Беспілотнікі нанеслі знішчальны ўдар па аэрадроме Пскова, дзе базаваліся расійскія транспартныя Іл-76
Атакі таксама адбыліся ў Пскоўскай, Бранскай, Арлоўскай і Калужскай абласцях, а таксама ў анексаваным Севастопалі.
Першапачаткова паведамлялі пра атаку беспілотніка ў Пскоўскай вобласці. Каля 0:30 губернатар Міхаіл Вядзернікаў паведаміў аб адбіцці атакі дронаў на аэрапорт у Пскове, ахвяр і пацярпелых не было.
Але пасля атакі ўзнік вялікі пажар, агонь лакалізавалі.
Паводле афіцыйных паведамленняў, пацярпела або выведзена з ладу прынамсі чатыры самалёты Іл-76. Магчыма, гэта прыменшаныя даныя. Рэйсы ў аэрапорце скасавалі да чацвярга для праверкі і аднаўлення ўзлётнай паласы. Атака стала адным з самых разбуральных удараў у тыле расійскіх вайскоўцаў з пачатку вайны.
Каля 1:45 Мінабароны РФ паведаміла аб знішчэнні трох украінскіх дронаў у Бранскай вобласці і аднаго — у Арлоўскай.
Пазней бранскі і арлоўскі губернатары напісалі, што пацярпелых у рэгіёнах няма. Паводле іншых паведамленняў, адзін са збітых над Бранскам БПЛА ўпаў на завод «Крэмній Эл», выклікаўшы невялікі пажар. «Крэмній Эл» — адзін з найбуйнейшых вытворцаў мікраэлектронікі ў Расіі. 94% прадукцыі прадпрыемства ў 2017 годзе было выпушчана на патрэбы Мінабароны РФ. Завод абслугоўвае канцэрны «Алмаз-Антэй», «Аэракасмічнае абсталяванне», «Сузор'е» і «Вега». Ён робіць дэталі для сістэм СПА «Панцыр» і ракетных комплексаў «Іскандэр», адзначаюць «Важныя гісторыі».
Кіраўнік Арлоўскай вобласці заявіў, што над рэгіёнам збілі два беспілотнікі.
Яшчэ адзін беспілотнік быў знішчаны ўначы над Калужскай вобласцю.
У 3:10 губернатар Севастопаля паведаміў аб адбіцці атакі беспілотнікаў з мора ў раёне Севастопальскай бухты.
Амаль адначасова Мінабароны РФ паведаміла, што ўкраінскі беспілотнік збілі і над Разанскай вобласцю.
Каментары