А Ігар Марзалюк атрымаў членскі білет.
Старшыня праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч расказаў свежыя навіны сваёй арганізацыі і пахваліў выбітных членаў арганізацыі — прапагандыстаў Андрэя Мукавозчыка і Людмілу Гладкую, а таксама дэпутата Ігара Марзалюка.
«І ўсё ж пра публіцыстыку. За апошнія некалькі гадоў у СПБ увайшоў шэраг калег, якія працуюць у грамадска-палітычным друку, у газетах «СБ. Беларусь сегодня», «Звязда». У гэтым — адзнака часу.
Мы папрасілі ўзначаліць секцыю публіцыстыкі СПБ вядомага ўсім аўтара Андрэя Мукавозчыка. За тры мінулыя гады ён выдаў ладны стос кніг. Спадзяёмся на новыя праекты, якія — аператыўны водгук на тое, што адбываецца вакол, аналіз пазіцыі і творчай інтэлігенцыі.
Зборнік нарысаў для аднаго з дзяржаўных выдавецтваў уклала Людміла Гладкая — смелая журналістка, смелая жанчына, якая пабывала і ў гарачых кропках, як кажуць, на лініі агню. І, магчыма, дадасць новае разуменне таму, што адбываецца ў свеце, шмат каму, хто заглыбіўся ў паэтычны разгляд адно толькі прыродных з’яў.
Шмат у галіне гістарычнай публіцыстыкі робяць сацыёлаг, палітычны эксперт Сяргей Мусіенка, доктар гістарычных навук, вядомы палітык, нераўнадушны да беларускай гісторыі чалавек Ігар Марзалюк. Мы ўдзячны Ігару Аляксандравічу, што нядаўна ён стаў сябрам нашай пісьменніцкай арганізацыі.
Членскі білет мы яму ўручылі на міжнародным сімпозіуме літаратараў «Пісьменнік і час», які праводзіцца Міністэрствам інфармацыі пры падтрымцы Саюза пісьменнікаў Беларусі не першы год. Сёлета ён праходзіў у Беларускім дзяржаўным універсітэце.
Каментары