У вёсцы пад Гроднам знайшлі зялёнае кацяня. І гэта яго натуральны колер
Дырэктар гродзенскай кампаніі «ІнКамСэрвіс» Сяргей нядаўна стаў гаспадаром незвычайнага кацяняці. Яно мае зялёную поўсць, і ветэрынары пацвердзілі, што гэта яго натуральны колер, паведамляе Newgrodno.by.
«У чым прычына такой афарбоўкі, не растлумачылі. Са слоў ветэрынараў, кот цалкам здаровы і ніякіх адхіленняў няма», — расказвае Сяргей.
Маці экзатычнага кацяняці — простая дваровая котка рудога колеру, якая жыве ў вёсцы пад Гроднам. А кацяняты ў яе атрымаліся розныя: адзін белы, другі чорны, а трэці… зялёны.
У сям'і Сяргея ўжо шмат гадоў жыве сабака — вельш-коргі Тэдзі, і мужчына ўпэўнены, што жывёлы пасябруюць.
Акрамя незвычайнага колеру, зялёнае кацяня нічым больш не адрозніваецца ад іншых. Любіць паесці (апетыт у малога вельмі добры), любіць гуляць і абследаваць усе закуткі пакоя.
«А яшчэ ён вельмі ласкавы і пяшчотны. Любіць, калі яго гладзяць, у адказ пачынае вельмі гучна вуркатаць. Я часам здзіўляюся, як такі малы можа выдаваць такія гукі», — дзеліцца эмоцыямі Сяргей.
Адно што толькі пакуль малому не далі імя. «Мы лічым, што ў такога ўнікальнага ката павінна быць яркае імя. Самі пакуль яго не прыдумалі. Спадзяемся, нам дапамогуць у гэтым», — кажа Сяргей.
Каментары