Катаванні палітычных у ІЧУ: «Бывалыя зэкі шкадуюць і дзеляцца чым могуць»
Жанчына, якая адбыла тэрмін у адным з рэгіянальных ізалятараў, расказала «Нашай Ніве» пра нялюдскія ўмовы ўтрымання. «Хлопцаў прымушалі спяваць гімн на калідоры, аднаго білі на вачах усіх камер», — кажа яна.
«У камеры палітычным не даюць кіпеню. Усе кураць, палітычным нельга. Порцыі ежы напалову меншыя, некаторую ежу не давалі зусім, — расказала затрыманая. — Ноччу пабудкі некалькі разоў. Калі месячныя — даюць адну пракладку на суткі, хоць законам сродкі жаночай гігіены не абмяжоўваюцца. Калі ў камеры шмон, усе выходзяць проста на калідор, а палітычных выводзяць у кайданках.
На ложку днём ляжаць нельга, спаць днём нават седзячы нельга. Гэтыя ўсе ўмовы для палітычных. Таксама для нас голыя нары. У іншых — матрацы. Нам нельга нават кнігу чытаць.
Не дазволена перадаваць ежу палітычным, хоць закона такога няма.
Ну, а пра блашчыц, мышэй і адсутнасць душу ўжо і казаць няма чаго.
Хлопцаў прымушалі спяваць гімн на калідоры, аднаго білі на вачах усіх камер.
Звычайныя, бывалыя зэкі шкадуюць нас. Дзеляцца чым могуць, — адзначае жанчына.
— Я выйшла ніякая, нават цыкл збіўся на нервовай глебе», — расказвае яна.
Каментары