Блогер Максім Шабуцкі сышоў з Палка Каліноўскага: «Вярнуся або ў іншае падраздзяленне, або пасля рэформы»
Пра сыход з Палка Каліноўскага Максім Шабуцкі паведаміў у відэа на сваім ютуб-канале і назваў прычыны такога рашэння.
Максім Шабуцкі — блогер і былы міліцыянт, пачаў весці свой канал увесну 2020 года. Ён расказваў, што жыў у падполлі да красавіка 2022-га, а пасля здолеў эвакуявацца з Беларусі ў Польшчу. Напрыканцы 2022-га Шабуцкі далучыўся да Палка Каліноўскага і ўзяў сабе пазыўны «Хокінг».
У відэа Шабуцкі распавядае, што ўжо напісаў рапарт на звальненне і чакае яго юрыдычнага афармлення. Цяпер ён, мяркуючы па ўсім, плануе паехаць у ЕС на лячэнне і для таго, каб зрабіць новыя дакументы.
Па ягоных словах, калі вайна працягнецца, то ён хацеў бы вярнуцца ва Украіну. Але, па словах Шабуцкага, для гэтага мусіць быць выкананая адна з дзвюх умоваў: або створыцца новае вялікае падраздзяленне, якое будзе мець «найперш беларускі парадак дня», або ў Палку Каліноўскага адбудуцца рэформы.
Блогер кажа, што сышоў з баявых пазіцыяў пасля трагедыі, якая адбылася з батальёнам «Ліцвін» у Чарнігаўскай вобласці і некалькі байцоў загінула. Пасля гэтага ён працаваў у штабе Палка.
Па ягоных словах, калі б не было штаба ПКК і людзей у ім, то структуры ПКК магло б увогуле не быць, бо ані ў каго, акрамя іх, не атрымалася стварыць вялікае беларускае падраздзяленне. Але паколькі беларускія структуры бяруць на сябе вялікую місію па вызваленні Беларусі ў будучыні, то і патрабаванні да іх вялікія, таму ён лічыць патрэбным запісаць крытычнае відэа.
Шабуцкі называе тры прычыны, па якіх ён сышоў з ПКК.
Першая — праблемы з лідарствам, як іх бачыць блогер. Па ягоным меркаванні, у ПКК няма лідараў, за якімі гатовыя пайсці людзі, няма і выбараў такіх лідараў. Гэта не дазваляе Палку расці.
Другая — нязгода з кадравай палітыкай палка. Шабуцкі распавядае пра нядаўняе звальненне кіраўніка прэс-службы ПКК (у медыя пра гэта не пісалі). «Ён чалавек быў добры і добра разбіраўся ў медыйцы. Я нязгодзен і з прычынай звальнення. Калі ты кіраўнік, то нават калі ёсць асабісты канфлікт, трэба сціснуць зубы і шукаць кампраміс, а не звальняць людзей», — кажа ён.
Трэцяя — нязгода з палітыкай штаба. Памылкай ён лічыць, да прыкладу, тое, што штаб ПКК не наладзіў працу з большасцю апазіцыйных сілаў. Па меркаванні Шабуцкага, Беларусь ніколі не вызваліць, калі беларусы не аб'яднаюцца.
Таксама ён нязгодны з тым, што штаб ПКК адмовіўся браць грошы ад фондаў і праводзіць марафон салідарнасці з беларускімі ваярамі. Пры гэтым, у ваяроў на перадавой не запыталіся, хоць ім шмат чаго не стае падчас баёў і байцы самі купляюць гэта з уласных грошай.
Максім Шабуцкі прапануе тры рэформы для Палка. Першы крок — гэта правядзенне выбараў камандзіра ПКК, які будзе ягоным тварам. Па меркаванні блогера, каб нікога не абразіць, другі кандыдат мусіць стаць намеснікам камандзіра.
Другая рэформа — гэта стаць больш адкрытымі і найперш даць разгорнутую фінансавую справаздачу па ўсіх ахвяраваннях ПКК і тым, як яны выдаткаваліся. Ён лічыць, што гэта вярнула б давер да кіраўніцтва ПКК.
Трэцяя рэформа — гэта аб'яднанне з кабінетам Ціханоўскай. Па меркаванні блогера, Ціханоўская на сёння лідар з найбольшай палітычнай суб'ектнасцю з усіх, што былі ў дэмакратычна настроеных беларусаў за ўвесь час існавання дэмакратычнага руху.
Такім чынам, моцны брэнд ПКК і моцная суб'ектнасць Ціханоўскай маглі б даць сінергію, якая пайшла б на карысць беларускаму руху ў свеце.
У прэс-службе Палка Каліноўскага «Нашай Ніве» расказалі, што яны ўжо рыхтуюць відэа з адказамі на вострыя пытанні да кіраўніцтва. Яно з'явіцца на афіцыйных старонках Палка.
Каментары