Карпянкоў паведаміў аб фарміраванні ва ўнутраных войсках «Беркута» і яшчэ некалькіх новых спецпадраздзяленняў
Новыя падраздзяленні спецпрызначэння плануецца стварыць у Беларусі. Пра гэта паведаміў камандуючы ўнутранымі войскамі МУС Мікалай Карпянкоў.
Як паведаміў міліцэйскі чыноўнік, услед за атрадамі «Рысь», «Смерч» і «Гонар» у вайсковай часці 3214 сфармавана падраздзяленне «Беркут».
— Заканчваецца яго ўкамплектаванне, на кантрактную службу сюды прыходзяць вайскоўцы, якія завяршаюць гэтай вясной тэрміновую вайсковую службу ў брыгадзе спецназа, — паведаміў Карпянкоў.
Паводле яго слоў, першарадная задача «Беркута» тая ж, што і ў іншых нядаўна створаных атрадаў, — барацьба з дыверсійна-разведвальнымі групамі і незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі.
— Стаіць задача стварыць сілы хуткага рэагавання з падраздзяленняў спецпрызначэння. Узброіць, аснасціць, экіпіраваць іх і дзейнічаць мабільнымі падраздзяленнямі — дакладна і вельмі эфектыўна. Рухаемся ў гэтым кірунку. Мы стварылі ва ўсіх нашых брыгадах і асобных батальёнах па ўсёй краіне тры роты спецыяльнага прызначэння і 12 узводаў спецпрызначэння. Правялі зборы, баявое зладжванне. Акрамя таго, плануецца фарміраванне за кошт пераразмеркавання нашых рэсурсаў яшчэ трох падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння ў Гомелі, Гродне і Брэсце, — распавёў камандуючы ўнутранымі войскамі.
Падраздзяленне спецназа з такой назвай існавала з 1992 па 2014 год ва Украіне, і пасля перамогі рэвалюцыі 2014 года было распушчана.
Каментары