларусы намацвалі свой шлях, свой стыль, сваю культуру — цяпер нешта выглядае смешным, а нешта — ужо безумоўнай класікай. Згадваем людзей, якія былі абліччамі гэтага дзесяцігоддзя.

Палітыка

1990-я — час, калі канчаткова абрушылася савецкая машына. Маладую Беларусь ўзначаліў Станіслаў Шушкевіч, які паказаў, якім людскім можа быць першы чалавек у дзяржаве.

Сціплы, інтэлігентны навуковец, які лічыў, што Беларусь мусіць быць парламенцкай, а не прэзідэнцкай рэспублікай. Як паказвае час, ён абсалютна меў рацыю.

У 1994-м у Беларусі прайшлі першыя сапраўдныя выбары, якія выйграў Аляксандр Лукашэнка, у другім туры абагнаўшы Вячаслава Кебіча.

Затым прайшлі і першыя сфальсіфікаваныя рэферэндумы, і першыя пратэсты. Эміграваў культавы старшыня БНФ Зянон Пазняк. Узнялі голас супраць лукашэнкаўскай дыктатуры былы міністр унутраных спраў Юры Захаранка, былы дэпутат Віктар Ганчар, бізнэсмен Анатоль Красоўскі і экс-вайсковец Мікалай Статкевіч.

Юры Захаранка

Пачынае самастойную палітычную кар’еру былы дэпутат Сямён Домаш, у знак нязгоды са зменамі ў Канстытуцыю падае ў адстаўку намеснік міністра замежных спраў Андрэй Саннікаў.

Чым усё скончылася, мы ведаем. Захаранка, Красоўскі і Ганчар па афіцыйнай версіі зніклі ў 1999 годзе (напэўна, былі забітыя). Шушкевіч, як і двое другіх чыноўнікаў, якім адны дзякуюць, а другія вінавацяць у развале СССР — Краўчук, Гарбачоў — пайшоў з жыцця ў бязлітасным 2022 годзе. Пазняк так і не вярнуўся ў Беларусь.

Зянон Пазняк

Статкевіч зноў кінуты за краты лукашэнкаўцамі. Саннікаў — у эміграцыі пасля ўдзелу ў выбарах 2010 года і турмы.

Ну а Лукашэнка пасля правалу на выбарах 2020 года перайшоў да маштабных рэпрэсій супраць народа, а ў 2022-м уцягнуў Беларусь у пуцінскую вайну.

Культура

У 1991 годзе атрымлівае званне «Народны паэт Беларусі» Ніл Гілевіч, праз год апошняе такое званне атрымае Рыгор Барадулін. Пры Лукашэнку яго надоўга перастануць прысуджаць, а пасля дадуць Мікалаю Чаргінцу, які нават не гаворыць па-беларуску.

Рыгор Барадулін і Васіль Быкаў

Яшчэ жывыя Янка Брыль, Алесь Адамовіч. Ужо зрабіла сабе імя будучая набеліятка Святлана Алексіевіч. Друкуюцца Юры Станкевіч, Адам Глобус

Святлана Алексіевіч

Але літаратура не застаецца па-за палітыкай. Па палітычных прычынах у 1997-м у эміграцыю з’язджае Васіль Быкаў, у 1999-м — Уладзімір Някляеў. За мяжою жыве паэт Алесь Разанаў. За верш «Забі прэзідэнта» 10 месяцаў за кратамі праводзіць Славамір Адамовіч, ён жа пасля зашывае сабе рот на мітынгу.

У 1999 годзе мастак Алесь Пушкін праводзіць сваю знакамітую акцыю «Гной для прэзідэнта», перакуліўшы тачку з гноем каля будынка прэзідэнцкай адміністрацыі. За гэта Пушкін атрымаў 2 гады ўмоўна. 

