Ці можа «Беллегпрам» замяніць Zara і H&M? Паглядзелі асартымент і цэны
На нарадзе 27 кастрычніка Лукашэнка заклікаў «Беллегпрам» заняць нішу фэшн-кампаній, што сышлі з Расіі і Беларусі. Ці магчыма гэта? Мы паглядзелі, што прапануюць пяць з вядомых кампаній канцэрна і колькі гэта каштуе.
«Калінка»
Салігорская фабрыка «Калінка» прапануе вялікі асартымент. З жаночага адзення тут — тунікі і шорты, сукенкі і сарафаны, джынсы, плашчы і іншае.
Напрыклад, зараз «Калінка» ў афіцыйным інстаграм-акаўнце прапануе ўцяпліцца на зіму з дапамогай вось такога касцюма за 309 рублёў:
Шукаеце варыянт у офіс? У «Калінцы» можна набыць цёплы сарафан за 119 рублёў:
Гэтае клятчастае паліто каштуе на сайце «Калінкі» 297 рублёў. Праўда, у інстаграм-акаўнце кампаніі адна з каментатарак піша, што састаў паліто — цалкам штучны, 100% акрылу:
У «Калінкі» таксама шырокая лінейка дзіцячага адзення. Звярнем увагу на адзенне дзелавога стылю, бо ў адпаведнасці з ім зараз павінны адзявацца беларускія школьнікі.
Цэны на адпаведнае адзенне для школьніц стартуюць ад 24 рублёў (спадніца) і даходзяць да 66 (сарафан). У выпадку з хлопцамі бацькам прыйдзецца падрыхтаваць ад 34 да 55 рублёў за джэмпер — адзіны тавар для хлапчукоў у дзелавым стылі.
У інтэрнэт-магазіне «Калінкі» таксама ёсць раздзелы «Аксесуары», «Для дома» і «Іншае», але ж зараз тавару ў іх няма. Цікава, што, мяркуючы па сайце, салігорская фабрыка прадае і такія рэчы, як санітарна-гігіенічныя камбінезоны, бахілы і іншыя тавары аналагічнага прызначэння.
«Світанак»
У крамы «Світанка» найчасцей прыходзяць па бялізну, піжамы ды сарочкі, але ж ёсць у іх і лінейкі трыкатажу на кожны дзень. Напрыклад, яшчэ некалькі тыдняў таму надвор'е дазваляла прымерыць такі трыкатажны касцюм ад «Світанка» (джэмпер — 60 рублёў, штаны — 76 рублёў):
Можна падабраць і больш танныя варыянты. Жаночы джэмпер на фота ніжэй каштуе ўсяго 32 рублі, дзявочая сукенка — 28 рублёў:
Адна з фішак «Світанка» — яркія цішоткі. Напрыклад, вось такая хлапечая цішотка каштуе ад 15 рублёў, шорты — ад 25 рублёў:
Што да халатаў, тут у «Світанка» таксама шмат варыянтаў. Можна падабраць нешта больш дарагое, напрыклад, гэтую мадэль за 123 рублі:
А можна выбраць і больш танны халат:
Цэны на мужчынскае адзенне пачынаюцца ад 15 рублёў у выпадку са штанамі і ад 17 рублёў у выпадку з джэмперамі. На фота ніжэй можна пабачыць, якія штаны і джэмпер вы атрымаеце за гэтыя грошы:
Калі ж хочацца нешта больш цёплае, прыйдзецца выкласці да 65 рублёў у выпадку з джэмперамі і да 69 — са штанамі:
За камплект жаночай піжамы ад «Світанка» трэба будзе аддаць ад 33 рублёў, цэны на сарочкі пачынаюцца ад 17 рублёў. Жаночыя майткі ад жодзінскай фабрыкі можна набыць не менш чым за 6 рублёў.
У выпадку з мужчынскай бялізнай цэны на майткі пачынаюцца ад 5 рублёў, самыя простыя фуфайкі можна набыць, напрыклад, за 12 рублёў.
Брэсцкі панчошны камбінат
Гэты брэнд не мае ўласнага інтэрнэт-магазіна, але яго прадукцыю можна набыць праз іншыя анлайн-пляцоўкі — напрыклад, на oz.by ці 21vek.by. Вось такія прыгожыя шкарпэткі можна набыць за 5 рублёў:
А гэты варыянт з кветкамі каштуе на oz.by усяго 3 рублі:
У афлайнавых магазінах брэнда можна таксама набыць простыя мадэлі бялізны: мужчынскія майткі, а таксама фуфайкі і цішоткі для абодвух палоў.
«Купалінка»
Яшчэ адна салігорская кампанія ў падборцы. У магазінах «Купалінкі» ёсць жаночае, мужчынскае і дзіцячае адзенне, а таксама бялізна ўсіх трох катэгорый.
Вось такі мінімалістычны джэмпер на восень ад «Купалінкі», напрыклад, можа абысціся ў 27 рублёў:
А такая мужчынская футболка, мяркуючы па каталогу інтэрнэт-магазіна, абыдзецца зараз амаль у 20 рублёў:
Цэны на жаночыя піжамы ў «Купалінцы» пачынаюцца ад 13 рублёў, на мужчынскія — ад 32. Акрамя піжам, брэнд прапануе жанчынам і начныя сарочкі. Вось, напрыклад, мадэлі па 33 рублі:
Калі казаць пра штодзённае адзенне, ёсць у «Купалінцы», напрыклад, жаночыя сукенкі, і цэны на іх розняцца ад 21 да 92 рублёў. Такая мадэль каштуе зараз на сайце кампаніі 60 рублёў:
Што да дзіцячага адзення, то ў «Купалінкі» маецца добры выбар піжам і трыкатажу, з якога можна падабраць школьныя камплекты. Гэты джэмпер, напрыклад, каштуе 28 рублёў:
Нарэшце, ёсць у «Купалінкі» і лінейка адзення для немаўлят, цэны пачынаюцца ад 5 рублёў. Вось некалькі мадэляў:
Аршанскі льнокамбінат («Беларускі Лён»)
У інтэрнэт-магазіне льнокамбіната з Оршы зараз прадстаўленая збольшага пасцельная і сталовая бялізна, але ёсць і некалькі аксесуараў накшталт шалікаў і хустак.
Што датычыцца сталовых тавараў, цэны на льняныя абрусы стартуюць ад 10 рублёў і даходзяць (у выпадку са сталовымі абрусамі) да 320 рублёў. Ільняны кухонны фартух можна набыць як мінімум за 15 рублёў, цэны на наборы сурвэтак розняцца ад 21 да 35 рублёў.
Самы танны камплект пасцельнай бялізны на сайце кампаніі можна набыць за 109 рублёў, самы дарагі — за 348. Таксама «Беларускі Лён» прадае пакрывалы (ад 53 рублёў), пледы (ад 47 рублёў) і парцьеры (ад 32 рублёў), а таксама прадметы пасцельнай бялізны паасобку.
Нарэшце, камбінат вырабляе і льняныя аксесуары. Шалікі ад «Беларускага Лёну» каштуюць ад 12 рублёў, хусткі — 20, паланціны — ад 17, а сумкі — ад 9.
Акрамя вышэйпералічанага, у каталогу «Беларускага Лёну» ёсць жаночае (блузы, штаны, паліто, спадніцы) і мужчынскае адзенне (штаны, пінжакі, кашулі і камізэлькі). Але ў інтэрнэт-магазіне канцэрна гэтыя тавары недаступныя.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары