«Важна, каб працэс быў запушчаны». Вячорка — пра выдачу ордара на арышт Лукашэнкі
Змест новай справаздачы Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека сведчыць аб прызнанні на ўзроўні Арганізацыі прыкмет злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі.
Такое меркаванне выказаў BPN старшы дарадца дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, паведамляе «Радыё Свабода».
«Гэта значыць, ад расследавання і збору даных можна пераходзіць да стварэння механізму прыцягнення да адказнасці, — сказаў ён. — Структуры ААН могуць на гэта паўплываць, гэта можа быць зроблена праз існуючыя міжнародныя суды, а можа быць створаны новы механізм».
«У мінулым і пазамінулым годзе такіх доказаў і сведчанняў на афіцыйным узроўні ААН не было», — падкрэсліў палітык.
На яго думку, матэрыялы справаздачы таксама важныя ў кантэксце прынятага напярэдадні рашэння Міжнароднага крымінальнага суда аб выдачы ордара на арышт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна.
Вячорка дапусціў, што падобныя дзеянні сімвалічныя, паколькі Расія не прызнае юрысдыкцыю гэтага суда, а Пуціна «наўрад ці могуць арыштаваць». «Але таго самага мы павінны дабівацца да ўсіх злачынцаў, звязаных з катаваннямі на Акрэсціна, з масавым збіццём дэманстрантаў у 2020 годзе, і ў дачыненні да Лукашэнкі», — лічыць дарадца Ціханоўскай.
«Мы не гаворым, што гэта будзе сёння ці заўтра. Гэта ўсё зойме час, улічваючы ўсе асаблівасці міжнародных інстытутаў і іх бюракратыю. Але тут жа важна, каб быў запушчаны працэс», — дадаў ён.
Дэмсілы, паводле слоў Вячоркі, працуюць над стратэгіяй прыцягнення рэжыму Лукашэнкі да адказнасці — «каб паглядзець, якія механізмы рэлевантныя і могуць быць скарыстаныя, а якія не».
Сітуацыя ўскладняецца тым, што Мінск не ўступіў у шэраг міжнародных пагадненняў, якія прадугледжваюць магчымасць такой адказнасці, рэзюмаваў Вячорка.
У Беларусі назіраецца «непрымальная карціна беспакаранасці і амаль поўнага знішчэння грамадзянскай супольнасці і асноўных свабод», гаворыцца ў апублікаванай 17 сакавіка справаздачы Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Фолькера Цюрка.
Даклад заснаваны на інтэрв'ю з 207 пацярпелымі ад дзеянняў сілавікоў і сведкамі, аналізе больш за 2,5 тыс. доказаў, у тым ліку фатаграфій, відэа, медыцынскіх і судовых пратаколаў, і ахоплівае перыяд з 1 мая 2020 па 31 снежня 2022 года. Дакумент з'яўляецца працягам раней апублікаванага даклада ААН, які ахоплівае падзеі выключна жніўня 2020 года ў Беларусі.
У дакладзе змяшчаецца заклік да дзяржаў-членаў ААН разгледзець пытанне аб прыцягненні да адказнасці праз нацыянальныя разборы на падставе агульнапрынятых прынцыпаў экстэрытарыяльнай і ўніверсальнай юрысдыкцыі.
Каментары
Зварот лёсу, так бы мовіць