Трыбунал для Пуціна і Лукашэнкі — што значыць рэзалюцыя Еўрапарламента і як такі суд будзе выглядаць
Учора Еўрапарламент прагаласаваў за стварэнне спецыяльнага міжнароднага трыбунала для расследавання ваенных злачынстваў рэжымаў Расіі і Беларусі. Пра што гаворыцца ў дакуменце? Хто і калі можа стварыць трыбунал? Ці будзе гэта завочны суд або толькі з падсуднымі на лаве? Тлумачыць юрыст-міжнароднік, кандыдат юрыдычных навук, эксперт Беларускага Хельсінскага камітэта Кацярына Дэйкала.
Не толькі Пуцін і Лукашэнка, але і палітычнае і ваеннае кіраўніцтва Беларусі
У рэзалюцыі, якая была прынята Еўрапейскім парламентам, ідзе размова пра тое, каб прасоўваць стварэнне трыбунала для Пуціна і Лукашэнкі. Але сама яна яго не стварае.
У прэамбуле рэзалюцыі прызнана, што вайна ва Украіне ідзе з 2014 года, а ў 2022-м яна перазапусцілася.
«Пералічваюцца ваенныя злачынствы Расіі і адзначаецца, што агрэсія, якую здзяйсняе Расія пад кіраўніцтвам Пуціна, — гэта самы жудасны акт агрэсіі з часоў Другой сусветнай вайны. Таксама тлумачыцца, чаму Еўрапарламент прымае такую рэзалюцыю.
Адна з прычын — гэта тое, што Рада бяспекі ААН паралізавана з-за ўдзелу Расіі. А ўсё, што да міжнародных трыбуналаў, — кампетэнцыю тут мае Рада бяспекі ААН», — адзначае Кацярына Дэйкала.
Рэзалюцыя заклікае дзяржавы ЕС і яго інстытуты неадкладна пачаць стварэнне трыбунала пераважна праз ААН. Рада бяспекі ў ёй не згадваецца, гаворыцца аб Генеральнай Асамблеі.
У дакуменце прапісана, што трыбунал павінен грунтавацца на падобных правілах міжнароднага крымінальнага суда. Адзначаецца, што трэба стварыць часовы офіс пракурора, які пачаў бы збіраць доказы.
«Важны момант: сказана пра тое, што варта знайсці прававую магчымасць выкарыстоўваць уласнасць Расіі за мяжой як рэпарацыі, зняць з іх дзяржімунітэт, улічваючы асаблівую сур'ёзнасць злачынстваў, якія ўчыняе Расія.
У гэтым сэнсе згадваецца рэзалюцыя Генеральнай Асамблеі ААН (яна была нядаўна прынята) аб стварэнні рэестра ўрону, які Расія нанесла Украіне. Гэта для таго, каб лепш вызначыць памер рэпарацый. Прычым гаворыцца не толькі пра ўрон, нанесены фізічным і юрыдычным асобам, але і пра вялікую шкоду клімату і прыродзе Украіны», — расказвае Кацярына.
У рэзалюцыі пазначана, што не толькі Пуцін і расійская вярхушка павінны трапляць пад юрысдыкцыю гэтага трыбунала, але і Лукашэнка, палітычнае і ваеннае кіраўніцтва Беларусі.
«Гаворыцца, што з тэрыторыі Беларусі і з яе лагістычнай падтрымкі Расія здзяйсняе агрэсію супраць Украіны. І гэта вельмі важны пункт, — кажа юрыст. —
Сама рэзалюцыя вялікая, насычаная, са складанымі фармулёўкамі, у ёй шмат прававых момантаў. Ёсць цікавы палітычны пункт: стварэнне такога трыбунала будзе ясным сігналам расійскаму грамадству і міжнароднай супольнасці, расійскім палітычным і бізнэс-элітам, а таксама бізнэс-элітам расійскіх саюзнікаў, што для Расійскай Федэрацыі пад кіраваннем Пуціна больш немагчыма вярнуцца ў адносіны з Захадам у формуле business as usual. Таму, у тым ліку, надзвычай важна стварыць такі трыбунал».
Ці можа гэта быць завочны суд і ці змогуць падсудныя выбіць сабе гарантыі
Колькі часу спатрэбіцца на тое, каб стварыць трыбунал, залежыць ад палітычнай волі. Важна зразумець, хто канкрэтна будзе яго ствараць і рашэннем якога органа. У якой краіне Пуцін і Лукашэнка будуць адбываць пакаранне, таксама залежыць ад таго, як дамовяцца з краінай знаходжання самаго трыбунала.
