МАК выступіў за допуск беларусаў на спаборніцтвы пад нейтральным сцягам, але толькі ў індывідуальных відах спорту
Беларускія і расійскія спартсмены могуць удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах пад нейтральным сцягам і толькі ў індывідуальных турнірах. Удзел спартсменаў з гэтых краін у камандных відах спорту не разглядаецца, заявіў на прэс-канферэнцыі 28 сакавіка прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах.
«Сёння выканаўчы камітэт МАК выпускае міжнародным федэрацыям і арганізатарам міжнародных спартыўных спаборніцтваў наступныя рэкамендацыі:
па-першае, атлеты з расійскімі ці беларускімі пашпартамі павінны выступаць толькі ў якасці індывідуальных спартсменаў. Па — другое, спартсмены з расійскімі ці беларускімі пашпартамі ў камандных відах спорту не могуць разглядацца», — заявіў Бах.
МАК таксама рэкамендаваў дапусціць да ўдзелу ў спаборніцтвах у нейтральным статусе спартсменаў з Беларусі, якія не падтрымліваюць вайну ва Украіне. Удзел беларускіх і расійскіх спартсменаў у Алімпіядзе 2024 года ў Парыжы на пасяджэнні выканкама не абмяркоўваўся.
Таксама Бах у сваім выступленні падкрэсліў, што ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах не могуць спартсмены, якія нейкім чынам звязаныя з расійскімі і беларускімі ўзброенымі сіламі ці нацыянальнымі структурамі. Атлеты таксама павінны адпавядаць усім антыдопінгавым рэкамендацыям.
МАК таксама пакінуў у сіле рэкамендацыю па забароне на правядзенне міжнародных спаборніцтваў на тэрыторыі Беларусі і Расіі; забарону на выкарыстанне сцягоў, гімнаў, кветак або любых іншых апазнавальных знакаў Беларусі і Расіі падчас правядзення спартыўных мерапрыемстваў, а таксама забарону на акрэдытацыю спартыўных функцыянераў з Беларусі і Расіі на спаборніцтвы.
Многія заходнія краіны катэгарычна не падтрымліваюць любы ўдзел у спаборніцтвах усіх расійскіх і беларускіх спартсменаў. Толькі сёння больш за 300 фехтавальшчыкаў звярнуліся з адкрытым лістом у МАК з просьбай не дапускаць расіян.
Томас Бах, аднак, заявіў, што прадстаўнікі Расіі і цяпер удзельнічаюць у некаторых спаборніцтвах (тэніс, настольны тэніс, веласпорт) — і гэта яшчэ, маўляў, ні разу не прыводзіла да праблем з бяспекай: «Мы не можам знайсці рашэнне, якое задавальняла б усіх. З гэтым нам, магчыма, прыйдзецца жыць», — адзначыў Бах.
Каментары