Нас чакае больш стрэсаў у палётах: з-за змены клімату турбулентнасць становіцца больш частай з'явай
У апошнія месяцы некалькі самалётаў, як над Ціхім акіянам, так і над Афрыкай, траплялі ў такую турбулентнасць, што некаторыя пасажыры і члены экіпажа трапілі ў бальніцу з траўмамі. Па словах метэаролагаў, змены клімату зробяць турбулентнасць у ясным небе больш распаўсюджанай з’явай.
Некалькі дзён таму акцёр Мэцью Макконахі быў пасажырам самалёта Lufthansa, у які ўдарыла маланка. Самалёт упаў больш як на кіламетр і быў вымушаны зрабіць экстранную пасадку. Сем чалавек шпіталізавалі — пераважна гэта былі людзі, не прышпіленыя рамянямі бяспекі. У нядаўнім інтэрв'ю Кэлі Рыпа акцёр апісаў, як чырвонае віно завісла ў паветры, а пасля ўпала.
«Дзіка страшна», — сказаў Макконахі ў падкасце. «Поўная страта кантролю».
Федэральнае ўпраўленне грамадзянскай авіяцыі ЗША ўсё яшчэ расследуе рэйс Lufthansa. Але метэаролагі звяртаюць увагу, што ў наш час турбулентнасць будзе толькі набіраць абароты — і гэта звязана са зменамі клімату, паведамляе WSJ. Яны скажаюць паветраную плынь, робячы больш верагоднай з’яву, што завецца «турбулентнасцю пры ясным небе».
Турбулентнасць ўзнікае, калі закручаныя паветраныя патокі ціснуць на крыло самалёта, якое затым рухае крылы ўверх і ўніз або корпус самалёта з боку ў бок. Атмасферны ціск, змена кірунку ветру ці паветра вакол гор, халодныя або цёплыя франты — усё гэта можа ўплываць на ўстрэсванне самалёта.
Турбулентнасць, выкліканая зрухам ветру, то-бок раптоўнымі зменамі яго хуткасці і напрамку, завецца турбулентнасцю пры ясным небе. Яна адбываецца на вялікай вышыні ў бясхмарных раёнах. Самалёт можа раптоўна змяніць вышыню — і пілоты звычайна не могуць загадзя выявіць гэты моцны тып турбулентнасці.
Паводле даследавання, апублікаванага ў навуковым часопісе Nature у 2019 годзе, з 1979 года велічыня зруху ветру ў паветранай плыні павялічылася на 15%. На вялікіх вышынях, дзе лятаюць самалёты, змяненне клімату прыводзіць да змены тэмпературы — і гэта стварае большы зрух ветру, гаворыць прафесар Пол Дзі Уільямс, даследчык атмасферных навук у Рэдынгскім універсітэце ў Вялікабрытаніі.
Даследаванне прафесара прадказвае, што ўзровень турбулентнасці ў ясным небе ў сярэдзіне Паўночнага паўшар'я (а гэта акурат Еўропа і Паўночная Амерыка) мусіць больш чым падвоіцца цягам наступных трох-шасці дзесяцігоддзяў.
Але панікаваць не варта. Па-першае, авіяцыя робіць усё, каб абараніць пасажыраў і прыняць адпаведныя меры — так, некаторыя авіякампаніі даюць пілотам доступ да спецыяльных праграм, што фіксуюць турбулентнасць у рэжыме рэальнага часу і перадаюць звесткі іншым самалётам. Па-другое, моцная і нечаканая турбулентнасць, што прыводзіць да траўмаў, — па-ранейшаму дастаткова рэдкая з’ява.
Пры гэтым паклапаціцца пра сваю бяспеку ніколі не будзе залішнім.
Што трэба памятаць, калі вы ў самалёце?
- Прышпіліце рамяні бяспекі. Пілоты і сцюардэсы кажуць, што заставацца прышпіленым — гэта найлепшы спосаб абараніць сябе, калі ваш рэйс нечакана сутыкнецца з турбулентнасцю.
- Выконвайце меры засцярогі пры перавозцы дзяцей, якім менш за два гады. Рэкамендуецца выкарыстоўваць спецыяльнае дзіцячае крэсла. Авіякампаніі не патрабуюць, каб малыя дзеці мелі асобныя месцы. Аднак Сара Нэльсан, міжнародны прэзідэнт Асацыяцыі бортправаднікоў, заклікае, каб кожны пасажыр, нягледзячы на яго ўзрост, меў сваё месца.
- Схавайце сваю электроніку і іншыя партатыўныя прылады. Усё, што не прывязана, можа стаць снарадам.
- Памятайце, што рызыкі не такія вялікія. Турбулентнасць палохае, таму што бывае нечаканай і непрыемнай, аднак яна не ставіць ваша жыццё ў сур'ёзную небяспеку. Па словах пілотаў і фізікаў, самалёты сканструяваныя такім чынам, каб вытрымліваць нават моцную турбулентнасць. Так што зрабіце глыбокі ўдых і, якім бы банальным гэта не здавалася, падумайце, што ўсё будзе добра.
Чытайце яшчэ:
Самалёт трапіў у турбулентнасць такой сілы, што раскідала ежу, а пасажыраў стукнула аб фюзеляж
«Белавія» адкрывае чарговы рэйс у расійскі рэгіён
У мінскім аэрапорце паставяць кітайскую сістэму надгляду пасажыраў
Каментары