Сапраўдны росквіт пачынаецца ў музыцы. Лявон Вольскі перафарматуе «Мрою» ў культавы N.R.M., даюць першыя канцэрты «Нейра Дзюбель» Аляксандра Кулінковіча і «Ляпіс Трубецкой» Сяргея Міхалка, а Вячаслаў Корань і яго Ulis ужо мастадонты айчыннага року.

Папулярнасць прыходзіць да «Крамы» Ігара Варашкевіча і «Палаца» Алега Хаменкі, Касі Камоцкай і гурта «Новае Неба», Аляксея Шадзько. Сапраўднай падзеяй становіцца «Народны альбом» — праект Міхала Анемпадыстава на ўласныя вершы, які аб’ядноўвае галоўных рок-зорак Беларусі.

З’яўляецца і беларуская папса. Спяваюць Іна Афанасьева і Ірына Дарафеева, поп-электроншчыкі «Дзі Бронкс і Наталі», сыходзіць з «Верасоў» і пачынае сольную кар’еру Ліка Ялінская. Песня пра «чужую мілую» робіць Аляксандра Саладуху зоркай усёй поставецкай прасторы.

Працягваюць гастраляваць Аляксандр Ціхановіч і Ядзвіга Паплаўская, «Сябры» Анатоля Ярмоленкі.

У галіне гумару вядомымі становяцца Яўген Крыжаноўскі, заснавальнік тэатра сатыры «Хрыстафор», і тэлепраект «Банка коміксаў» (папулярны фармат у выглядзе набора скетчаў).

Сёння Алесь Пушкін асуджаны на 5 гадоў калоніі за партрэт антысаветчыка Яўгена Жыхара — беларускія ўлады палічылі гэта «рэабілітацыяй нацызму». Алексіевіч паспела вярнуцца ў Беларусь, атрымаць Нобелеўскую прэмію і зноў эміграваць пасля пачатку рэпрэсій 2020 года. Някляеў балатаваўся ў прэзідэнты ў 2010 годзе, пасля чаго быў збіты, а затым асуджаны. Вольскі стварыў легендарную «Крамбамбулю», пайшоў з N.R.M. і пачаў сольную кар’еру. Сяргей Міхалок некалькі разоў кардынальна змяніў і музыку, і жыццё, у выніку эміграваўшы ва Украіну. Аляксандр Кулінковіч памёр.

Саладуха і Дарафеева ўбудаваліся ў сістэму, гастралююць па прадпрыемствах і вёсках. Ліка Ялінская пераехала ў Расію, пабывала замужам за алігархам і стала Анжалікай Агурбаш — а сёння ў Беларусі на яе ўвогуле завялі крымінальную справу за падтрымку народнага руху ў 2020-м. 

Журналістыка і ТБ

Іосіф Сярэдзіч у 1990 стварае мегапапулярную «Народную газету» з паўмільённым накладам — сапраўдную масавую газету з плюралістычнай пазіцыяй. У 1995 годзе Лукашэнка яго звальняе, і ён пачынае выпуск незалежнай «Народнай волі». Сяргей Дубавец аднавіў выхад «Нашай Нівы». Ігар Гермянчук стварыў першае масавае востра апазіцыйнае выданне, прычым класічным правапісам — газету «Свабода». Алесь Ліпай засноўвае агенцтва «БелаПАН». 

Яшчэ адна культавая асоба беларускай журналістыкі 1990-х — Пятро Марцаў. Ён выдае незалежную «Белорусскую деловую газету», першы беларускі штотыднёвы таблоід «Імя». 

Пятро Марцаў

Россып зорак у 90-х генеруе і беларускае тэлебачанне — на фоне расійскага беднае і часам нягеглае, але шчырае і адкрытае для эксперыментаў. 

Аксана і Анатоль Вечар прасоўваюць беларускую музыку, Ларыса Грыбалёва запэўнівае маму, што ўсё нармальна, а Наталля Наважылава трымае беларусаў у спартыўнай форме.

