«У пытанні «беларусы не роўна расіяне» кропка ў Літве не пастаўлена». Лябедзька расказаў, пра што гаварылі на пасяджэнні парламенцкага камітэта
14 снежня на пасяджэнні Камітэта па міжнародных пытаннях літоўскага Сейма разглядалі беларускія справы. У цэнтры ўвагі былі змены ў заканадаўства аб нацыянальных санкцыях, якія б ураўноўвалі беларусаў і расіян у абмежаваннях. Пасяджэнне праходзіла ў закрытым для прэсы фармаце, але яго вынікі для радыё «Ўнэт» пракаментаваў дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька.
— Мы задаволеныя сустрэчай. Гэта былі слуханні ў Камітэце па міжнародных пытаннях, з удзелам чальцоў групы «За дэмакратычную Беларусь» Сейма Літвы.
Зараз вельмі напружаны час для парламентарыяў, перад вакацыямі ў іх вельмі шчыльны парадак дня, але, калі мы выйшлі з прапановай такіх слуханняў, то для нас знайшлі «акенца», і гэта быў час іх перапынку на абед — то-бок дэпутаты не пайшлі на абед, а пайшлі размаўляць пра Беларусь.
Сустрэча праходзіла ў фармаце Chatham house, таму я не магу цытаваць удзельнікаў. Магу толькі сказаць, што з беларускага боку спікеркай была Святлана Ціханоўская, якая дакладна выказалася: нельга паміж беларусамі і расіянамі сёння ставіць знак роўнасці.
— Ці правільна я разумею, што асноўным пытаннем гэтай сустрэчы было ўраўноўванне беларусаў і расіян у санкцыйных абмежаваннях?
— Гэта адзінае пытанне. Мы адразу сказалі, што мы не ідзем даваць нейкія «пушыстыя» запэўненні літоўскаму боку, і не хочам толькі добрых слоў ад іх. Мы павінны размаўляць вельмі шчыра па вельмі канкрэтным пытанні.
Гэтае пытанне не вельмі простае, але добрым знакам было, што літоўскія дэпутаты пагадзіліся і ахвяравалі сваім вольным часам. Былі амаль усе чальцы камітэта. І цікавасць была высокай. Мы дамовіліся пра наступныя крокі, але я пакуль не хацеў бы іх называць.
— А тэму «ліцвінізму» уздымалі?
— Было і гэта пытанне. Мы зрабілі прапанову, каб працягнуць гэтую размову. Мы хутка анансуем, што мы дамовіліся разам зрабіць.
— Тэма ўраўноўвання беларусаў і расіян у санкцыйных абмежаваннях ужо абмяркоўвалася ў Сейме. І некалькі месяцаў таму, здаецца, у ёй была пастаўлена кропка, калі дэпутаты адхілілі вета прэзідэнта Наўседы па адпаведных зменах у заканадаўства. Чаму зараз гэтая тэма зноў з’явілася?
— Якраз кропка і не была пастаўлена. Кропка была пастаўлена ў канкрэтных прапановах, якія былі сфармуляваныя і ўнесеныя ў Сейм прэзідэнтам. Але па пытанні «беларусы не роўна расіяне» кропкі пастаўлена не было, і мы пра гэта якраз гаварылі.
І зноў пройдзе нейкі час — і зноў гэтыя дыскусіі ўзнікнуць у інфармацыйнай прасторы. Калі б сёння было галасаванне ў Камітэце па міжнародных пытаннях, то прапановы, якія зараз знаходзяцца ў Сейме, яны б не прайшлі. Калі б было пасяджэнне пленарнае, гэтыя б прапановы не прайшлі.
Чаго чакаць? Розныя сцэнары. Можа быць і такі, што папраўкі так і застануцца на ўзроўні прапаноў і не пойдуць далей па працэдурах.
— А які агульны настрой быў на гэтым пасяджэнні? Ці была нейкая варожасць, нейкія прэтэнзіі да беларусаў?
— Прэтэнзій увогуле не было. Было шмат пытанняў, якія тычыліся розных аспектаў, але дакладна гэта не былі папрокі. Настрой быў працоўны, пазітыўны.
Каментары