Хто той сабака, што бегаў па вяршыні піраміды Хеопса і праславіўся на ўвесь свет?
Відэа з сабакам, які бясстрашна палюе на птушак на самай вялікай пірамідзе ў Гізе, месяц назад абляцела ўвесь свет. Што вядома пра хвастатага героя?
Як піша The New York Times, сабаку, які стаў зоркай інстаграма, пазналі сузаснавальнікі амерыканскага Каірскага фонда выратавання жывёл Мішэль Браўн і Ібрагім Эльбендары. Фонд мае свой прытулак і ветэрынарную клініку для жывёл.
Мужчына расказаў журналістам, што сабаку далі мянушку Апалон. Ён разам з васьмю братамі і сёстрамі, а таксама маці жыве ў ваколіцах Вялікіх пірамід. Вывадак, як правіла, разбівае свой лагер ля паўночна-заходняга кута піраміды Хефрэна. Акрамя сям'і Апалона, у ваколіцах пірамід у Гізе налічваецца каля тузіна іншых.
Усе сабакі свабодна перамяшчаюцца па тэрыторыі комплексу. Як сцвярджае Эльбендары, на працягу апошніх трох гадоў іх фонд забяспечвае жывёл вадою і ежай, а таксама аказвае медыцынскую дапамогу. Амаль кожны сабака вакцынаваны, кастрыраваны ці стэрылізаваны. Што не скажаш пра Апалона.
«Кожны раз, як мы спрабуем злавіць яго, ён уцякае проста на вяршыню піраміды», — скардзіцца Эльбендары.
Як расказала журналістам Мішэль Браўн, за гады існавання іх арганізацыя знайшла прытулак для 266 сабак у розных краінах Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Пасля з'яўлення відэа з Апалонам з розных куткоў планеты пайшлі запыты на яго. Але супрацоўнікі фонду ўсім адмовілі.
«Піраміды — гэта дом Апалона, і зрабіць яго хатнім гадаванцам было б вельмі несправядліва», — заявіла выданню Браўн і дадала, што калі хто хоча атрымаць сабаку з ваколіц пірамід, то яны з лёгкасцю могуць адправіць шчанюка, які будзе рады клопату і любові.
Каментары