Старшы сяржант 47-й асобнай механізаванай брыгады Узброеных сіл Украіны «Магура» Валерый Маркус расказаў пра суткі штурму, а галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны папракнуў яго, што той зняў бронекамізэльку. На гэты факт звярнула ўвагу «Украінская праўда».
«У нас учора былі суткі штурмаў. Мы прасунуліся вельмі далёка, вельмі глыбока. Пешшу, таму вельмі стаміліся», — паведаміў Маркус у фэйсбуку.
Ён адзначыў, што здымае відэа з варожых акопаў, у якіх шмат трупаў захопнікаў.
Усю ноч ён з пабрацімамі правёў у «маленькай траншэйцы», каб не страціць пазіцыю і прасоўвацца далей. Абаронцы павінны былі спаць на трупах ворагаў.
«Мы зараз з баямі будзем прасоўвацца далей, углыб. Відавочна, што гэта будзе не хутка, бо абарона ў іх тут вельмі шчыльная, вельмі якасна выбудаваная».
Пад гэтым допісам з відэа пакінуў каментар галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны. Ён загадаў Маркусу надзець бронекамізэльку, бо той сядзеў у акопе без яе: «Валерый! Ану адзеўся бягом! Заробіш у мяне».
Каментар сабраў вялікую колькасць лайкаў.
Каментары