«Трэба думаць не пра расавую чысціню, а пра духоўнасць людзей, якія сюды прыйдуць». Генадзь Давыдзька не верыць у светлую будучыню славян і чакае кітайцаў
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, колішні кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька падзяліўся з газетай «Саюзнае веча» сваімі геапалітычнымі поглядамі.
Давыдзька не згодны, што ў Азіі цяпер фармуецца новы цэнтр сілы, бо, маўляў, Азія заўсёды была моцная. А калі казаць пра еўразійскую прастору, то, «беларуская моц толькі далучаецца ў геапалітычным, а не фінансавым, ваенным або прамысловым значэнні. Сам сэнс саюза Беларусі і Расіі павялічваецца шматкроць і стварае рэальную сілу, якая прыцягвае астатніх».
Лукашэнкаўскі дэпутат спадзяваецца, што ў варонку гэтага прыцягнення будуць зацягнутыя Казахстан і Украіна, але, канешне, «абноўленая і працверазелая».
Зрэшты, гатовы ён ахвотна прыняць і ўсе іншыя рэспублікі былога СССР, «акрамя Прыбалтыкі», якая «нам не патрэбная ў такім выглядзе». Бо яны, маўляў, «усё згубілі. Прастору, дзяржаўнасць», а людзі там дэзарыентаваныя.
Як ні дзіўна, пры ўсёй геапалітычнай моцы еўразійскай прасторы Давыдзька фактычна не бачыць за славянскімі народамі гістарычных перспектыў і чакае, што Беларуссю і Расіяй рана ці позна завалодае Кітай, прытым у літаральным, дэмаграфічным сэнсе:
«Паднябесная калісьці зробіць гэта з усім светам. Расія і Беларусь пакуль слабыя ў дэмаграфічным плане.
Паводле прагнозаў сур'ёзных аналітыкаў, славян праз трыста гадоў можа не застацца. Я маю на ўвазе рускіх, беларусаў, украінцаў. Не з-за войнаў, а таму што перасталі нараджаць».
Але гэта не бяды, абы людзі былі не з Захаду, які Давыдзька ў гэтым самым інтэрв'ю ўсяляк бэсціць:
«Тут трэба думаць не пра расавую чысціню, а пра прыстойнасць і духоўнасць тых людзей, якія сюды прыйдуць».
Каментары