Прызначаны новы галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе. Папярэднім месцам яго працы была зборная Руанды
48-гадовы іспанскі спецыяліст Карлас Алос Ферэр прызначаны галоўным трэнерам зборнай Беларусі, піша «Прессбол».
Папярэднім месцам яго працы была зборная Руанды, якая займае 138-е месца ў рэйтынгу ФІФА, Беларусь — 98-я.
Таксама ён на працягу трох гадоў працаваў у варшаўскай акадэміі «Барселоны», два гады кіраваў юнацкай (U-17) зборнай Казахстана.
Разам з «Кайратам» заваёўваў Кубак Казахстана. Таксама ўзначальваў клубы Кіпра, Катара, Марока, Польшчы, Ганконга.
Нагадаем, што ў чэрвені Георгій Кандрацьеў быў адпраўлены ў адстаўку. Ён у 2021 годзе ўзначаліў нацыянальную зборную другі раз, за два гады каманда здабыла толькі адну афіцыйную перамогу. Прычым гэта адбылося ў апошнім матчы пад кіраўніцтвам трэнера над зборнай Косава, перад гэтым Беларусь прайграла тры матчы ў адборы да Еўра-2024.
Зборную Беларусі ўжо трэніраваў замежнік. У 2007—2011 гадах коўчам нацыянальнай дружыны быў Бернд Штангэ. Гэтыя часы ўспамінаюцца з настальгіяй.
Каментары