«Ёсць шэраг пэўных праблем. Напрыклад, трыбунал па Югаславіі быў створаны рашэннем Рады бяспекі. І тое было пытанне, ці мае Рада ўвогуле кампетэнцыю бяспекі. Але потым міжнародны суд вырашыў, што так, мае.
У гэтай рэзалюцыі згадваецца Генеральная Асамблея. Не ведаю, што яны мелі на ўвазе ў моманце, што гэтае пытанне трэба прасоўваць там, але Асамблея па статуце ААН не мае кампетэнцыі па стварэнні трыбунала. Таму тут узнікае пытанне, рашэннем каго ён будзе створаны. Напрыклад, Нюрнбергскі трыбунал быў створаны дзяржавамі-пераможцамі. Але для таго, каб пайсці па гэтай схеме, спачатку мусяць быць гэтыя дзяржавы-пераможцы», — тлумачыць Кацярына Дэйкала.
Практыка стварэння трыбуналаў такая: альбо ён ствараецца міжнароднай арганізацыяй, як па Югаславіі, альбо Еўрасаюзам, як па Косаве, альбо міжнароднай арганізацыяй па дамове дзяржавы, для якой ствараецца гэты трыбунал.
«Апошняе цяпер, натуральна, немагчыма. Таму ўзнікае пытанне, кім трыбунал будзе створаны і на тэрыторыі якой дзяржавы стане фізічна размяшчацца. Гэта трэба вырашыць, пасля стане зразумела, колькі часу спатрэбіцца на яго стварэнне», — кажа яна.
Эфект, які хочуць убачыць людзі, — злачынцы на лаве падсудных — можа быць дасягнуты толькі тады, калі Пуцін і Лукашэнка фізічна патрапяць у распараджэнне трыбунала. Выпадак завочнага трыбунала ёсць толькі адзін — трыбунал па Ліване.
«І тое, гэта быў змешаны трыбунал — частка міжнародных суддзяў і частка нацыянальных. Такое магчыма толькі пасля змены рэжыму», — заўважае Кацярына.
У рэзалюцыі адзначаюць, што трыбунал павінен грунтавацца на такіх самых правілах, на якіх працуе міжнародны крымінальны суд.
«А ён дакладна і адназначна адмаўляецца ад канцэпцыі завочнага правасуддзя, не вядзе працэсаў у адносінах да людзей, якіх фізічна няма ў распараджэнні суда, — кажа юрыст-міжнароднік. —
Напрыклад, на Башыра быў выдадзены ордэр (Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт экс-прэзідэнта Судана па абвінавачанні ў генацыдзе ў сувязі з канфліктам у Дарфуры, дзе, як сцвярджаецца, праводзіліся этнічныя чысткі. — НН), а паўстаў перад судом ён толькі праз дзесяць гадоў, калі ўладу ў краіне зрынулі і новая яго выдала».
Гэта можа быць праблемай, але не перашкаджае стварэнню і пачатку працы трыбунала. Як мінімум можна збіраць і ацэньваць доказы, нанесеную шкоду.
«У тым жа, напрыклад, Статуце трыбунала па Югаславіі ёсць правіла, што ў адсутнасці падсуднага пракурор можа як мінімум падаць доказы. Гэта варта рабіць.
Зразумела, што ордэры на арышт будуць выдадзены. І гэта ўжо істотна абмяжуе магчымасці Пуціна і Лукашэнкі ў гэтым свеце.
Пакуль рэжым не зрынуты, яны будуць сябе нядрэнна адчуваць. Калі ён падзе, уцячы змогуць, мусіць, толькі ў арабскія краіны. Ёсць абмежаванае кола краін, дзе можна схавацца, калі на цябе выдадзены ордэр ад міжнароднага трыбунала. Усе астатнія дзяржавы павінны будуць выдаць. Мала каму патрэбныя праблемы з еўрапейскімі партнёрамі.
Яшчэ важны момант, што калі ў Лукашэнкі і Пуціна ёсць магчымасць выгандлёўваць сабе гарантыі з-за нейкай сваёй вагі, то ў вайсковых генералаў — не», — разважае Кацярына.
У трыбунала ёсць не толькі юрыдычная функцыя асудзіць за злачынствы, а і этыка-маральная роля.
«Людзі павінны атрымаць сатысфакцыю самім фактам таго, што Пуцін і Лукашэнка фізічна ў гэтым працэсе знаходзяцца. Калі б, скажам, Нюрнбергскі трыбунал быў праведзены завочна, ён бы ніколі не меў такога гістарычнага значэння», — падсумоўвае Дэйкала.
Каментары