Ягор Хрусталёў, Ларыса Грыбалёва, Уладзімір Максімкаў

Інтэлігент з мушкецёрскай бародкай Сяргей Філімонаў расказвае пра навінкі шоўбізу, Дзмітрый Шэпелеў вядзе моладзевае шоў «5х5», дзядзя Міша (Міхаіл Тумеля) разам з Пацам-Вацам паказваюць дзеткам мульцікі. А ўвечары маленькіх беларусаў укладвае спаць Маляваныч (Аляксандр Ждановіч).

У сапраўдных прафесіяналаў вырастаюць тэлевядучыя Алесь Круглякоў, Ягор Хрусталёў і Алег Лукашэвіч. З’яўляецца і першая беларуская свецкая львіца — Элеанора Язерская.

Элеанора Язерская

З’яўляецца і першая прапаганда: напэўна, самы вядомы яе твар — Аляксандр Зімоўскі. Цікава, што ён ніколі гэтага не адмаўляў і сам з гонарам называў сябе прапагандыстам.

Сімвал жа прафесійнага тэлерэпарцёра — Павел Шарамет. Беларус, ён працаваў на расійскі канал ОРТ. У 1997 годзе Шарамет быў арыштаваны пасля рэпартажу пра кантрабанду на беларуска-літоўскай мяжы.

Яго абвінавацілі ў незаконным групавым перасячэнні дзяржаўнай мяжы і асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна і да аднаго года выпрабавальнага тэрміну. Пасля заступніцтва Барыса Ельцына, Шарамета дэпартавалі ў Расію.

Лёс раскідаў персанажаў па розных краінах і прафесіях. Аксана і Анатоль Вечары працягваюць працу на беларускім тэлебачанні. Дзмітрый Шэпелеў стаў суперзоркай ТБ у Расіі, быў жанаты з Жаннай Фрыске. Круглякоў эміграваў у ЗША, Язерская і Філімонаў памерлі, Марцаў таксама сканаў — ад вострага лейкозу. «Маляваныч» эміграваў у Грузію падчас рэпрэсій 2020—22. Паўла Шарамета забілі ў Кіеве — імёны заказчыкаў так і не названыя. А сэкс-сімвал 1997 года Ягор Хрусталёў скончыў кар’еру на ТБ і працуе ў прэс-службе «Еўраопта».

Бізнэс

У пачатку 1990-х з’яўляецца брэнд вады «Дарыда» Уладзіміра Дзялендзіка. Друкуе каштоўныя паперы «Поліфакт» Яўгенія Будзінаса — ён жа адкрывае музей «Дудуткі», дзе прадстаўленыя старажытныя будынкі, рамёствы і тэхналогіі.

Яўген Будзінас

Сяргей Касцючэнка разбудоўвае Прыярбанк. Адам Палюховіч адкрывае фірму «Дайнова», якая прадае камп’ютары. Мільянерам становіцца ўладальнік бізнэсу па вырошчванні норак і пясцоў Анатоль Трухановіч — бацька Ганны Канапацкай. «Пушэ» Аляксандра Пупейкі і Анатоля Шэнтака пачынаецца з гандлю аўтамабілямі, а затым вырастае ў вялікі холдынг. 

Аляксандр Пупейка

Уладзімір Эфрон займаецца ўсім — ад швейнай вытворчасці да продажу аргтэхнікі. Зарабляе будаўніцтвам Андрэй Клімаў. У 1992 годзе засноўвае кампанію «Трайпл» Юры Чыж. Аляксандр Тарганаў і яго «АльВеНа» зарабляюць на страхоўках, Яўген Шыгалаў адкрывае «Гандлёвы дом «Ждановічы». Сяргей Мета пачынае выраб чыпсаў «Анега», «Юкола» Валерыя Шумскага вырастае ў буйную кампанію па продажы аўто. У адну кампанію аб’ядноўваюцца «Беліта» і «Вітэкс» Віктара Цярэшчанкі.

