Жыхара Наваполацка пакаралі арыштам за расклейку антываенных улётак з выявай Пуціна. Раней яго вінавацілі ў іншым
Суддзя суда горада Наваполацка Зінаіда Балаболава 11 ліпеня за праведзены без дазволу ўладаў пікет пастанавіла арыштаваць на 15 сутак механіка ўстаноўкі ААТ «Нафтан» Ілью Двойрына. Аднак на судовае паседжанне мужчына не з'явіўся, а завочна віну прызнаў, хадайнічаючы аб разглядзе адміністрацыйнай справы ў яго адсутнасць, піша «Віцебская вясна».
У судзе быў агучаны змест пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні, складзены ў мясцовым аддзяленні ў міліцыі, у якім «правапарушальнік» распавёў пра тое, што ён увесну 2023 года вырабіў улёткі з выявай прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і тэкстам антываеннага характару, і 16 траўня расклеіў іх на прыпынку грамадскага транспарту ў Наваполацку.
Тым самым, на думку суддзі Балаболавай, Ілья Двойрын без адпаведнага дазволу Наваполацкага гарвыканкама правёў «несанкцыянаванае пікетаванне, выказваючы грамадска-палітычныя, асабістыя і іншыя інтарэсы, шляхам размяшчэння ўлёткі з выявай Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Пуціна У. У. і тэкстам на палітычную тэматыку».
Таму на падставе ч. 1 арт. 24.23 КаАП Балаболава прысудзіла Двойрына да адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе арышту тэрмінам на пятнаццаць сутак, а тэрмін адбыцця арышту трэба будзе вылічваць з даты яго фактычнага затрымання.
Раней паведамлялася, што 53-гадовага Ілью Двойрына затрымалі за нібыта абліццё фарбай машыны прарасійскага актывіста Сяргея Юдаева. Інцыдэнт з аблітым фарбай аўтамабілем на крымскіх нумарах адбыўся ў Наваполацку 1 ліпеня.
Тады паведамлялася, што акрамя самога Ільі Двойрына былі затрыманыя сын Двойрына Дзмітрый, нявестка і брат. 4 ліпеня ў іх дома правялі ператрусы, а сваякоў адвезлі ў РАУС. Пазней жонку і брата Ільі пасля праверкі тэлефонаў адпусцілі, а яго самога змясцілі ў віцебскі ІЧУ. На яго нібыта была заведзена крымінальная справа.
Дзе Ілья Двойрын знаходзіцца цяпер, не паведамляецца.
Каментары