Згодна з новым даследаваннем, мова, на якой мы размаўляем, значна ўплывае на наша пачуцце рытму і мелодыі.
Да такой высновы прыйшлі амерыканскія навукоўцы, якія параўналі здольнасці звыш паўмільёна чалавек з розных краін свету, якія размаўляюць на 54 мовах, адчуваць рытм і мелодыю. Вынікі свайго даследавання яны апублікавалі ў часопісе Current Biology.
Танальнай называецца мова, у якой кожны склад вымаўляецца з пэўным тонам. У залежнасці ад гэтага мяняецца і значэнне. Такія мовы шырока распаўсюджаны ў Паўднёва-Усходняй Азіі і Афрыцы. Самая вывучаная танальная мова, вядома, кітайская.
У танальных мовах навукоўцы выдзелілі падгрупу моў з музычным націскам (pitch-accent language). Да іх адносяцца, напрыклад, шведская, нарвежская, славенская, харвацкая, літоўская, японская і карэйская мовы.
Да нетанальных моў адносяцца такія мовы, як беларуская, украінская, руская, англійская, французская, арабская, хіндзі. У іх вышыня тону можа быць выкарыстана толькі для перадачы эмоцый ці пытання, і ніяк не мяняе значэння слова.
У даследаванні бралі ўдзел носьбіты 19 танальных моў, 29 — нетанальных і 6 — моў з музычным націскам.
Удзельнікам даследавання давалі тры музычныя заданні, якія правяралі іх здольнасць успрымаць мелодыі, што злёгку адрозніваліся адна ад другой (гэта тая ж мелодыя ці іншая?), асаблівасці рытму (ці бʼе барабан у такт песні?) і невялікія адрозненні ў вышыні тону (ці пападае вакаліст у ноты?).
У залежнасці ад таго, наколькі добра ўдзельнікі рашалі заданні, ім прапаноўваліся ўсё больш складаныя тэсты, у якіх адрозненні ў мелодыі былі больш тонкія, рытмы білі амаль у такт, а вакаліст спяваў практычна так, як трэба.
У цэлым даследчыкі выявілі, што тып роднай мовы звязаны з успрыманнем мелодыі і рытму, але не ўплывае на здольнасць людзей вызначыць, трапляе нехта ў ноты ці не.
Навукоўцы адзначылі, што носьбіты танальных моў у сярэднім лепш адрознівалі мелодыі, чым носьбіты нетанальных моў і моў з музычным акцэнтам. Гэты эфект быў вымяральны з эфектам, атрыманым пры занятках музыкай. Але пры гэтым гэтыя ўдзельнікі горш рашалі заданне, заснаванае на рытме.
Апошняе стала для даследчыкаў нечаканасцю. Аўтары лічаць, што гэта, магчыма, звязана з тым, што носьбіты танальнай мовы надаюць менш увагі рытму і больш — вышыні тону, таму што тон больш важны для камунікацыі.
Пытанне аб тым, ці могуць носьбіты танальнай мовы быць больш музычнымі, ужо вывучалася раней, але папярэднія даследаванні не маглі аддзяліць уздзеянне мовы ад уплыву культуры.
«Папярэднія даследаванні ў асноўным проста параўноўвалі носьбітаў адной мовы з іншымі, звычайна англійскай з мандарынскім або кантонскім варыянтам кітайскай мовы. Аднак носьбіты англійскай і кітайскай моў адрозніваюцца сваім культурным паходжаннем і, магчыма, тым, як часта і якую музыку яны слухалі і як навучаліся. Вельмі цяжка выключыць гэтыя культурныя фактары, калі вы проста параўноўваеце дзве групы», —
адзначае адна з аўтараў даследавання Цзінсюань Лю (Jingxuan Liu), псіхолаг з Універсітэта Дзюка (ЗША).
Аўтары новага даследавання выкарыстоўвалі значна шырэйшую выбарку і выявілі, што ўплыў роднай мовы на ўспрыманне музыкі захоўваецца незалежна ад культуры, адукацыі і сацыяльна-эканамічнага статусу.
Па словах Лю, вынікі пацвярджаюць тэзіс аб тым, што ярка выяўленае пачуцце мелодыі ў носьбітаў танальных моў звязана з іх агульным моўным досведам, а не з культурнымі адрозненнямі.
Па словах аўтараў даследавання, засталіся пытанні, якія патрабуюць дадатковых даследаванняў.
Напрыклад, навукоўцы змаглі прааналізаваць здольнасці тысяч носьбітаў шасці моў з музычным націскам да ўспрыняцця музыкі. Аднак вынікі атрымаліся незразумелымі і супярэчлівымі пры выкарыстанні розных метадаў аналізу. Носьбіты моў з музычным націскам таксама дэманстравалі вялікую варыятыўнасць унутры кожнай моўнай групы.
У выніку навукоўцы не змаглі знайсці сярод удзельнікаў даследавання якогасьці агульнага моцнага або слабага боку. Збольшага гэта звязана з тым, адзначаюць даследчыкі, што мовы з музычным націскам цяжэй класіфікаваць, чым танальныя мовы, бо яны па-рознаму выкарыстоўваюць вышыню гуку.
Чытайце яшчэ:
YouTube дазволіў стваральнікам відэа дадаваць дубляж на іншых мовах
Каментары