У Беластоку выклікалі «на паядынак» і збілі да страты прытомнасці 16-гадовага беларуса
У цэнтры Беластока да страты прытомнасці збілі 16-гадовага падлетка з Беларусі. Нападнікаў было трое, двое з іх таксама непаўналетнія. Бацька хлопчыка Аляксей (імёны беларусаў у тэксце змененыя) падаў заяву ў паліцыю і расказаў пра здарэнне выданню Most.
Інцыдэнт адбыўся ў панядзелак, 25 лістапада, каля 16.00. 16-гадовы Вадзім сустрэўся з сябрамі каля беластоцкага гандлёвага цэнтра Galeria Jurowiecka. Яны таксама з Беларусі.
«Холадна ж на вуліцы цяпер, ён, бывае, заходзіць туды на паўгадзінкі пагрэцца. Я яму ўжо патэлефанаваў, што трэба нам сустрэцца і пайсці ў «Бедронку», а потым разам дадому», — расказвае Аляксей.
Па словах мужчыны, пасля таго, як сын скончыў гэтую размову, да яго падышоў знаёмы, якога завуць Іса, і прапанаваў яму «выйсці пабароцца». Раней Вадзім мог удзельнічаць у сяброўскіх паядынках, але, наколькі вядома, у абсталяванай зале.
«Калісьці мой сын казаў, што ён займаўся барацьбой. Але ён займаўся гэтым паўгода максімум. Чачэнец (нацыянальнасць нападніка не пацверджаная. — Заўв. Most) — яго матывы невядомыя — захацеў паспрабаваць. Ён займаецца адзінаборствамі і шукае сабе супернікаў. Але розніца ж вялікая — 16-гадовы хлопец супраць мужчыны», — кажа беларус.
Паводле яго слоў, Іса мае каля 22 гадоў.
Не падаў руку
Вадзім пагадзіўся на прапанову. Ён выйшаў з гандлёвага цэнтра да Ісы. Каля бакавога выхаду той быў не адзін, а з двума польскімі знаёмымі, аднакласнікамі Вадзіма.
«Сын казаў, што падышоў, падаў руку Ісу, а той у адказ не падаў. Ну, сын разгубіўся. Сеў на прыступкі, маўляў, што будзем рабіць? І яны ўтрох наляцелі на яго — Вадзім стаў прыкрывацца».
Вадзіму ўдалося вырвацца — хлопец пабег назад да гандлёвага цэнтра, бліжэй да людзей.
«Іса пабег за ім. Сын спытаў: «Чаму Вы мяне б'яце «в крысу» (цішком, несумленна. — Заўв. Most)?» — дадае Аляксей.
Апошняе, што памятае Вадзім, — як Іса ўдарыў яго ў скронь. Верагодна, хлопец на некаторы час страціў прытомнасць. Пазней, ачомаўшыся, убачыў, што яго акружылі мінакі, а з гандлёвага цэнтра выбеглі сябры.
Па словах беларуса, твар сына быў падрапаны, а з рота сачылася кроў. Вадзім не адразу зарыентаваўся, дзе знаходзіцца.
Не першы раз правакаваў канфлікты?
Сябры Вадзіма змаглі разблакаваць яго тэлефон і патэлефанавалі бацьку. Аляксей прыбег на месца інцыдэнту праз 15 хвілін.
«Ужо стаяла паліцыя, яна ўсіх апытвала. Не ведаю, праўда ці не, але па чутках ён [нападнік] ужо не першы раз стварае такія канфліктныя сітуацыі», — адзначае Аляксей.
Мужчына не ведае, на глебе чаго ўспыхнуў канфлікт. Ён таксама адзначае, што з аднакласнікамі, якія збівалі сына, раней праблем не ўзнікала. Падлетак таксама не можа адказаць на пытанне, чаму яго збілі.
Сям'я падала заяву ў паліцыю. Па словах Аляксея, у паліцэйскіх таксама выклікала здзіўленне, што прычына бойкі няясная, — яны выказалі здагадку, што гэта магло адбыцца з-за дзяўчыны ці грошай. Але Аляксей настойвае: сын не разумее, чаму так адбылося.
«Здаецца, яны сябравалі [з аднакласнікамі] і з Ісой нармальна размаўлялі. Нават было такое, што яны сустракаліся — ну, хлопцы маладыя, дзесьці там на матах — хто лепш б'ецца. Але гэта было па-сяброўску».
«Адмазкі», што абражаў маці
Хуткая даставіла бацьку і сына ў бальніцу. Вадзіму зрабілі тамаграфію. Паводле заключэння хірурга, страсення мозгу ў хлопца няма, а атрыманыя траўмы — знешнія: удары нанесеныя ў галаву і нос. У эпікрызе зафіксаваная кароткачасовая страта прытомнасці.
Дадому сям'я вярнулася толькі ўвечары. Тады ж на тэлефон Вадзіма сталі прыходзіць паведамленні ад Ісы — у іх ён нібыта прасіў не падаваць заяву ў паліцыю і «прыдумляў адмазкі», што Вадзім пры пабочных асобах абражаў яго маці.
У паліцыі Вадзіма апыталі з перакладчыкам і паведамілі, што вывучаць запісы камер назірання і выклічуць сведак. Тэлефон Вадзіма канфіскавалі для праверкі. Беларусы таксама плануюць пайсці ў школу, каб падняць пытанне пра паводзіны аднакласнікаў сына.
Most 25 лістапада адправіў Ісу паведамленне ў месенджар з просьбай агучыць яго версію падзей. Але той праігнараваў паведамленне. Таксама малады чалавек не адказваў на званкі, а пасля заблакаваў іх.
Каментары