Віктар Цярэшчанка

У 1990-х пачынаецца і гісторыя кампаніі «Атлант-М» Алега Хусаенава. Берасцеец Міхаіл Машэнскі рэгіструе прадпрыемства «Санта Імпэкс Брэст». Будучы уладальнік парка «Дрымлэнд» Юры Авяр’янаў зарабляе на аўтарынках, а Уладзімір Пефціеў, які пачынаў з гандлю абсалютна рознымі таварамі, адкрывае «Белтэхэкспарт» і пачынае прадаваць зброю.

Многія бізнэсмены памерлі, многія змянілі дзейнасць, шмат хто жыве за мяжой. Бізнэс Міхаіла Машэнскага падхапіў яго сын Аляксандр, Дзялендзік працягвае разліваць «Дарыду», ён прадае мінералку нават ў Іспаніі — там бізнэсам руляць яго дачка з мужам-каталонцам.

Уладзімір Дзялендзік з дачкой, зяцем і ўнукам

Але многія, сутыкнуўшыся з беларускай уладай, трапілі пад крымінальны пераслед і суды: у 1990-х гэта былі Пупейка і Клімаў, у апошнія гады Юры Авяр’янаў, Юры Чыж. Апошні яшчэ нядаўна касіў побач з Лукашэнкам, а цяпер згубіў усё — і грошы, і бізнэс.

Спорт

У 90-х яшчэ гарэла зорка легенды гімнастыкі — Віталя Шчэрбы, таксама працягваў выступы канькабежац Ігар Жалязоўскі. У веславанні дамінавала Кацярына Карстэн, якая двойчы выйгравала золата Алімпіяды. Руслан Салей заззяў у хакеі.

Руслан Салей

У 1996 годзе пачаў выступаць у будучыні знакаміты тэнісіст Макс Мірны. У кіеўскім «Дынама» давалі жару беларускія футбалісты Аляксандр Хацкевіч і Валянцін Бялькевіч.

Аляксандр Хацкевіч (злева) і Валянцін Бялькевіч

Ну і напэўна, кожны, хто заўзеў за беларускую футбольную зборную ў 1990-х, памятае гол Сяргея Герасімца галандцам у 1995.

А каментатар Уладзімір Навіцкі афіцыйна стаў голасам беларускага спорту.

Салей загінуў у авіякатастрофе ў 2011 годзе, разам з усёй камандай яраслаўскага «Лакаматыва». Памерлі ўжо Бялькевіч, Жалязоўскі, Герасімец. Віталя Шчэрбу ў 2018 годзе абвінавацілі ў сэксуальных дамагальніцтвах, якія ён нібыта здзейсніў яшчэ падчас выступаў за зборную СССР.

А Кацярына Карстэн пасля пратэстаў 2020 года падпісала ліст у падтрымку Лукашэнкі. Поўная процілегласць пазіцыі Хацкевіча.

Чытайце таксама:

«У нас мову адабралі, дык хай хоць дзеці змогуць на ёй размаўляць». Як адбывалася беларусізацыя 1990-х

Беларускія 90-я. Рок адусюль, беларуская мова, бчб на БТ — якім быў шоўбіз і тагачасныя медыя?

«Гэта быў час магчымасцяў». Як развіваўся беларускі бізнэс у 90-я

Каментары20

  • Дизайнер, как же повезло с тещей тебе. скучно точно не будет)
    02.10.2022
    ой. Элеонора
    она чем-то похожа на мою же ж мать
  • Справка
    02.10.2022
    А где Евгений Новиков с передачей "Права человека"?
  • Воля
    02.10.2022
    Зянон з паплечнікамі - сапраўдная глыба!

Чаму так рэзка даражэе даляр і чаго чакаць у бліжэйшай будучыні? Спыталі ў эксперта1

Чаму так рэзка даражэе даляр і чаго чакаць у бліжэйшай будучыні? Спыталі ў эксперта

Галоўнае
Усе навіны →