У навукоўца Ігара Бортніка за кратамі значна пагоршыўся стан здароўя
Паводле нашай інфармацыі, кандыдат філасофскіх навук з Полацка Ігар Бортнік, затрыманы 29 сакавіка падчас аблавы на супрацоўнікаў Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка, за кратамі ўтрымліваецца ў такіх умовах, якія значна пагоршылі яго і без таго кепскае здароўе.
У Ігара Бортніка некалькі месяцаў да арышту была доўгая і складаная рэабілітацыя пасля не вельмі ўдалай аперацыі па лячэнні міжпазваночнай грыжы. Цяпер яму баліць спіна, сядзець больш за паўгадзіны ён не можа, трэба ўставаць і рухацца.
Больш-менш прыстойны стан удавалася падтрымліваць з дапамогай моцных абязбольвальных, без якіх ён не можа паўнавартасна спаць. Між тым там у яго доступу да іх няма, а перадач для Бортніка не прымаюць ніякіх, нават гігіенічных.
Па нашых звестках, ён ужо двое сутак не можа заснуць. Акрамя таго, вядома, што за кратамі ў пачатку другога адміністрацыйнага тэрміну навуковец перанёс гіпертанічны крыз, бо мае праблемы і з ціскам.
Вядома таксама, што Ігара Бортніка, раней перавезенага ў Віцебск, цяпер зноў перавялі ў Наваполацкі ЦІП. Сёння яго мусілі адпусціць пасля заканчэння чарговага 13-сутачнага тэрміну (папярэдні быў 10-сутачны), але не адпусцілі. Цяпер ён чакае чарговага суда па артыкуле 19.11 КаАП (распаўсюд «экстрэмісцкай» інфармацыі).
Працягваюцца суды над супрацоўнікамі Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка
Сталі вядомыя прысуды некаторым полацкім музейшчыкам, а таксама спіс затрыманых
Частку затрыманых супрацоўнікаў Полацкага музея-запаведніка вызвалілі. Але канфіскавалі тэхніку і прызначылі суды
Прайшлі ператрусы і затрыманні сярод полацкіх музейшчыкаў
Каментары