Кіроўцу Tesla, па віне якога пад Слуцкам на хуткасці 160 км/г загінуў пасажыр, вынеслі прысуд
11 чэрвеня каршэрынгавы аўтамабіль Tesla Model 3 вылецеў з дарогі і перакуліўся. Загінуў пасажыр, яшчэ адзін атрымаў цяжкія траўмы. На гэтым тыдні суд вынес рашэнне па гэтай справе.
У машыне ехалі пяць чалавек, чатыры хлопцы і дзяўчына. 30-гадовы пасажыр памёр, 32-гадовы пасажыр атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні. Трагедыя здарылася паблізу вёскі Новы Двор, піша Slutsk-gorod.by.
Крымінальная справа была разгледжана судом Слуцкага раёна 25 верасня.
Высветлілася, што 30-гадовы кіроўца быў п'яны. На закругленні дарогі пры хуткасці каля 160 км/г ён не даў рады кіраванню і вылецеў у кювет. Прычым ані кіроўца, ані пасажыры не былі прышпіленыя рамянямі бяспекі.
Мужчыну асудзілі адразу па некалькіх артыкулах КК і шляхам частковага складання пакаранняў далі пяць гадоў і два месяцы калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама яго пазбавілі права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, тэрмінам на 8 гадоў.
Разам з тым у якасці змякчальных абставінаў суд улічыў чыстасардэчнае раскаянне абвінавачанага і наяўнасць у яго на ўтрыманні малалетняга дзіцяці. У сваю чаргу ўскладніла віну тое, што ён ужо прыцягваўся да адказнасці за язду без права кіравання.
У якасці грамадзянскага адказчыка ў судзе праходзіў яшчэ адзін чалавек — арандатар аўтамабіля Tesla, які перадаў кіраванне падсуднаму па крымінальнай справе.
З яго суд спагнаў агулам 100 000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды (з іх па 40 000 рублёў кожнаму з бацькоў і 20 000 рублёў — брату загінулага).
Чытайце таксама:
Зʼявілася відэа ДТЗ у Баранавічах, у якім загінулі кіроўца і пасажыр матацыкла
У Гомелі аўтамабіль міліцыі трапіў у ДТЗ і перакуліўся
Вынесены прысуд кіроўцу МАЗа, абвінавачанага ў гібелі 13 чалавек у ДТЗ пад Смалявічамі
Каментары