З сакрэтных амерыканскіх дакументаў сталі вядомы страты ўкраінскай арміі
Каля ста, а можа і больш сакрэтных дакументаў амерыканскіх спецслужбаў з’явілася ў студзені ў нечаканым месцы — у адной з маленькіх груп на платформе для паведамленняў Discord, якая выкарыстоўваецца для камунікацыі пераважна гульцамі ў відэагульні.
Дакументы — гэта былі ПДФ-копіі папяровых арыгіналаў — правіселі там два месяцы, пакуль адзін з карыстальнікаў не перапосціў частку з іх у іншую большую групу. Пасля частка дакументаў усплыла таксама ў групе карыстальнікаў Minecraft. Нарэшце, у пачатку красавіка сфальсіфікаваная версія некаторых дакументаў з’явілася ў прарасійскіх тэлеграм-каналах.
Характэрна, што расіяне паспрабавалі сфальшаваць колькасць страт, панесеных бакамі канфлікту, па інфармацыі амерыканскай разведкі.
У арыгінальным дакуменце Пентагона, які быў падрыхтаваны на пачатку зімы, страты Расіі і Украіны ацэньваліся наступным чынам: загінула да 43 тысяч расійскіх вайскоўцаў і да 17 500 украінскіх вайскоўцаў. Акрамя таго, загінула да 41 тысячы мірных жыхароў Украіны.
За зіму і вясну разрыў у стратах украінскага і расійскага бакоў мог яшчэ больш вырасці, бо на гэты час прыпалі спробы расійскага боку захапіць добра ўмацаваную ўкраінскую фартэцыю Бахмут. Мяркуючы па данясеннях з месцаў пра інтэнсіўнасць баёў і дынаміку падліку пахаванняў у Расіі, гэта быў перыяд, калі расійскія сілы, асабліва прыватная вайсковая кампанія «Вагнер», неслі найбольшыя страты.
Каментары