Чыж: Пакуль я сядзеў, сям’я скарысталася сітуацыяй і завалодала бізнэсам
«Ёсць праблемы па валоданні бізнэсам: сям'я скарысталася сітуацыяй, прыйшла да кіравання асноўнай часткі кампаній і сёння катэгарычна не бачыць майго ўдзелу ў справах, — падзяліўся з «Народнай Воляй» некаторымі падрабязнасцямі свайго жыцця Юрый Чыж.
Юрый Чыж. Фота: «Народная Воля»
— У вашым валоданні нешта засталося?
— Крамы «Прастор», шэраг сацыяльных праектаў — хакейны клуб «Собаль», лядовая арэна ў Бярозе і этнічны цэнтр «Собалі», які буду дабудоўваць і развіваць.
— Як вашыя дзеці развіваюць бізнэс?
— У маёй былой сям'і не стаіць задача развіваць бізнэс, усё ідзе да таго, каб распрадаць актывы… Так, некалькі кампаній рыхтуюць да банкруцтва, а фармацэўтычны бізнэс прадаюць. Акрамя таго, распрадаюць і іншыя актывы, у тым ліку і сацыяльнага прызначэння.
У парушэнне палажэнняў дэкрэта Лукашэнкі прызначылі дырэктарам СТАА «ТрайпФарм» менеджара, якога я звольніў з гэтай пасады па дыскрэдытуючых абставінах, з чым у свой час пагадзіўся і суд. Я напісаў скаргу ў Адміністрацыю Лукашэнкі, але больш за два месяцы нічога не адбываецца. Атрымліваецца, што дэкрэты можна парушаць? Хачу звярнуць увагу, што гаворка ідзе пра такую сферу бізнэсу, якая звязана з жыццём чалавека.
— Вы аформілі свой бізнэс на дзяцей тады, калі ўпершыню трапілі пад санкцыі Еўрасаюза?
— Так, аформіў, але фактычным уласнікам заўсёды заставаўся я.
Зараз разам з адвакатамі рыхтую шэраг пазоваў у суд, аднак праваахоўныя органы па маіх заявах зацягваюць праверкі, і ў мяне няма магчымасці знаёміцца з матэрыяламі праверак. Але я цярплівы, пачакаю…
— Вы са Святланай Барысаўнай афіцыйна развяліся?
— Так, з пятага разу. На мой погляд, прадстаўнікі жонкі зацягвалі працэс: то няяўкамі ў суд, то непрадстаўленнем дакументаў.
— Дзе цяпер жывяце?
— Як і раней — у Лагожаску.
— Вы сышлі з сям'і адразу пасля выхаду з СІЗА?
— Так. Зразумеў, што дома мяне зусім не чакалі. Таму вырашыў нікому не замінаць.
— Потым размаўлялі?
— Было пару спроб медыяцыі, але не атрымалася.
— Перамір'е магчыма? Кажуць жа: моцныя людзі могуць дараваць…
— Я не трымаю зла…
— Да вашага апошняга зняволення ў вас з жонкай былі нармальныя адносіны?
— Мы ўжо не жылі разам.
— Побач з вамі сёння ёсць іншая жанчына?
— Няма. Адзін. Месца вакантнае.
— Атрымліваецца, сёння вы вымушаныя фактычна ўсё чарговы раз пачынаць з нуля. Вас гэта не палохае?
— Я не збіраюся пачынаць з нуля. Я вярну ўсё, што мне належыць.
Як і абяцаў, зраблю ўсё магчымае, каб захаваць працоўныя месцы, захаваць і развіваць мае сацыяльныя праекты. Захаваць усе прадпрыемствы і асабліва — такое стратэгічна важнае для нашай краіны, як фармацэўтычны завод у горадзе Лагойску.
Каментары