«Ты часам не дурань?» Мінчук другі год ходзіць зімой па вуліцы ў майцы і шортах
Беларуская зіма на ўсю моц руліць, а 56-гадовы Аляксандр з Мінска не здаецца — ён разгульвае па сталіцы ў кедах, шортах і футболцы, і так круглы год, другую зіму запар. Карэспандэнтка «Мінск-Навін» заўважыла Аляксандра ля метро і вырашыла даведацца, як гэта — хадзіць па зімовых вулачках амаль без вопраткі.
На вуліцы зіма, вецер рэжа твар. Глядзіш на Сашу, і пад курткай крадуцца дрыжыкі, а яму хоць бы што. Стаіць, расправіўшы плечы, і ўсміхаецца.
— Яшчэ два гады таму я хадзіў як усе, — кажа суразмоўца. — Усё пачалося 1 верасня 2022 года. Надворʼе ў той дзень было не вельмі. Усе, маўляў, холадна, а я па звычцы ў майцы і шортах на вуліцу выйшаў. Было халаднавата, але не настолькі, як падалося людзям. Так, халаднавата, але прыемна. Вось так я прахадзіў увесь верасень.
Тэмпература падала, але адзення на Сашы не дадалося. Кажа, «у адным слоі шмотак» ён ходзіць другую зіму. Запэўніў, што ні разу не захварэў.
— Ішоў кастрычнік, людзі пераапрануліся, а я так і хаджу. Часткова гэта рызыка, часткова — упартасць, — дадае Саша. — Неўзаметку падкраўся лістапад. На ўсякі выпадак я насіў у заплечніку другі слой шмотак. У мяне пыталіся, маўляў, ты часам не дурань? Не! У пацверджанне таму, што я не ідыёт, насіў з сабой адзенне.
Снежань. Выпаў снег. Я ўсё гэтак жа — у адзін слой, і ўсё тыя ж адчуванні — халаднавата, але прыемна.
І тут мама ўмяшалася. Сказала без штаноў да яе не прыходзіць. У выніку надзеў джынсы, але працягваў хадзіць у майцы. Цікава, што ранняй вясной у мяне былі тыя ж адчуванні, што і ў снежні. Нічога ў арганізме не мянялася.
Адчуваў я сябе бадзёра. У працэсе я зразумеў, што ад мяне трэба адно — не баяцца і выйсці на вуліцу, як хочацца. Наконт адчуванняў, ці адчуваю я холад? Вядома, адчуваю! Але па факце любы мой рух ідзе з пункта ў пункт: вуліца — памяшканне, з холаду ў цеплыню. Па дарозе завісаю на воркаўт-пляцоўцы, скажам так, падагрэюся, і ў дарогу.
Аляксандр — карэнны беларус, родам з Брэсцкай вобласці, пажыў на поўначы. Ён мэбельшчык, а ў мінулым — каратыст. Саша выпускнік БДУФК. Папрацаваў трэнерам, але з педкарʼерай не зраслося.
Акрамя супраціву арганізма Саша заўважыў яшчэ некаторыя змены — стала іншай хада.
— Калі на холадзе паслабіць мышцы, прыходзіць нейкае адчуванне свабоды. І, калі я ў працэсе адаптаваў арганізм да гэтай свабоды, стала мяняцца хада. Яна не грузная, наадварот, летняя. Без прытворства, што мне не холадна, хада натуральным шляхам выраўнялася ў лёгкую нават пры мінусе на вуліцы. Калі б ува мне быў страх, не было б гэтага паслаблення. Верагодна, уключыліся б іншыя механізмы арганізма, магчыма, нядобрыя. Ну, і ў цэлым было б дзіўна, калі б я ішоў скурчаны. Навошта тады ісці ў майцы? — задае рытарычнае пытанне Саша.
Мінчук дадае, што за два гады нядрэнна зэканоміў на вопратцы і што рэакцыя на ягоную «марозаўстойлівасць» на сталічных вуліцах розная.
— У мінулым годзе я адчуваў погляды ўсеагульнага асуджэння. Гэта вельмі адчувалася.
Свет жорстка не прымаў такое. Мусіць, месяцы два восені, куды б я ні зайшоў, адчуваў па поглядах — «мужык, а ты ідыёт!» Аднойчы іду, машына спынілася. Вылез у акно дзядзька нейкі і крычыць, маўляў, давай падвязу. Вырашыў, што жонка з дому выгнала. А потым нехта куртку на вуліцы зняў, каб я пагрэўся.
Сустракаў людзей ва ўзросце і, дарэчы кажучы, станавіўся нейкім натхняльнікам на ўспаміны. Яны па-добраму расказвалі, якімі моцнымі былі ў маладосці, хтосьці ў спорце меў поспех, хтосьці маржаваў, хтосьці ў ёгу падаўся і таксама ў свой час хадзіў зімой распрануты, таму што мог разагрэць цела па сваіх методыках. У мяне не было ні падрыхтоўкі, ні рашэння. Так склалася само сабой, — распавядае Саша і дадае, што рэакцыя на чалавека ў майцы і кедах у снежні мяняецца.
— Звычайна прымітыўна пытаюцца, маўляў, а не холадна? Толькі пару чалавек, я лічу, з парадаксальным мысленнем, за мінулую зіму спыталі ў зваротным парадку: «А вам цёпла?», прычым іх рэакцыя на маё зʼяўленне ў майцы была радасцю, тады як у большасці ў вачах — страх і холад, — кажа ён.
Саша кажа, што праз год стаў лавіць больш радасных поглядаў.
— Думаю, што мая хада мяняе рэакцыю людзей. Калі чалавеку камфортна, няхай сабе ідзе! — кажа суразмоўца.
Каментары